Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox Populi: Хто ваш дэпутат у парлямэнце? Як вы ацэньваеце яго працу за мінулы выбарчы пэрыяд?


Ганна Соусь, Менск З гэтым пытаньнем нашая карэспандэнтка зьвярнулася да людзей на менскіх вуліцах.

Пераважная колькасьць выпадкова апытаных мной мінакоў ня ведалі імя свайго дэпутата ў парлямэнце, і адпаведна ніяк не маглі ацаніць ягоную працу. Многія мае суразмоўцы ўвогуле ня бралі ўдзелу ў галасаваньні.

(Карэспандэнтка: ) “Увосень у Беларусі адбудуцца парлямэнцкія выбары. Хто быў вашым дэпутатам у парлямэнце, і як вы ацэньваеце яго працу за мінулы выбарчы пэрыяд?”

(Спадар: ) “У маёй акрузе быў Ваганаў Аляксей. Я ня надта гэтым цікаўлюся, і таму не магу нічога пра яго акрэсьленага сказаць. Ведаю, што нешта там рабіў, езьдзіў у Эўропу”.

(Спадар: ) “Я нават ня ведаю, хто быў маім дэпутатам. Я галасаваў, калі яшчэ вучыўся ў Горках. Галасаваньне было не зусім правільнае, выкладчыкі падказвалі, за каго галасаваць. Гэтак жа і прэзыдэнцкія выбары адбываліся”.

(Карэспандэнтка: ) “А памятаеце прозьвішча дэпутата?”

(Спадар: ) “Ня памятаю”.

(Спадарыня: ) “Я ня ведаю яго, забылася”.

(Спадар: ) “Мне 41 год, і я яшчэ ніколі не галасаваў, і таму да ўсіх дэпутатаў стаўлюся аднолькава — яны мне ўсе да лямпачкі”.

(Спадар: ) “Які быў, такі й будзе кішэнны парлямэнт, пакуль усё ня зьменіцца. Гэта не Літва, там зусім іншая справа. А ў нас як было, так і будзе пакуль што”.

(Карэспандэнтка: ) “А дэпутатам хто быў ад вашай акругі?”

(Спадар: ) “Ня памятаю. І ўчора прыходзілі, нейкі ліст падсоўвалі, юрыстка нейкая. Вось яна такая добрая, трэба сабраць тысячу подпісаў. Я ім кажу: “Слухайце, ня трэба…”

(Спадар: ) “Скажу шчыра, нават не цікавіўся. Не, не галасаваў, таму што ўсё гэта парнаграфія”.

(Спадар: ) “Я ўдзельнічаў у галасаваньні, але ня памятаю… Быў ці настаўнік, ці нехта іншы”.

(Спадар: ) “У нас быў Міронаў, падаецца. Ён нам справаздачы не даваў”.

(Спадарыня: ) “Не даводзілася зьвяртацца да яго, але людзі зьвяртаюцца. Увогуле, хваляць яго”.

(Спадар: ) “Я сам з Барысава. Незалежныя дэпутаты, якія мусілі трапіць у парлямэнт, ня здолелі чамусьці. Я ведаю спадара Букаса, які выдае газэту “Барысаўскія навіны”, дык на мінулых выбарах яму патэлефанавалі ўначы й сказалі, што ён перамог на выбарах. А потым ператэлефанавалі зранку й сказалі, што выбары прызналі несапраўднымі. Я ведаю,за каго буду галасаваць цяпер — за Букаса ці за Сяргея Салаша, гэта кандыдат ад БНФ”.

(Спадарыня: ) “Жанчына была, як жа яе прозьвішча… Ня памятаю, бо мне ўжо 80 гадоў. Я да яе не зьвярталася ніколі. Няхай зноў балятуецца”.

(Спадарыня: ) “У нас быў мужчына з Таварыства сьляпых. Добры чалавек быў, але памёр. А цяпер я ні за кога ня буду галасаваць, таму што там адныя злодзеі”.

(Спадарыня: ) “Ня ведаю ніводнага дэпутата й не хаджу галасаваць. Ня веру ў праўдзівасьць і справядлівасьць нашых выбараў. Таму й не хаджу на выбары”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG