Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы спосаб інспэктаваньня сталіцы: высока сяджу, далёка гляджу


Падрыхтавала Юлія Шарова, Менск Агляд сьвежых нумароў беларускіх газэт

Сёньняшняя БДГ піша пра новы спосаб інспэктаваньня Менску, які вынайшаў сталічны мэр Міхаіл Паўлаў. На мінулым тыдні спадар Паўлаў аглядаў даручаную яму тэрыторыю на гелікаптэры – такім чынам ён хацеў выявіць розныя дэфэкты й хібы. У гэтую вандроўку мэр прыхапіў з сабой і кіраўнікоў раённых адміністрацыяў, і падобна на тое, што ім такая ідэя не спадабалася, бо з вышыні, як вядома, бачна ўсё. Якім Міхаіл Паўлаў убачыў Менск – пра гэта можна прачытаць у сьвежым нумары БДГ.

Апрача таго, у БДГ ёсьць матэрыял “Аўтографы й калекцыянэры”, у якім расказваецца пра тое, як трэба аддаваць подпісы за кандыдата ў дэпутаты. Як вядома, цяпер ініцыятыўныя групы кандыдатаў актыўна зьбіраюць аўтографы грамадзянаў, але апошнія павінны ведаць правілы збору подпісаў. Напрыклад, тое, што кожны чалец ініцыятыўнай групы абавязкова мусіць мець пры сабе тры дакумэнты: пашпарт, пасьведчаньне чальца ініцыятыўнай групы (абавязкова падпісанае ў райвыканкаме ці ў раённай адміністрацыі), а таксама адпаведныя блянкі, што выдаюцца ў акруговым выбаркаме. Карацей кажучы, калі да вас у дзьверы пазванілі й назваліся чальцамі ініцыятыўнай групы, то абавязкова праверце ў прыхадняў дакумэнты – раптам подпісы з райвыканкама фальшывыя.

Апошні нумар салігорскай газэты “Інфа-кур’ер” піша на спрадвечную тэму – мясцовыя жыльлёва-камунальныя службы не спраўляюцца са сваімі абавязкамі. У дадзеным выпадку гаворка ідзе пра прэтэнзіі да гэтых службаў з боку жыхароў старых пяціпавярховак. Старыя дамы – гэта тыя, што стаяць больш за трыццаць год, і такія складаюць амаль палову ад усіх салігорскіх шматпавярховак. Зразумела, што праблемаў там хапае: дахі цякуць, трубы лопаюцца. Вось жыхары такіх дамоў і паспрабавалі зноў дамагчыся ад камунальнікаў нечага станоўчага. Матэрыял называецца “Абяцалі выправіць”.

“Віцебскі кур’ер” сёньня зноў піша пра надзвычайнае здарэньне: васьмігадовы ратвэйлер пагрыз уласную гаспадыню. Разьюшаную жывёлу давялося ўсыпіць. На шчасьце, сабака ня быў шалёным, таму жыцьцю гаспадыні ды ейнага сына нічога не пагражае. Але ж сабакі са зьмененай псыхікай робяцца небясьпечнымі для людзей, гаворыцца ў артыкуле. І гэты выпадак толькі пацьвярджае, што такіх сабакаў трэба правільна выхоўваць.

А вось у Наваградку нядаўна можна было ўбачыць… пяцімэтровую Гражыну, легендарную жонку навагрудзкага князя й славутую Міцкевічаву гераіню. Скульптуру зь пяску вылепілі ўдзельнікі нядаўняга фэсту сярэднявечнай культуры, што ладзіўся ў гэтым мястэчку. Для таго, каб вылепіць фігуру параненай у баі гераіні, давялося скарыстаць цэлы грузавік пяску й вельмі шмат вады. Як яшчэ ўдзельнікі фэсту бавілі час, можна прачытаць у “Віцебскім кур’еры”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG