Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэнтарвыбаркам адмовіў Зінаідзе Бандарэнцы, Валеру Шчукіну й яшчэ 11 патэнцыйным кандыдатам у дэпутаты


Уладзімер Глод, Менск Усе яны скардзіліся на рашэньні акруговых выбарчых камісіяў, якія не зарэгістравалі іхных ініцыятыўных групаў. Цэнтральная выбарчая камісія задаволіла толькі 3 з 16 скаргаў.

Станоўчыя для патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты рашэньні прымаліся тады, калі памылкі акруговых камісіяў былі відавочнымі. Адзін з такіх прыкладаў — сытуацыя са Зьмітром Дашкевічам з кааліцыі “Маладая Беларусь”. Сябру ягонай ініцыятыўнай групы Аляксею Завідаву памылкова запісалі несапраўдную дату нараджэньня. Акруговая камісія, якая згодна з заканадаўствам мусіла абавязкова праверыць пашпартныя зьвесткі, гэтага не зрабіла, а адразу адмовіла ў рэгістрацыі — маўляў, Аляксей яшчэ непаўнагадовы. Але ж насамрэч хлопцу ўжо 20 гадоў, што пацьвярджаецца ягоным пашпартам ды іншымі дакумэнтамі. Таму Цэнтарвыбаркам быў вымушаны даць дазвол на рэгістрацыю групы Зьмітра Дашкевіча.

Сёньня, як і на папярэднім паседжаньні ЦВК 17 жніўня, большасьць адмоваў была на той падставе, што ў складзе некаторых ініцыятыўных групаў апынуліся людзі, якія потым пісьмова сьведчылі, што іх уключылі туды бязь іхнай згоды. Пры гэтым шматлікія сьведчаньні пра тое, што ад сяброўства ў ініцыятыўных групах людзі адмаўляюцца ў выніку ціску з боку мясцовых адміністрацыяў, ЦВК увогуле ігнаруе. Вось фрагмэнт тыповай размовы з удзелам старшыні Цэнтарвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай:

(Ярмошына: ) “Мы гэтым не займаемся. Гэта справа пракуратуры”.

(Прэтэндэнт: ) “Але ж ёсьць парушэньні...”

(Ярмошына: ) “Мы ж ня ведаем, ёсьць парушэньні ці не. Гэта толькі з вашых словаў. Гэта нічым не падмацавана”.

Прававая норма, згодна зь якой нават з-за адной асобы не рэгіструецца ўся ініцыятыўная група, выклікае ў патэнцыйных кандыдатаў абурэньне, паколькі пазбаўляюцца свайго выбарчага права дзясяткі людзей. Гаворыць народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка:

(Бандарэнка: ) “Раней як было. Нешта ня тое з адным-двума-трыма людзьмі. Выкрасьлілі іх са сьпісу, і, як кажуць, ідзём далей. Але сёлета, гэтая навіна, якая выглядае быццам бы як такая падлянка з боку Цэнтарвыбаркаму, калі адразу выкрэсьліваецца ўся ініцыятыўная група! Але ж юрыдычна гэта неабгрунтавана. Таму што гэтае іхнае новаўвядзеньне не зарэгістраванае ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь і юрыдычна ня мае ніякай моцы”.

Погляд спадарыні Бандарэнкі падзяляе і Міхаіл Пліска, які таксама прысутнічаў на паседжаньні Цэнтарвыбаркаму:

(Пліска: ) “Адзін чалавек — і не рэгіструецца цалкам ініцыятыўная група!? З майго пункту гледжаньня, гэта чысьцейшай вады фармалізм. Гэта цалкам незаконна. Таму што калі, напрыклад, выбары прызнаныя несапраўднымі на нейкім адным выбарчым участку, то гэта не азначае, што выбары не адбыліся па ўсёй выбарчай акрузе”.
XS
SM
MD
LG