Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валер Фралоў уступіў у “Народную грамаду”


Альгерд Невяроўскі, Менск Адзін зь лідэраў дэпутацкай групы і грамадзянскай кааліцыі “Рэспубліка” Валер Фралоў стаў сябрам сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада”. Спадар Фралоў лічыць, што цэнтрыская пазыцыя партыі найбольш адпавядае ягоным поглядам. Дэпутат гаворыць, што цяпер “Рэспубліка” будзе шчыльна супрацоўнічаць і каардынаваць свае дзеяньні зь іншымі дэмакратычнымі кааліцыямі.

Валер Фралоў быў прыняты ў “Народную грамаду” на паседжаньні Менскай гарадзкой арганізацыі гэтай партыі 19 жніўня. Адзін зь лідэраў дэпутацкай групы і грамадзянскай кааліцыі “Рэспубліка” гаворыць, што яму было зроблена нямала прапановаў ад розных партыяў, але ён спыніў свой выбар на БСДП “Народная грамада”. Генэрал Фралоў так патлумачыў сваё рашэньне ўступіць у гэтую партыю:

(Фралоў: ) “Мне здаецца, гэта вельмі цэнтрысцкая партыя, якая супраць радыкальных падыходаў. Вельмі добра, што ёсьць такая цэнтрысцкая партыя. Некалі Ленін узначальваў расейскую сацыял-дэмакратычную партыю, якая прыйшла да ўлады. Мы спрабуем зрабіць вельмі ўплывовую партыю, каб яна ўплывала на сытуацыю ў нашай краіне. З такіх вельмі добрых пазыцыяў без усялякіх рэвалюцыяў, спакойна — цэнтрысцкая добрая партыя”.

Рэкамэндацыю генэралу Фралову даў старшыня “Народнай грамады” Мікола Статкевіч. На партыйным зьезьдзе, які адбыўся ў чэрвені, спадар Стакевіч папракаў Валера Фралова спробаміа ўплываць на сытуацыю ў “Народнай грамадзе”. Кіраўніцтва партыі нават спрабавала забараніць сваім рэгіянальным арганізацыям супрацоўнічаць зь незарэгістраванымі аб’яднаньнямі. Вось як пракамэнтаваў Мікола Статкевіч уступленьне генэрала Фралова ў “Народную грамаду”:

(Статкевіч: ) “Спадар Фралоў вядомы палітык, дэпутат Палаты прадстаўнікоў, і таму, безумоўна, я вітаў гэты факт. Я даў яму рэкамэндацыю. Гэта дапаможа спадару Фралову стаць кандыдатам у дэпутаты, ён здолее яшчэ вылучыцца і ад партыі. Гэта будзе карысна ўсёй нашай партыі. Мая галоўная ці адна з галоўных задачаў — захаваньне адзінства партыі. Я вельмі нэгатыўна стаўлюся да ўсялякіх зьнешніх уплываў. Калі нехта хоча ўплываць на нашую партыю, то няхай ён уступае ў яе і працуе, паказвае справамі свой аўтарытэт і ўплывае знутры. Гэта нармальна — навошта лезьці ў акно, калі можна зайсьці празь дзьверы”.

Неаторыя сябры партыі прапанавалі абраць Валера Фралова ў цэнтральны камітэт, але генэрал адмовіўся. Ён лічыць, што спачатку трэба добра папрацаваць на выбарах, а потым ужо атрымліваць пасады й партфэлі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG