Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На “Народного артиста” ў Менску адабралі 14 кандыдатаў


Ігар Карней, Менск У Менску скончыўся адбор кандыдатаў на ўдзел у музычным конкурсе расейскага тэлеканалу “Россия” “Народный артист”. Болей за дзьве тысячы чалавек штурмавалі сталічны Палац моладзі ў спадзяваньні стаць знакамітасьцямі расейскага маштабу. Чаму расейскія тэлеконкурсы выклікаюць у Беларусі такі ажыятаж? Якая катэгорыя людзей удзельнічае ў падобных конкурсах?

Адкуль людзі ўвогуле даведваюцца пра гэта? Калі пашчоўкаць па кнопках расейскіх каналаў, то практычна на кожным можна спатыкнуцца аб “Фабрыку зорак” ці таго ж “Народнага артыста”. І калі на пэрыфэрыі расейскае тэлебачаньне трансьлюецца не паўсюдна, то ў гарадах асноўныя праграмы ідуць. Натуральна, што маладых прывабліваюць сучасныя шоў, асабліва тыя, якія ўчорашніх Папялушак раптам робяць знакамітымі. І сапраўды, гэта ўжо ня ўзровень мастацкай самадзейнасьці, а ўдзельнікі такіх шоў хутка робяцца любімцамі расейскіх тынэйджараў. На гэтых жа каналах ідуць абвесткі такога кшталту: “Заўтра мы будзем у вас”. І вось стваральнікі шоў “Народный артист” зьявіліся ў Менску.

Увогуле, трэба адзначыць, што такая праца на расейскім тэлебачаньні пастаўленая на шырокую нагу: у журы зоркі расейскай поп-музыкі, куратарамі конкурсаў найлепшыя кампазытары і прадусары; мільённымі накладамі выпускаюцца касэты і кампакт-дыскі. Каманда той жа “Фабрыкі зорак” гастралюе па ўсім СНД. Праект прыносіць рэальныя прыбыткі. Але ўпершыню адборачныя конкурсы выйшлі за межы астанкінскіх тэлестудый. У апошнія дні мінулага тыдня расейскія шоў-эмісары ў пошуку талентаў акупавалі менскі Палац моладзі. Балазе, выбар быў: паспытаць шчасьця захацелі найменей дзьве тысячы чалавек. За працэсам назіраў і вядомы беларускі выканаўца Аляксандар Памідораў. Вось што ён сказаў для Радыё Свабода:

(Памідораў: ) “Гэта пошук талентаў для нейкіх сваіх мэтаў за межамі краіны. Проста ўжо вытаптаная ўся Расея гэтымі “народнымі артыстамі” за мінулы год. У дадатак, трохі стаміўся расейскі слухач ад украінскай экспансіі. І зараз ідзе накірунак у бок пошуку: што ёсьць у Беларусі? І ўсё ж такая прапаганда заклікае да супраціву: каб не забываўся, што ты ня ёсьць савецкі чалавек, і гэта не нашая агульная Радзіма, і не сталіца нашай Радзімы Масква. Трэба працаваць у рэчышчы контарпрапаганды”.

(Карэспандэнт: ) “Ці можна чакаць, што людзі, якія праб’юцца (а, пэўна ж, нехта на расейскі экран праб’ецца), прынясуць туды нацыянальны калярыт? Ці іх зноў падвядуць пад расейскія стандарты?”

(Памідораў: ) “Вельмі таго хацелася б. Але, калі браць на ўлік, што няма ў нас сталай і моцнай контрапрапаганды расейшчыне, якая запаланіла ўсе аўдыёкропкі, вельмі цяжка сказаць, што так будзе. Бальшыня моладзі не разумее: людзей, якія сьпяваюць па-ангельску, падлічыць немагчыма. Людзей, сьпяваючых па-расейску, таксама процьма. А для тых, хто сьпявае па-беларуску, хопіць пальцаў адной рукі. Чамусьці дагэтуль ня могуць уцяміць: лепей быць першым у сваёй краіне, чым пяцідзесятым у чужой”.

Даспадобы расейцам прыйшлося 14 чалавек, якіх праз нейкі час будуць экзамэнаваць ужо ў Маскве. Кампазытар Эдуард Ханок, які апошнія чатыры гады стала жыве ў Маскве і ёсьць сталым сябрам журы падобных мерапрыемстваў, перакананы: працэс міграцыі таленавітых кадраў у Расею цалкам зразумелы – маўляў, ён і сам зьбег у Расею ад безвыходнасьці.

(Ханок: ) “Вы ж, прабачце, гаворыце шмат, а карыстаецеся шоў-бізнэсам расейскім. Чаго варты ваш “Славянскі базар” без расейскага шоў-бізнэсу? – нічога. Беларускія артысты на “Славянскім базары” ёсьць толькі бясплатным дадаткам. Усё гэта трыюмф расейскай папсы. І гэта ўжо даказана. Я сыходжу з агульнага разьвіцьця і агульнаэўрапэйскай, і расейскай музыкі”.

Арганізатары і стваральнікі шоў “Народный артист” перад разьвітаньнем зь беларускімі канкурсантамі папярэдзілі, што неўзабаве зноў могуць вярнуцца. Прынамсі, фактычны матэрыял іх задаволіў.
XS
SM
MD
LG