Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Барысаве невядомыя абрабавалі перадвыбарчы штаб


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць У Барысаве абрабавалі перадвыбарчы штаб актывіста кааліцыі “Свабодная Беларусь” Зьмітра Бародкі. Скралі аргтэхніку, кампутар, факс.

Штаб Зьмітра Бародкі месьціўся ў офісе барысаўскіх дэмакратычных арганізацыяў па вуліцы Чапаева:

(Бародка: ) “Гэты офіс функцыянаваў ужо некалькі год. У прынцыпе ніякіх праблемаў цягам гэтых год не было. Праблемы пачаліся падчас выбараў у парлямэнт. У нашым офісе зьнікла аргтэхніка, кампутар, факс. Яшчэ адзін манітор быў скрадзены”.

У памяшканьне злодзеі патрапілі, узламаўшы дзьверы. Сёньня раніцай пра здарэньне паведамілі ў мясцовую міліцыю. Справай рабаўніцтва займаецца сьледчая Вольга Літвінчыкава.

Зьміцер Бародка зьбіраецца балятавацца ў дэпутаты па Барысаўскай сельскай выбарчай акрузе №78. Цяпер ягоная ініцыятыўная група зьбірае подпісы. У спадара Бародкі некалькі вэрсіяў здарэньня:

(Бародка: ) “Гэта можна расцаніць як звычайны крымінал альбо нейкае ўмяшальніцтва спэцслужбаў. Я гэтага не выключаю. Бо такія прыклады былі падчас выбарчай кампаніі 2001 году, калі па ўсёй краіне офісы грамадзкіх арганізацыяў, перадвыбарчыя штабы кандыдатаў падвяргаліся нападкам з боку невядомых асобаў, калі зьнікала аргтэхніка, іншыя дакумэнты”.
XS
SM
MD
LG