Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Гомелі зьліквідаванае абласное жаночае аб’яднаньне “Ініцыятыва”


Казімір Яноўскі, Гомель Судзьдзя Гомельскага абласнога суду Анатоль Дудзіч задаволіў пазоў управы юстыцыі наконт ліквідацыі грамадзкага жаночага аб’яднаньня “Ініцыятыва”.

Абласное жаночае аб’яднаньне “Ініцыятыва” сталася шаснаццатай грамадзкай арганізацыяй у рэгіёне, зачыненай паводле прэтэнзіяў управы юстыцыі. Найчасьцей гэтыя прэтэнзіі датычылі разьмяшчэньня юрыдычных адрасоў арганізацыяў у кватэрах ейных кіраўнікоў. З гэтай прычыны атрымлівала пісьмовыя папярэджаньні і жаночае аб’яднаньне “Ініцыятыва”. А сёньня суд яго проста зьліквідаваў.

Сяброўка аб’яднаньня, кандыдат юрыдычных навук Ірына Кучвальская, якая прадстаўляла інтарэсы сваёй арганізацыі ў судзе, лічыць, што юрыдычныя адрасы — штучна створаная перашкода. Пераадолець яе грамадзкія арганізацыі ня могуць. Большая частка памяшканьняў зьяўляецца ўласнасьцю дзяржавы. Працэдура здачы іх у арэнду грамадзкім структурам ня вызначана. Зь іншага боку, у саміх арганізацыяў няма сродкаў на арэнду памяшканьняў. Юрыдычны адрас для ўладаў стаў інструмэнтам зьнішчэнньня актыўных грамадзкіх фармаваньняў.

(Кучвальская: ) “На што ідуць бюджэтныя грошы? На ўтрыманьне чыноўнікаў, якія кантралююць ды ствараюць вось гэтыя перашкоды. Дык можа лепей гэтыя грошы аддаць грамадзкім арганізацыям на тыя ж жаночыя, экалягічныя, дзіцячыя праграмы, праграмы інвалідаў? Вось гэта дзяржаўны падыход, а ня той, каб загадзя прызнаваць: грамадзкія арганізацыі — нейкія тэрарыстычныя аб’яднаньні. Чыноўнікі — ісьціна ў апошняй інстанцыі, а грамадзкія арганізацыі — гэта тэрарысты, Аль-Каіда ці яшчэ што-небудзь такое”, — сказала нашаму радыё кандыдат юрыдычных навук Ірына Кучвальская.

Паколькі многія заканадаўчыя акты й дэкрэты пярэчаць ня толькі падпісаным Беларусьсю міжнародным пагадненьням у галіне грамадзянскіх і палітычных правоў чалавека, але і беларускай Канстытуцыі, прадстаўнікі жаночай “Ініцыятывы” прапанавалі суду скарыстаць сваё права і зьвярнуцца ў Канстытуцыйны суд з просьбаю прызнаць заканадаўстава пра грамадзкія арганізацыі не адпаведнымі асноўнаму закону і міжнародным абавязацельствам. Судзьдзя Анатоль Дудзіч адхіліў гэтую прапанову.
XS
SM
MD
LG