Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэлегацыя Сэнату ЗША на чале з Джонам Маккэйнам абмеркавала ў Рызе сытуацыю ў Беларусі


Юры Сьвірко, Менск Злучаныя Штаты й суседняя Латвія пацьвердзілі, што гатовыя падтрымаць барацьбу за дэмакратыю ў Беларусі. Амэрыканскі сэнатар Джон Маккэйн, якому афіцыйны Менск адмовіўся выдаць візу для паездкі ў Беларусь у жніўні, у суботу сустрэўся ў Рызе з кіраўніцтвам Латвіі ды абмеркаваў зь ім сытуацыю ў суседняй Беларусі.

У Рызе другі дзень знаходзіцца дэлегацыя Сэнату ЗША на чале з Джонам Маккэйнам, мэта візыту якой – абмеркаваць умацаваньне дэмакратыі ў рэгіёне. Гэта тая самая дэлегацыя 4 сэнатараў, якую ў гэтым месяцы не пусьцілі ў Беларусь. Апрача спадара Маккэйна, у яе склад уваходзяць сэнатары Сьюзэн Колінз, Ліндсэй Грэм і Джон Сунуну.

Новы міністар замежных справаў Латвіі Артыс Пабрыкс, які ўжо раней заяўляў пра намер латыскага ўраду дапамагаць справе дэмакратызацыі Беларусі, зноў пацьвердзіў гэтую пазыцыю падчас суботніх перамоваў з сэнатарам Маккэйнам – адным з аўтараў праекту “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі”.

На прэсавай канфэрэнцыі ў Рызе, якая адбылася пасьля гэтай сустрэчы, сэнатар Маккэйн сказаў, што ЗША падтрымліваюць намаганьні Беларусі як мага хутчэй стаць свабоднай і дэмакратычнай дзяржавай. А кіраўнік МЗС Латвіі Артыс Пабрыкс дадаў: “Мы гатовыя разам змагацца за дэмакратыю. Латвія зычыць Беларусі ўсяго найлепшага, і мы спадзяемся, што ў кастрычніку выбары беларускага парлямэнту могуць прывесьці да істотных зьменаў у гэтай дзяржаве”.

Джон Маккэйн выказаў спадзяваньне, што тыя зьмены, якія хутка адбыліся ў Балтыі, маглі б натхніць таксама жыхароў Беларусі змагацца за дэмакратыю ў сваёй дзяржаве. Спадар Маккэйн назваў Латвію адным з найлепшых сяброў ЗША ў сьвеце й дадаў, што ў Латвіі адбываецца адна з найвялікшых у сьвеце гісторыяў посьпеху. Што да Беларусі, дык сэнатар Маккэйн выказаў сваю заклапочанасьць тамтэйшымі падзеямі й заявіў: “Лукашэнка маніпулюе канстытуцыяй дзяржавы, каб кантраляваць тое, што адбываецца ў краіне. Ён кіруе Беларусьсю як Савецкім Саюзам, выклікаючы ў людзей боязь і адчуваньне прыгнечанасьці. Там зьнікаюць журналісты ды актыўныя барацьбіты за дэмакратыю, арыштоўваюць тых, хто выступае супраць дыктатуры”.

Джон Маккэйн нагадаў, што былы амбасадар Беларусі ў Латвіі Міхаіл Марыніч з 26 красавіка знаходзіцца за кратамі беларускай турмы, бо ён хацеў быць у апазыцыі. “Але”, сказаў спадар Маккэйн, “ёсьць падставы для надзеі, бо ў Беларусі шмат людзей, якія змагаюцца за яе свабоду й дэмакратыю – напрыклад, дэпутат парлямэнту Валеры Фралоў, лідэр беларускай Партыі працы Аляксандар Бухвостаў і кіраўнік Беларускага Народнага фронту Вінцук Вячорка”. Сэнатар падкрэсьліў: “Беларусі трэба ведаць, што дэмакратычныя сілы падтрымліваюць яе намаганьні здабыць свабоду. Мы захапляемся вашай мужнасьцю ды ўнутранай сілай”.

У сваю чаргу, Валеры Фралоў выказаў шкадаваньне з тае нагоды, што беларускія органы ўлады адмовіліся выдаць візу дэлегацыі сэнату ЗША, але станоўча ацаніў амэрыканскую ды латвійскую падтрымку змагароў за дэмакратыю ў Беларусі. Спадар Фралоў сказаў, што ў Беларусі ствараюць ілюзію, быццам бы ўсё ў парадку: “Мы змагаемся за ўраджай, хаця ў сьвеце гучаць выбухі бомбаў і людзі хварэюць на рак. У Беларусі пра гэта ня кажуць, ствараючы ўражаньне, што гэтага няма, што мы жывем у абароненым раі”. Дэпутат Фралоў таксама не пагадзіўся з заявай Джона Маккэйна пра тое, што Лукашэнка кіруе Беларусьсю як Савецкім Саюзам, аднак дадаў: “Дакладней было б сказаць, што ён кіруе дзяржавай як калгасам. Ён лічыць, што ўся краіна – як калгас, якім ён раней кіраваў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG