Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Высокія падаткі на замежныя фінансавыя ахвяраваньні не дазваляюць грамадзкім арганізацыям аказваць дапамогу сіротам


Казімір Яноўскі, Гомель Сёлета каля двухсот сіротаў з гомельскіх дамоў-інтэрнатаў атрымалі атэстаты сярэдняй адукацыі. Аднак, як і ў папярэднія гады, ніхто зь іх ня здолеў паступіць у вышэйшыя навучальныя ўстановы. У чым прычына?

Адмыслоўцы мяркуюць, што сіроцтва адбіваецца ня лепшым чынам і на ўзроўні падрыхтоўкі. Паводле зьвестак Гомельскага рэгіянальнага аддзяленьня “Беларускай асацыяцыі жанчынаў-юрыстаў”, 90 адсоткаў выпускнікоў-сіротаў здольныя паступіць толькі ў прафэсіянальныя вучэльні, адзінкі – у тэхнікумы. Маўляў – усё, гэта іхняя мяжа. У вышэйшыя навучальныя ўстановы ні сёлета, ні летась ніхто не паступіў.

Існуе мэтавая прэзыдэнцкая праграма наконт дзяцей-сірот Беларусі. Але чаму яна не ўлічвае такую жыцьцёва важную акалічнасьць, як атрыманьне сіротамі вышэйшай адукацыі, сказаць цяжка.

На гэтую праблему зьвярнула ўвагу недзяржаўная Беларуская асацыяцыі жанчынаў-юрыстаў. І ня толькі зьвярнула: у прыватнасьці, гомельскае аддзяленьне асацыяцыі здолела атрымаць ад Усясьветнага банку грант у памеры 6 тысячаў даляраў на арганізацыю падрыхтоўкі выпускнікоў-сіротаў з тым, каб яны змаглі паступіць вучыцца ў вышэйшыя навучальныя установы.

Распрацаваныя былі нават праграмы дзеля такога навучаньня. Аднак дэпартамэнт у справах гуманітарнай дапамогі не пайшоў насустрач, не пагадзіўся вызваліць асацыяцыю ад непамерна высокіх падаткаў. Паводле беларускага заканадаўства, з гранту 6 тысячаў даляраў палову сумы трэба аддаць на падаткі. Яшчэ блізу 2 тысячаў даляраў – падаткаў на прыбытак – павінна сплаціць сама асацыяцыя.

Вось што сказала з гэтай нагоды кіраўнік Гомельскага аддзяленьня асацыяцыі жанчынаў-юрыстаў, кандыдат юрыдычных навук Ірына Кучвальская:

(Кучвальская: ) “Шэсьць тысячаў даляраў знайшла грамадзкая арганізацыя не зь бюджэту. Дзяржава па сутнасьці не дазваляе іх скарыстаць. І атрымліваецца, што яны цяпер павінны прапасьці. Ні аднаму дзіцяці яны не дапамогуць. Я са сваім аддзяленьнем заплаціць падаткі не магу. Сусьветны банк – яны ж не ідыёты, каб столькі грошай сплачваць на падаткі. Значыць, гэтыя грошы прападуць”.

Справа, канешне, ня ў гранце. Справа ў тым, што добрая адукацыя, на думку Ірыны Кучвальскай, дапамагла б разарваць заганнае кола, у якое трапляюць пасьля школы дзеці-сіроты:

(Кучвальская:) “Мы ведаем на падставе статыкі: палавіна зь іх пойдзе ў крымінал, гэта значыць, учыняць злачынствы. Дзяўчаты – у прастытуцыю. Пасьля турмаў яны будуць пладзіць дзяцей, якія зноў-такі патрапяць у дзіцячыя дамы. Разарваць гэтае кола можна толькі тады, калі даць сіротам добрую адукацыю”.
XS
SM
MD
LG