Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дробныя магілёўскія прадпрымальнікі церпяць у выніку рэканструкцыі рынку


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў У Магілёве распачалася рэканструкцыя рэчавых рынкаў. Паводле ідэі ўладаў, замест намётаў прыватных прадпрымальнікаў павінны зьявіцца сучасныя гандлёвыя цэнтры. Аднак гэтыя крокі да цывілізаванага гандлю не абыходзяцца, так бы мовіць, без ахвяраў. І якраз гэтымі днямі ў Магілёве разварочваецца скандал вакол прадпрымальнікаў Быхаўскага рынку.

Усе людзі хочуць набываць якасныя і адначасова танныя тавары. Таму наконт рэканструкцыі ёсьць некалькі меркаваньняў. Адныя магілёўцы ўпэўнены, што ў сучасных цэнтрах альбо на рынках, дзе ёсьць невялікія крамы і так званыя “ралеты”, будзе прадавацца больш якасны тавар, і яго будзе больш зручна выбіраць, чым у намётах.

Іншыя мяркуюць, што якасьць тавараў застанецца ранейшая, а вось кошты на іх падвысяцца, бо прыватныя прадпрымальнікі перанясуць на іх свае выдаткі на арэнду гэтых сучасных гандлёвых памяшканьняў. Такая пэрспэктыва не задавальняе пакупнікоў, а таму яны – у сваёй бальшыні – на баку прадпрымальнікаў у тых скандалах, што зьвязаныя з рэканструкцыяй рынкаў.

Прадпрымальнікі змагаюцца за свае працоўныя месцы – за права зарабляць грошы. Іх выціскаюць з рынкаў. І выціскаюць менавіта незаможных, у якіх няма грошай на арэнду ці набыцьцё сучасных “ралетаў”. У ліпені прадпрымальнікі з Задняпроўскага рынку, дзе зараз разгорнутая будоўля новага гандлёвага цэнтру, толькі мітынгамі на цэнтральнай плошчы Магілёва дамагліся ад уладаў прадстаўленьня новых гандлёвых месцаў.

Цяпер за гэта ж змагаюцца прадпрымальнікі з Быхаўскага рынку. У сувязі з рэканструкцыяй іх пазбаўляюць пастаянных месцаў, дзе яны стаялі гадамі. Каб заняць хоць некалькі свабодных мэтраў для гандлю, яны прыяжджаюць на рынак а 6-7 гадзіне раніцы, задоўга да прыходу першых пакупнікоў. Яны скардзяцца, што заплацілі і падаткі, і грошы за месцы, аднак гэта ўлады не хвалюе.

Ад рэканструкцыі на Быхаўскім рынку церпяць каля 200 прадпрымальнікаў. Зараз яны зьвяртаюцца ва ўсе інстанцыі з просьбай не пазбаўляць іх заробку, свайго кавалка хлеба, аднак пакуль канкрэтных адказаў няма. Тым ня менш гандляры спадзяюцца, што чыноўнікі, якія атрымліваюць заробкі з грошай падаткаплатнікаў, усё ж такі прадставяць ім месцы для гандлю.

(Спадарыня: ) “Яны ўжо прызвычаіліся, што калі мітынгам мы прыйдзем, тады яны будуць вырашаць. Нашы падаткі пажыраюць 200 тысячаў на месяц. Вось жанчына павінна цягаць кайстры, плаціць дзяржаве 200 тысяч, а што яны для мяне зрабілі?”

(Спадар: ) “Штогод падвышаюцца падаткі, а мы ўсё трываем і трываем”.

(Спадарыня: ) “Мы не абароненыя. У нас няма правоў, у нас толькі адныя абавязкі”.

(Іншая спадарыня: ) “Таму што па-наплявацельску ставяцца. Такая ўлада ў нас”.
XS
SM
MD
LG