Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што азначае новая дата пераходу Беларусі на расейскі рубель?


Юры Дракахруст, Прага Што азначае новая дата пераходу Беларусі на расейскі рубель – 1 студзеня 2006 году, вызначаная Аляксандрам Лукашэнкам і Ўладзімерам Пуціным ў Сочы? Свой камэнтар ды вынікаў беларуска-расейскай сустрэчы на вышэйшых узроўні прапануе Юры Дракахруст.

Пасьля сэрыі заяваў кіраўніка Беларусі, дастаткова прыгадаць, скажам, ягонае штогадовае пасланьне, здавалася, што тэма інтэграцыі, прынамсі, пераходу Беларусі на расейскі рубель адкладзеная ў даўгую скрыню, калі не пахаваная назаўжды.

Высьветлілася, што – не. На выніковай прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнка й Пуцін назвалі нават новы канкрэтны тэрмін гэтага пераходу – 1 студзеня 2006 году.

Расейскі прэзыдэнт з аднаго боку паабяцаў ня ціснуць на Беларусь у гэтым пытаньні, але зь іншага боку заявіў, што бар’еры на шляху пераходу Беларусі на рубель ляжаць у палітычна-псыхалягічнай сфэры, маўляў, эўрапейцам таксама было цяжка адмаўляцца ад звыклых валютаў пры пераходзе на эўра.

Варта прыгадаць, што падчас перамоваў пра валютную ўнію беларускі бок спасылаўся зусім не на псыхалягічныя праблемы, а высоўваў абсалютна канкрэтныя патрабаваньні : казаў пра кампэнсацыю ў 2 мільярдаў даляраў, а таксама пра тое, што валютнаму аб’яднаньню мусіць папярэднічаць вырашэньне шэрагу іншых праблемаў – як эканамічных, гэтак і палітычных.

З трактоўкі Пуціна вынікала, што гэтых патрабаваньняў нібыта няма наагул, беларусы мусіць проста прызвычаіцца да гэтай пэрспэктывы і пайсьці на валютную ўнію на расейскіх умовах. Паводле Пуціна камусьці “з гэтай ідэяй трэба пераспаць і зразумець, што гэта выгадна”.

“Рэкамэндацыя зразумелая. Пераспаць трэба. Дакладна сказана”, – адрэагаваў Лукашэнка. Магчыма, яму гэтая двухсэнсоўная алегорыя і зразумелая. Але звонку гледзячы, якраз і ня надта зразумела, чаму ад інтымных дзеяньняў з інтэграцыйнай ідэяй могуць зьнікнуць патрабаваньні, якія на працягу даволі вялікага часу упэўнена адстойваў беларускі бок.

Разуменьню не дапамагаюць і тлумачэньні Аляксандра Лукашэнкі, паводле якога тое, што пераход на расейскі рубель не атрымаўся да 1 студзеня 2005 году, тлумачыцца ня ўпартасьцю беларускага боку, а “сытуацыяй”, бо беларускі рубель умацоўваецца.

Але раней, падкрэсьлім, нязгода тлумачылася прынцыповай пазыцыяй, а не часовымі ваганьнямі курсу беларускай валюты. Такім чынам, можна казаць, што ў гэтым пытаньні Лукашэнка пайшоў на саступку.

Саступка была зробленая і ў іншым пытаньні. Яшчэ месяц таму кіраўнік Беларусі рэзка раскрытыкаваў праект канстытуцыйнага акту, прапанаваны крамлёўскай адміністрацыяй. У Сочы Лукашэнка заявіў, што ў хуткім часе можа зьявіцца сумесны, узгоднены праект канстытуцыйнага акту саюзнай дзяржавы.

Але ці азначаюць гэтыя заявы, што кіраўнік Беларусі здаўся і цалкам прыняў ўмовы Пуціна? Неабавязкова.

Па сутнасьці дадзеныя новыя абяцаньні. Так бы мовіць, параілі “пераспаць” – перасьпім, груба кажучы, пераспаць – не ажаніцца. Праект канстытуцыйнага акту зьявіцца ў хуткім часе? Але пры гэтым Лукашэнка дадаў, што трэба будзе аднавіць групу, якая яго рыхтуе, па выніках парлямэнцкіх выбараў у Беларусі. Яны, дарэчы, адбудуцца праз паўтара месяца, пакуль дэпутаты расьсядуцца, пакуль новыя сябры групы ўвойдуць у курс інтэграцыйнай справы. Дык у хуткім часе – гэта калі?

Зьвяртае на сябе ўвагу і абвешчаны новы тэрмін валютнага аб’яднаньня – 1 студзеня 2006 году. 2006 год – гэта год прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Ня выключана, што чарговым абяцаньнем усё ж перавесьці Беларусь на расейскі рубель Лукашэнка выгандлёўвае згоду Крамля на свой трэці прэзыдэнцкі тэрмін. А калі згода будзе, то абяцаньне, як заўжды, можна і не выконваць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG