Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Салжаніцын ведае, што Васіль Быкаў ня ўдзельнічаў у кампаніях супраць яго


Вольга Караткевіч, Прага У верасьні 1973 году супрацьстаяньне паміж ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі пісьменьнікам Аляксандрам Салжаніцыным і кіраўніцтвам СССР дасягнула найбольшай вастрыні. КГБ дастаў экзэмпляр машынапісу кнігі “Архіпэляг ГУЛАГ”, якой было наканавана зрабіць пераварот у стаўленьні сусьветнага грамадзтва да камунізму, і камуністы арганізавалі магутную кампанію супраць Салжаніцына. Орган ЦК КПСС газэта “Правда” надрукавала ліст выбітных савецкіх пісьменьнікаў супраць А. Салжаніцына і А. Сахарава. Сярод подпісаў было і імя Васіля Быкава...

Але насамрэч Быкаў ніколі не падпісваў таго ліста.

Пра гэта ўжо тады ведалі быкаўскія сябры; пазьней Быкаў напісаў пра гэта ў кнізе успамінаў “Доўгая дарога дадому”, якая ўпершыню прагучала на хвалях беларускай службы Радыё Свабода. Аднак да апошняга часу не было вядома – ці ведае сам Аляксандар Салжаніцын, што Быкаў ня меў да таго ліста ніякага дачыненьня? Пра гэта мы гутарым зь Сяргеем Навумчыкам.

(Навумчык: ) “У беларускім грамадзтве па-рознаму, часам даволі крытычна, ставяцца да погляду Салжаніцына на ролю сучаснай Расеі – у тым ліку і ў дачыненьні да Беларусі. І гэта натуральна. Але пры усім гэтым ня варта забываць, што Салжаніцын – вялікі пісьменьнік, геніяльны мастак, гэта па-першае. Па другое, ён адыграў выключную, магчыма, вызначальную ролю ў краху камуністычнай сыстэмы, і ня толькі ў Савецкім Саюзе, але і ў усясьветным маштабе.

У кнізе “Быкаў на Свабодзе” ёсьць словы Васіля Ўладзімеравіча, што салжаніцынская “грамадзянская пазыцыя змагара супраць гвалту, якая ў тых умовах здавалася слабой і бездапаможнай, паколькі належала аднаму чалавеку, ўрэшце перамагла сыстэму і дала надзею мільёнам”.

З Васілём Уладзімеравічам мы неаднаразова размаўлялі пра асобу Салжаніцына, у тым ліку і пра тыя падзеі трыццацігадовай даўніны. Канечне, Быкаву не было ў чым апраўдвацца перад Салжаніцыным, абсалютна. Але і Аляксандар Ісаевіч мае права ведаць – ці павінен ведаць, можна і так сказаць – пра тое, што Быкаў і блізка ня меў ніякага дачыненьня да кампаніі ягонага шальмаваньня, што ён катэгарычна адмовіўся падпісваць той ліст, а пра свой подпіс даведаўся з прэсы. Быкаў адразу ж паехаў у Маскву і выказаў пратэст, накіраваўшы ліст у ЦК КПСС. Тут не павінна заставацца недагаворанасьці”.

(Карэспандэнтка: ) “Сяргей, вядома, што Салжаніцын вядзе вельмі ізаляваны лад жыцьця...”

(Навумчык: ) “Так, ён ужо больш як два гады не зьяўляецца ў публічных месцах, што і зразумела – яму 85 гадоў, не дае ніякіх інтэрвію. Але ён, дзякуй Богу, не “паўпаралізаваны”, як сказала нядаўна ў “Советской Белоруссии” Сьвятлана Алексіевіч. Ён ня толькі шмат чытае, сочыць за падзеямі, але і піша – ягоныя літаратурныя нататкі рэгулярна зьяўляюцца ў маскоўскім часопісу “Новый мир”.

Магчымасьць зьвярнуцца непасрэдна да Салжаніцына ў мяне зьявілася дзякуючы блізкім да яго людзям - супрацоўнікам Рускага грамадзкага Фонду, створанага на ганарары за "Архіпелаг ГУЛаг", які дапамагае ахвярам рэпрэсыяў. Мне сказалі, што калі напішу ліст, дык ён будзе перададзены Аляксандру Ісаевічу. І гэта было зроблена. Таксама я даслаў і кнігу “Быкаў на Свабодзе”, дзе ёсьць словы Быкава пра Салжаніцына. І вось жа яшчэ: я таксама напісаў Салжаніцыну, што Васіль Уладзімеравіч разыходзіўся зь ім у поглядах на беларускую незалежнасьць, што Быкаў лічыў дзяржаўную незалежнасьць Беларусі гістарычна непазьбежнай і неабходнай”.

(Карэспандэнтка: ) “І як паставіўся Салжаніцын да гэтага разыходжаньня ў поглядах?”

(Навумчык: ) “Ня ведаю, гэта ніяк ім не было пракамэнтавана. А што да гісторыі 1973 году, дык Аляксандар Ісаевіч перадаў, што не трымае за душой супраць Васіля Ўладзімеравіча ніякай крыўды. Ён ведае, якім чынам зьяўляліся подпісы пад лістом, і што Быкаў, як і, напрыклад, Сяргей Залыгін, ня меў да гэтага ліста ніякага дачыненьня, хаця некаторыя падпісалі той ліст, і падпісалі з ахвотай. Да Быкава Салжаніцын ставіўся і ставіцца добра, як я зразумеў”.

(Карэспандэнтка: ) “Сяргей, гэта было перададзена пісьмова?”

(Навумчык: ) “Не, гэта было перададзена вусна, празь ягоную памочніцу Муніру Уразаву, з самім Салжаніцыным я не размаўляў, ды і не дамагаўся такой размовы. А пісьмова – ён падпісаў мне зборнік апавяданьняў, дзе таксама і “Адзін дзень Івана Дзянісавіча”, гэта, канечне, тое, што, як кажуць, можна перадаць у спадчыну ўнукам.

Дарэчы, памочніца Салжаніцына мне сказала, што яшчэ ў мінулым годзе Аляксандар Ісаевіч прадыктаваў ёй свае словы пра Быкава (гэта таксама тычылася той даўняй гісторыі) – ў адказ на зварот нейкай менскай газэты. Яна іх адаслала, а вось чаму гэта не было надрукавана ў Беларусі, – ня ведаю.

Хацеў бы нагадаць, што Васіль Уладзімеравіч быў адным з толькі двух беларускіх пісьменьнікаў, хто ў 1967 годзе асьмеліўся падтрымаць зварот Салжаніцына да зьезду пісьменьнікаў СССР аб скасаваньні цэнзуры. Другім быў Алесь Адамовіч. Яны паставілі свае подпісы пад салжаніцынскім зваротам. Ёсьць фотаздымак іх сустрэчы з Салжаніцыным ў тыя дні ў гатэлі “Масква”.

(Карэспандэнтка: ) “Як зрэагавалі на словы Салжаніцына сябры Быкава?”

(Навумчык: ) “Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, найбліжэйшы сябар Васіля Ўладзімеравіча, якому я патэлефанаваў на Ўшаччыну, успрыняў гэта з радасьцю. А з другім быкаўскім сябрам – Аляксандрам Лукашуком – тут, у Празе, мы выпілі з гэтай нагоды па чарцы гарэлкі, дакладней, па дзьве – адну за памяць Васіля Ўладзімеравіча, другую – за здароўе Аляксандра Ісаевіча”.

Vasil Bykau and Solzhenitsyn in Moscow, 1967 На фотаздымку: Васіль Быкаў і Аляксандар Салжаніцын. 1967 год. Гэты фотаздымак зрабіў Алесь Адамовіч.
XS
SM
MD
LG