Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

24 жніўня – Дзень незалежнасьці Ўкраіны


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 24 жніўня

24 жніўня – галоўнае дзяржаўнае сьвята ва Ўкраіне – Дзень незалежнасьці. Звычайна ў часе гэтага сьвята ў Кіеве адбываецца вайсковы парад і тэатралізаваная дзея, што адлюстроўвае 1000-гадовую ўкраінскую гісторыю. Такім чынам украінцы адзначаюць дзень 24 жніўня 1991 году, калі парлямэнт краіны большасьцю галасоў супраць аднаго падтрымаў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце Ўкраіны. Аналягічнае сьвята ў Беларусі было адмененае Аляксандрам Лукашэнкам.

У ноч на 24 жніўня 1572 году ў Парыжы адбылася Барталамееўская ноч – масавая разьня католікамі гугенотаў. У гэтую ноч забівалі ня толькі гугенотаў, але й тых, каго падазравалі ў сувязях зь імі, прычым не шкадавалі ні жанчын, ні дзяцей. Крывавы кашмар доўжыўся цэлы тыдзень. Толькі ў Парыжы загінула больш за 2 тысячы чалавек. А Барталамееўскай тую ноч назвалі таму, што пачалася яна напярэдадні дня сьвятога Баўтрамея.

У беларускай гісторыі дзень 24 жніўня адзначаны бітвай пад Шапялевічамі ў 1654 годзе. Гэта быў самы пачатак вайны Маскоўскай дзяржавы супраць Вялікага Княства Літоўскага. Пад Шапялевічамі 10 тысячаў абаронцаў Януша Радзівіла спрабавалі стрымаць 100-тысячнае войска расейскага цара Аляксея Міхайлавіча. Гэта была першая вайсковая параза вялікага гетмана Радзівіла. Паранены, ён мусіў лясамі прабірацца ў тыл краіны. Неўзабаве ўся тэрыторыя сучаснае Беларусі будзе акупаваная войскам маскоўскага цара. Разгорнецца самая страшная вайна ў беларускай гісторыі, калі ў жывых застанецца толькі кожны другі насельнік краіны. За савецкім часам гістарычныя факты маскоўскай агрэсіі ў Беларусі старанна хаваліся. Таму ня дзіўна, што сваю кнігу пра тыя падзеі гісторык Генадзь Сагановіч назваў “Невядомая вайна”.

Сёньня спаўняецца 25 гадоў Сьвіслацкаму гістарычна-краязнаўчаму музэю. Невялікае мястэчка Сьвіслач у Гарадзенскай вобласьці сваёй багатай гісторыяй і сваімі выхадцамі можа дараўнаць вялікаму гораду. Гісторыі роду Тышкевічаў, знакамітай Сьвіслацкай гімназіі, паўстаньню Каліноўскага прысьвечаная багатая экспазыцыя музэя.

Зь ліку знакамітых людзей, якія нарадзіліся 24 жніўня ў розныя гады, прыгадаем сёньня аргентынскага пісьменьніка Хорхе Луіса Борхеса, беларускага графіка Янку Раманоўскага і знакамітую мадэльку Клаўдзію Шыфэр.
XS
SM
MD
LG