Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Са спэцпрыёмніка на Акрэсьціна вызваленая актывістка АГП


Альгерд Невяроўскі, Менск 21 жніўня зь менскага спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка на волю выйшла актывістка Аб’яднанай грамадзянскай партыі з Салігорску Натальля Зубарэвіч. За ўдзел у несанкцыянаваным пікеце ў цэнтры Менску 3 жніўня яна была пакараная 10-сутачным арыштам. Але дадому Натальля Зубарэвіч змагла вярнуцца толькі праз 18 дзён.

21 жніўня а палове адзінаццатай раніцы актывістка АГП Натальля Зубарэвіч выйшла з брамы менскага спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка, што па вуліцы Акрэсьціна. Маімі першымі пытаньнямі былі: як яна сябе адчувае і якімі былі ўмовы ўтрыманьня ў гэтай установе? Вось, што адказала Натальля Зубарэвіч:

(Зубарэвіч: ) “Я адчуваю сябе зараз вельмі прыгнечана, няма ніякага настрою. Зачыненае памяшканьне, 2 разы на дзень нас так бы мовіць кармілі. Жахлівыя, я б сказала, умовы, маленькае вакенца, шмат людзей у камэры. Мне прызначылі лячэньне. Цягам паўгода я павінна прымаць таблеткі і 2 разы на год правярацца”.

Натальля Зубарэвіч разам са сваімі сябрамі па салігорскай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксеям Прыходзькам і Тацянай Ларыёнавай былі затрыманыя ўвечары 3 жніўня на Кастрычніцкай плошчы Менску, дзе яны арганізавалі пікет прысьвечаны 10-годзьдзю прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі. У руках яны трымалі расьцяжку з надпісам: “10 гадоў дыктатуры. Сыдзі, Лукавы!” На наступны дзень намесьнік старшыні суду Цэнтральнага раёну Леанід Ясіновіч прыняў рашэньне арыштаваць Аляксея Прыходзьку на 15, а Натальлю Зубарэвіч на 10 сутак. Тацяна Ларыёнава, якая выхоўвае непаўнагадовае дзіцё, была аштрафавана на 570 000 рублёў.

У камэры спэцпрыёмніка Натальля Зубарэвіч правяла двое сутак, пасьля чаго зь ёй здарыўся сардэчны прыступ, і яе адвезьлі ў шпіталь у Бараўляны. У шпіталі Натальля знаходзілася 8 дзён, пасьля чаго яе зноў адвезьлі ў спэцпрыёмнік даседжваць свой тэрмін. Дарэчы, Аляксей Прыходзька таксама трапіў з разьмеркавальніка ў Бараўляны, адкуль ён уцёк, і цяпер яго шукае міліцыя. Натальля Зубарэвіч сказала, што яна непрыемна зьдзіўленая гэтым учынкам свайго калегі, але вельмі ўдзячная ўсім тым, хто падтрымліваў яе падчас знаходжаньня ў спэцпрыёмніку й шпіталі.

Натальля Зубарэвіч не шкадуе, што ўзяла ўдзел у несанкцыянаванай акцыі:

(Зубарэвіч: ) “Я думаю, што мы рабілі ўсё правільна. Бо калі мы будзем сядзець склаўшы рукі й нічога не рабіць, мы нічога не дасягнем. Усё роўна трэба нешта рабіць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG