Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У чым прычына сьмерці Міхаіла Мяжэвіча ў сьледчым ізалятары?


Казімір Яноўскі, Гомель Сьледчы ізалятар Гомеля наведала рабочая група Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў па самавольных затрыманьнях. Жонка нядаўна памерлага ў ізалятары юрысконсульта дзяржунівэрсытэту імя Францішка Скарыны Міхаіла Міжэвіча перадала прадстаўнікам ААН адпаведную скаргу. Як так сталася, што юрысконсульт ўнівэрсытэту Міхаіл Міжэвіч апынуўся ў ізалятары, у якім памёр?

Да пераходу ва ўнівэрсытэт спадар Міжэвіч працаваў намесьнікам начальніка Цэнтральнага райаддзелу міліцыі. Летась у жніўні разам зь іншымі выкладчыкамі ўнівэрсытэту Міхаіла Міжэвіча арыштавалі з прычыны падазрэньня ў хабарніцтве. Сьледзтва вялося амаль год, і ўвесь гэты час да самага суду і падчас яго Міжэвіч ды іншыя выкладчыкі знаходзіліся ў ізалятары.

11 жніўня ў абласным судзе, дзе цяпер разглядаецца справа пра хабарніцтва ўнівэрсытэцкіх супрацоўнікаў, Міхаілу Міжэвічу зрабілася кепска. У суд выклікалі хуткую мэдычную дапамогу.

На наступны дзень арыштаванага Міжэвіча зноў прывезьлі на паседжаньне суду. Паводле судзьдзі Маратаева, на пытаньні ён не адказваў, а толькі сядзеў і слухаў.

Назаўтра ўранку ў ізалятары спадара Міжэвіча знайшлі мёртвым. Жонка памерлага Тамара Міжэвіч паведаміла, што муж быў хворым, у яго ня вытрымала сэрца.

Якія ж умовы пануюць у ізалятары, дзе памёр былы юрысконсульт унівэрсытэту, а таксама ў іншых пенітэнцыярных установах рэгіёну? Мне асабіста давялося бываць і ў Гомельскай жаночай турме, і Мазырскай мужчынскай калёніі строгага рэжыму. У Мазыры мяне надзвычай моцна ўразіў штрафны ізалятар. Як толькі адчынілі жалезныя дзьверы, патыхнула надзвычай цяжкім паветрам. У камэру не пранікала дзённае сьвятло. Лямпачка была настолькі цьмяная, што нельга не толькі чытаць, а нават добра разглядзець твар пакараных.

Што да Гомельскага ізалятара, то старшыня рэгіянальнага аддзяленьня Беларускага Хэльсынскага Камітэту Алесь Яўсеенка пазнаёміў мяне з Тацянай Церашковай. Яна – сяброўка БХК, раней працавала галоўнай бугальтаркай аднаго з заводаў. У свой час спадарыня Церашкова правяла у сьледчым ізалятары на вуліцы Кніжнай, дзе памёр Міхаіл Мяжэвіч, два месяцы.

(Церашкова: ) “Гэта жахліва. Там ты ўжо ня чалавек. Ты ўжо нават там і не жывёла, і ня быдла. Ты наогул там ніхто”.

Выглядае, што стварэньнем надзвычай жорсткіх умоваў ўтрыманьня сьледчыя і адміністрацыя ізалятара дамагаюцца прызнаньня віны ў тых, хто патрапіў пад падазрэньне. Практыку псыхалягічнага злому чалавека праз жорсткае абыходжаньне цяперашнія беларускія ізалятары, відавочна, перанялі з савецкіх часоў.

Былы рэктар Гомельскага мэдычнага інстытуту, прафэсар Юрый Бандажэўскі распавядаў мне, як адразу пасьля арышту ён вымушаны быў спаць на падлозе у ізалятары на падасланай газэце.

Дарэчы тут прыгадаць, як пад аб’ектывы тэлекамэраў надзявалі кайданкі былому міністру сельскай гаспадаркі Васілю Лявонаву; як доўга марынавалі ў ізалятары двойчы Героя Сацыялістычнай Працы, знакамітага старшыню калгасу з Магілёўшчыны Васіля Старавойтава. Ну і ўсе, канешне, ведаюць, што зараз у Менску ў ізалятары КГБ знаходзіцца былы дэпутат Вярхоўнага Савету, экс-міністар і амбасадар Міхаіл Марыніч. На волю ж таксама дайшла інфармацыя, што Міхаіл Марыніч пачувае сябе ня лепшым чынам.

Так што надзвычайнае здарэньне ў Гомельскім сьледчым ізалятары, зьвязанае са сьмерцю былога афіцэра міліцыі, юрысконсульта ўнівэрсытэта Міхаіла Міжэвіча, наўрад ці выпадковае. Калі не вытрымлівае былы афіцэр міліцыі, то што ўжо казаць пра іншых, хто трапляе ў падобныя сытуацыі.
XS
SM
MD
LG