Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Стакгольм ужо зьявіўся на палітычнай мапе Эўропы як пункт, дзе актыўна дзейнічаюць беларусы”


Ганна Сурмач, Прага Новая перадача сэрыі “Беларускае замежжа”. Удзельнікі: Алесь Ліцьвін, Алег Гарбуз, Мікола Паседзька, Тобіяс Люнгваль.

Напачатку ліпеня ў Стакгольме адбыўся ўстаноўчы сход Зьвязу беларусаў Швэцыі – арганізацыі, якая аб’яднала ўсіх беларусаў, што сёлета апынуліся ў гэтай паўночнай краіне. Ініцыятарамі падзеі сталі новыя эмігранты, аднак доступ у шэрагі арганізацыі адчынены для ўсіх сьвядомых беларусаў, хто на чужыне не забыўся на сваю Бацькаўшчыну.

Лідэры і актывісты Зьвязу беларусаў Швэцыі – госьці чарговага выпуску перадачы “Беларускае замежжа”

Стварэньне Зьвязу беларусаў Швэцыі – адметная падзея ў беларускім замежжы. Гэта азначае, што яшчэ адну краіну Эўропы можна залічыць да шэрагу дзяржаваў, дзе існуе арганізаваная і актыўная беларуская прысутнасьць.

Аднак, гэтая падзея мае яшчэ адну важную асаблівасьць. Арганізацыя стварылася ў выніку аб’яднаньня двух самастойных суполак, якія вырашылі, што маюць падобныя мэты і хочуць працаваць далей разам. Мусім адзначыць, што падобная зьява не часта назіраецца ў беларускім руху на эміграцыі.

Я зьвяртаюся да аднаго з сустаршыняў Зьвязу беларусаў Швэцыі сп. Алеся Ліцьвінчыка.

(Сурмач: ) “Сп. Алесь, хто пераважна ўваходзіць у ваша аб’яднаньне?”

(Ліцьвінчык: ) “Апошняя хваля палітычнай эміграцыі уваходзіць пакуль у нашу суполку. Гэта вельмі актыўныя людзі, якія хочуць працаваць і далей на карысьць Беларусі незалежна ад таго, што мы зараз далёка. Гэта пераважна маладыя людзі. У нас на нашай апошняй акцыі – пікеце каля беларускай амбасады было каля 25 чалавек”.

(Сурмач: ) “Вы – адзін з сустаршыняў, гэта азначае, што Зьвяз мае двух кіраўнікоў?”

(Ліцьвінчык: ) “Два старшыні, бо стварылася так, што ў нас былі дзьве незалежныя суполкі з падобнымі мэтамі. І калі мы пачалі рабіць першыя акцыі, і мы сустрэліся, мы вырашылі, што мы хочам рабіць адну і тую ж справу разам. Нашае аб''яднаньне цяпер на пачатковым этапе, мы яшчэ ня скончылі дапрацоўваць статут, таму маем два сустаршыні. Напрыклад, я ведаю адну частку людзей, другі старшыня ведае іншых людзей больш дакладна. Мы разам працуем, і ў нас выдатна атрымоўваецца.

Створаная Рада з 5 чалавек, кожнаму сябру Рады даручана нешта асобнае рабіць”.

(Сурмач: ) “У якіх накірунках зьбіраецеся працаваць?”

(Ліцьвінчык: ) “Дапамагаць, дапамога юрыдычная. Таксама мы хочам тут даносіць швэдам інфармацыю пра Беларусь. Мы плянуем стварыць нешта накшталт філій у іншых гарадох. Будзем пашырацца таму, што беларусаў тут шмат жыве і нават за палярным кругам”.

(Сурмач: ) “Суполкі, якія стварылі Зьвяз, абедзьве узьніклі ўвосень 2003 году ў Стакгольме. Аднак, іх кіраўнікі не былі нават знаёмыя між сабою. Гаворыць другі сустаршыня Зьвязу Алег Гарбуз”.

(Гарбуз: ) “З Алесем мы пазнаёміліся на акцыі, якая праходзіла каля беларускай амбасады, гэта была акцыя да 10-годзьдзя праўленьня Лукашэнкі, сумесна правялі гэтую акцыю. Потым мы вырашылі, што нам трэба аб''яднацца, што, як сказаў Алесь, у нас адныя і тыя ж мэты. Для нас усіх адна мэта – каб у Беларусі быў спакой, каб была дэмакратыя”.

(Сурмач: ) “Але для эмігрантаў важна таксама аказваць узаемадапамогу, каб выжыць на чужыне, ці не?”

(Гарбуз: ) “Так, мы плянуем падтрымліваць усіх, хто падтрымлівае нас, хто зьяўляецца нашым сябрам. Зараз, дарэчы, мы працуем над праектам, які дапаможа беларусам, якія зараз жывуць у Швэцыі, з працаю”.

(Сурмач: ) “Што яшчэ ў найбліжэйшых плянах?”

(Гарбуз: ) “Зараз працуем над гэтым пытаньнем і ў хуткім часе ў нас будзе памяшканьне. У нашым асяродзьдзі ёсьць журналісты, мы будзем друкаваць лісток ці газэту, дзе будуць публікацыі аб Беларусі, аб становішчы беларусаў у Швэцыі”.

(Сурмач: ) “Маеце нейкія кантакты з беларусамі ў суседніх краінах?”

(Гарбуз: ) “Так, мы працуем над гэтым. Маем кантакты зь беларусамі ў Нарвэгіі, і зараз працуем над такім пытаньнем, каб аб’яднаць Зьвяз беларусаў Швэцыі зь беларусамі ў Нарвэгіі і зрабіць супольны Зьвяз беларусаў Скандынавіі. Гэтае пытаньне мы ўжо абмеркавалі і працуем у гэтым напрамку”.

(Сурмач: ) “Спадар Сяргей сказаў аб тым, што ў суполцы ёсьць журналісты. Ён меў на ўвазе Міколу Паседзьку, які таксама ўдзельнічае у нашай сёньняшняй сустрэчы. Ён у Швэцыі толькі некалькі месяцаў, але адразу далучыўся там да беларускага асяродку. Выехаць на эміграцыю яго прымусіла палітычная сытуацыя ў Беларусі”.

(Паседзька: ) “Рэдактар забароненай газэты "Рэгіён -весьці", горад Сьветлагораск Гомельскай вобласьці. Быў рэдактарам гэтай газэты. Газэту забаранілі, мы крытыкавалі ўладу, мы выйшлі на такія крымінальныя справы, зьбіралі матэрыял пра карупцыю і ўрэшце газэту забаранілі. Гэта тое самае, што зараз адбываецца з "Народнай воляю".”

(Сурмач: ) “Мікола працягвае на эміграцыі сваю журналісцкую працу...”

(Паседзька: ) “У Швэцыі не вельмі шмат ведаюць пра Беларусь, пра тое становішча, якое цяпер ёсьць. Я усё ж па спэцыяльнасьці журналіст і раблю тут як мага больш, каб швэды ведалі пра нашую краіну. На прэс-канфэрэнцыях, на якіх мне давялося прысутнічаць, на некалькіх сэмінарах я ўбачыў такую зацікаўленасьць швэдаў да Беларусі. Прыходзілі людзі, якія ўпершыню нават чулі пра Беларусь, і яны зацікавіліся.

За апошнія месяцы зьявілася некалькі публікацыяў, напісаных мною ў сааўтарстве з маім сябрам і калегам Тобіясам Люнгвалем, аўтарам кнігі пра Беларусь, чалавекам шырока вядомым ня толькі ў Швэцыі, як спэцыяліст па Беларусі, але і ў Беларусі таксама. Яму забаронены ўезд у Беларусь. Мы зь ім разам артыкулы пісалі ў газэты. Апошні артыкул выйшаў недзе 22 ліпеня, быў прысьвечаны 10-годзьдзю праўленьня Лукашэнка пад назваю "Апошняя дыктатура ў Эўропе". Былі таксама публікацыі ў іншых уплывовых газэтах”.

(Сурмач: ) “Тобіяс Люнгваль – вядомы швэдзкі журналіст, які займаецца беларускай тэматыкай. На маё пытаньне, чаму так сталася, што ён зацікавіўся Беларусьсю, спадар Тобіяс адказаў так.”

(Люнгваль: ) “Да гэтай тэмы я прыйшоў пяць гадоў таму, я тады прыехаў у Менск прадстаўніком Швэдзкага нацыянальнага лібэральнага цэнтру. З таго часу пабываў у краіне шмат разоў, як прадстаўнік гэтай арганізацыі, а таксама як журналіст. Напісаў шмат рэпартажаў пра Беларусь і ўрэшце напісаў кнігу”.

(Сурмач: ) “Калі выйшла Вашая кніга і як яна называецца?”

(Люнгваль: ) “Кніга выйшла ўвосень мінулага году. Назва – "Справаздача зь Беларусі". Гэтая кніга пра гісторыю лукашэнкаўскага рэжыму, пра Лукашэнку як чалавека, пра ягоныя карані. Ёсьць інтэрвію зь ягонымі блізкімі. Наклад тры тысячы, разышлося ўжо каля паловы”.

(Сурмач: ) “Вы цяпер ужо ня можаце ехаць у Беларусь з-за забароны ўладаў. Калі гэта здарылася?”

(Люнгваль: ) “Так, гэта сталася ў лютым, калі я апошні раз паехаў, мне далі візу, але потым ў аэрапорце не пусьцілі, сказалі, што мне забаронены ўезд, проста так, без тлумачэньняў”.

(Сурмач: ) “Зь беларускімі эмігрантамі, якія стварылі Зьвяз беларусаў Швэцыі, ці вы кантактуеце?”

(Люнгваль: ) “Так, я трымаю зь імі сувязь. Прысутнічаў на іх усіх іхных акцыях”.

(Сурмач: ) “А зараз Вы пішаце нешта на беларускую тэму?

(Люнгваль: ) “Мікола ўжо сказаў, што нядаўна выйшаў наш вялікі артыкул пра Беларусь у адной з найбуйнейшых газэт Швэцыі. Мы зараз будзем рыхтаваць артыкул да пэўнай даты, якая будзе адзначацца ня толькі тут. Але, я пакуль пра гэта ня буду гаварыць больш…”

(Сурмач: ) “Я так разумею, што лукашэнкаўскія службы Вас ня надта напалохалі і Вы працягваеце працаваць?”

(Люнгваль: ) “Я жыву ў свабоднай краіне і таму ня ведаю, як мяне можна напалохаць”.

(Сурмач: ) “Сааўтар Тобіяса ў публікацыях пра Беларусь у Швэцыі беларускі журналіст і адзін з нашых сёньняшніх суразмоўцаў Сяргей Паседзька лічыць, што падзеі ў Беларусі і надалей будуць цікавіць швэдзкае грамадзтва, і што іхная праца там важная для Беларусі”.

(Паседзька: ) “Зь цягам часу цікавасьць швэдзкай гарамадзкасьці да Беларусі павысіцца таму, што падзеі ў Беларусі абяцаюць быць вельмі гарачымі – парлямэнцкія выбары, магчымы рэфэрэндум.

Карацей, мы працуем, працуем, стараемся, каб ня проста жыць у такой цудоўнай краіне, а працаваць на карысьць беларускага народу. Галоўнае для нас, каб швэды як мага больш пачулі пра Беларусь, каб краіна не падавалася ім такой страшнай і такой далёкай. Мы усё ж частка Эўропы, і мы павінны ганарыцца гэтым, мы павінны памятаць пра гэта. А тое, што зараз адбываецца, я думаю, што гэта часовая зьява.

Стакгольм ужо зьявіўся на палітычнай мапе Эўропы як пункт, дзе актыўна дзейнічаюць беларусы”.
XS
SM
MD
LG