Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дзень дзясяты – Беларусь мэдалёў не заваявала


RFE/RL Апошнія навіны за Афінаў на вечар 10-га дня Алімпійскіх гульняў.

* Сёньня, ў 10-ты дзень алімпійскіх гульняў у Афінах у мэдальным заліку Беларусь займае 18 месца. Да гэтага часу зборная Беларусі заваявала 11 мэдалёў, у тым ліку два залатыя – Ігар Макараў (дзюдо) і Юлія Несьцярэнка (лёгкая атлетыка). Больш за ўсё залатых мэдалёў маюць кітайцы і зборная ЗША – па 22.

* Васіль Капцюх кінуў дыск на 65.10 мэтраў і не ўвайшоў у тройку прызёраў, заняўшы толькі пятае месца. Першае месца з алімпійскім рэкордам (70.93 м) заняў Робэрт Фазэкаш з Вугоршчыны. Нагадаем, што на Алімпійскіх гульнях у Атланце ў 1996 годзе Васіль Капцюх заваяваў бронзавы мэдаль.

* Беларуская спартоўка Вольга Цандэр пасьпяхова прайшла алімпійскі кваліфікацыйны турнір ў кіданьні молата. Сёньня ў часе змаганьня за выхад у фінал, яна мела дзевяты вынік – 69 мэтраў 61 сантымэтар. Дзьве іншыя беларускія спартоўкі – Сьвятлана Судак і Марыя Смалячкова не змаглі пераадолець патрэбны нарматыў і ня будуць браць удзелу ў далейшай барацьбе.

* Іван Ціхан, які заваяваў учора бронзавы мэдаль у кіданьні молата заявіў, што мог выступіць лепей. “Вынік ня вельмі добры. На жаль, я ня змог уключыцца ў барацьбу. Адчуваў сябе добра, але кідкі былі дрэнныя – гэта быў ня мой дзень”, а – заявіў Ціхан адразу пасьля выступу.

* Усяго 14 сэкундаў не хапіла беларускай спартоўцы Маргарыце Туравай, каб заваяваць бронзавы мэдаль у хадзьбе на 20 кілямэтраў. Яшчэ дзьве беларускія спартоўкі занялі ў гэтай дысцыпліне 9 і 15 месцы.

* У другі круг спаборніцтваў выйшла Натальля Сафроньнікава – бег на 200 мэтраў.

* У паўфінале выступіць беларускі экіпаж чацьвёркі канаістаў у складзе Раман Петрушэнка, Вадзім Махнеў, Аляксей Абалмасаў і Дзям’ян Турчын.

* Беларускі баксёр Віктар Зуеў забясьпечыў сабе сама мала бронзавы мэдаль у вагавой катэгорыі да 91 кіляграму. У чвэрцьфінале Зуеў перамог амэрыканца Дэвіна Варгаса.

* Няўдала выступілі беларускія спартоўкі ў парусным і конным спорце, а таксама ў чвэрцьфінальнай спрынтэрскай гонцы на ровары. Не спраўдзіліся спадзевы Натальлі Цылінскай на яшчэ адзін мэдаль.

* Трэнэр футбольнай зборнай Іраку Аднан Хамад, якая ў мінулыя выходныя перамагла Аўстралію і ў аўторак будзе граць у паўфінале з Парагваем заявіў, што нельга трактаваць ірацкіх спартоўцаў як сымбаль свабоды: “Гэта ўжо занадта. Нельга казаць, што мы – сымбаль свабоды. У Іраку цяпер няма свабоды, але ёсьць акупацыя. Гэта вельмі дрэнны час для нашай краіны”, – заявіў Хамад.

* Да гэтага часу 16 спартовак і спартоўцаў выключаныя з алімпійскіх гульняў з-за ўжываньня допінгу.

* Кітайскія спартоўцы ня выйгралі алімпійскае золата ў настольным тэнісе. У адзіночным разрадзе карэец Ру Сінг Мін перамог кітайца Ванг Хао – 4:2. Бронзавы мэдаль таксама атрымаў спартовец зь Кітаю.

Гл. таксама • Дзень дзявяты - кідальнік молата Іван Ціхан заваяваў бронзу • Дзень восьмы – сэнсацыйны залаты мэдаль у бегу на 100 мэтраў у Беларусі • Афіны – Дзень сёмы: Беларусы заваявалі два бронзавыя мэдалі
XS
SM
MD
LG