Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Самая хуткая жанчына плянэты жыве ў Беларусі


Уладзімер Глод, Менск Залаты мэдаль у бегу на 100 мэтраў Юліі Несьцярэнкі зь Берасьця стаўся адной з найвялікшіх сэнсацыяў Алімпійскіх гульняў у Афінах. Спрынт -- самая кароткая дыстанцыя для лёгкаатлетаў -- заўжды знаходзіўся ў невялікім сьпісе самых прэстыжных відаў. Так павялося, што пераможца менавіта на гэтай дыстанцыі лічыцца самым хуткім чалавекам у сьвеце. І таму сёньня можна сьмела сьцьвярджаць: самая хуткая жанчына плянэты жыве ў Беларусі.

Калі ў нядзелю я патэлефанаваў у Афіны і Юлія Несьцярэнка адгукнулася на званок, выразна адчувалася, што дзяўчына яшчэ не да канца паверыла ў сваё шчасьце:

(Несьцярэнка: ) "Яшчэ я не ўсьведамляю... Як бы я веру ў тое, што перамагла на спаборніцтвах... Але гэта для мяне ўвогуле нешта незвычайнае. Я тут скакала ад радасьці! Гэта так добра. Велізарнае шчасьце, велізарная радасьць..."

Знайсьці Юлію нават па тэлефоне было ня так проста. І ня толькі таму, што журналісты з розных краінаў бясконца цікавіліся самай хуткай жанчынай плянэты. Паколькі Несьцярэнка ня трапіла ў сьпіс алімпіцаў-патэнцыйных прэтэндэнтаў на мэдалі, ёй не далі і мабільніка з афінскім нумарам.

І тады галоўны трэнэр нацыянальнай каманды лёгкаатлетаў Аляксандр Руцкіх аддаў Юліі свой тэлефон. Гэты факт таксама пацьвярджае, што на посьпех Несьцярэнкі ў Афінах ніхто не разьлічваў.

У Берасьці, дзе нарадзілася Юлія, жывуць яе маці і сястра. Муж новай алімпійскай чэмпіёнкі -- Зьміцер Несьцярэнка -- таксама лёгкаатлет. Гэта менавіта ён шэсьць год таму, калі Юлія вагалася, працягваць ёй заняткі спортам ці не, папрасіў свайго трэнэра Віктара Ярашэвіча, паглядзець на дзяўчыну. З таго часу яны абодва займаюцца ў Ярашэвіча. І вось што кажа Зьміцер пра найбліжэйшыя спартовыя пляны сваёй жонкі:

(Зьміцер Несьцярэнка: ) "Пасьля Алімпіяды будзе закрыцьцё "Залатой лігі". У яе два ці тры старты будуць. Хоча жонка яшчэ праехацца па сьвеце".



Ёсьць ў спартовай пары і іншыя мары -- пра пашырэньне сваёй сям’і:

(Зьміцер Несьцярэнка: ) "Плянавалі. Але цяпер ня ведаю, што Юля скажа. Хаця ўвогуле, хацелі дзяцей мець. Але ж жывем у інтэрнаце. Можа цяпер нешта вырашыцца з кватэрай".

23 жніўня кіраўніцтва Берасьцейскай вобласьці зьбіраецца наведаць сваякоў алімпійскай чэмпіёнкі. І муж Юліі спадзяецца, што гаворка пойдзе й наконт кватэры. А напярэдадні Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў Юлію Несьцярэнку ордэнам Айчыны трэцяй ступені.

Пасьля сьмерці бацькі для Юліі самым дарагім чалавекам засталася маці. І вось што гаворыць Тамара Пятроўна пра сваю дачку:

(Тамара Пятроўна: ) "У мяне залатое дзіця. Ня толькі з-за мэдаля. Яна па жыцьцю залатое дзіця: вельмі адказнае, ласкавае, пяшчотнае. Толькі што я паразмаўляла зь ёй. Юля сказала мне: мамачка, ты найлепшая ва ўсім сьвеце. Так што я вельмі шчасьлівая за сваю дачушку".

Фотаздымкі: Associated Press i БелТА

Гл. таксама • Дзень восьмы – сэнсацыйны залаты мэдаль у бегу на 100 мэтраў у Беларусі
XS
SM
MD
LG