Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхарка магілёўскага Дому вэтэранаў зьбірае подпісы за вылучэньне дэмакрата: “Ціск адчуваецца ўсюды”


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Жыхарка магілёўскага Дому вэтэранаў Антаніна Канавалава, якая зьбірае подпісы за вылучэньне кандыдатам у дэпутаты аднаго з рэгіянальных лідэраў кааліцыі “5+”, заявіла аб ціску з боку адміністрацыі.

Антаніна Канавалава — сябра ініцыятыўнай групы магілёўца Ўладзімера Шанцава, старшыні абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Жанчына зьбірае подпісы за яго вылучэньне ў Доме вэтэранаў, дзе яна жыве. Гэта жылы дом для састарэлых людзей, які мае статус сацыяльнай установы, а таму там ёсьць адміністрацыя.

(Канавалава: ) “Пасьля першага дня мне тэлефануе дырэктар і выклікае “на кілім”. А што вы там робіце? Што вы сабе дазваляеце?”

Спадарыні Антаніне 69 гадоў, і яна мае рэпутацыю актыўнага чалавека. Яе цяперашняя дзейнасьць у перадвыбарчую кампанію выклікала прэтэнзіі ў дырэктара Дому вэтэранаў.

(Канавалава: ) “Маўляў, вы павінны былі паведаміць мне. Я кажу: “А калі ходзяць у кватэры, ставяць у вядомасьць ЖЭУ? Гэта ж добрае волевыяўленьне. Ніякіх парушэньняў”.

Жанчына ўпэўненая, што адміністрацыя націскае на яе з-за таго, што яна зьбірае подпісы за патэнцыйнага кандыдата, якога не падтрымлівае ўлада.

(Канавалава: ) “Канечне, ціск. Ціск адчуваецца ўсюды. Я даўно ў гэтым упэўнілася, што ў нас выбары ня чэсныя і не свабодныя, а прымусовыя”.

Дырэктар Дому вэтэранаў Сяргей Шаркоў тлумачыць пабытовымі прычынамі свае патрабаваньні да зборшчыкаў подпісаў.

(Шаркоў: ) “Чаму? Таму што пад відам гэтых перадвыбарчых кампаніяў пачнуць хадзіць цыганы, бамжы. Я павінен ведаць, хто тут у нашым доме. Ці мала што…”

Спадарыню Антаніну такія тлумачэньні дырэктара не задавольваюць. Шырокая агалоска гэтай справы ўжо прывяла да таго, што некаторыя з жыхароў Дому вэтэранаў пачалі, як яны кажуць, “на ўсякі выпадак”, адмаўляцца ад сваіх подпісаў.

(Канавалава: ) “Лёгка запужаць людзей. На іх давяць неспарэдна — цяпер жа ў нас ідэалёгія пастаўленая на такі ўзровень! І запужваньне — па-мойму, гэта відавочна для кожнага”.

Тым ня менш, Антаніна Канавалава сабрала ў магілёўскім Доме вэтэранаў 48 подпісаў за вылучэньне кандыдата ад дэмакратычнай кааліцыі й заявіла, што працягне гэтую справу.
XS
SM
MD
LG