Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Гэта бяда!” — гавораць пра закрыцьцё пачатковай школы бацькі зь Ермалавічаў


Марыя Ўсьціновіч, Бялыніцкі раён Закрыцьцё сельскіх пачатковых школаў, якое адбывалася апошнімі гадамі, улады тлумачылі малой колькасьцю вучняў і разам з тым абяцалі, што будзе арганізаваны падвоз дзяцей да навучальных установаў. Ці спраўдзілася гэтае абяцаньне? Як вяскоўцы спраўляюцца там, дзе зачынілі пачатковыя школы?

У Бялыніцкім раёне Магілёўскай вобласьці цяпер засталася толькі адна сельская пачатковая школа. Астатнія (усяго 9) у апошнюю пяцігодку былі зачыненыя, сярод іх — школа ў вёсцы Ермалавічы. Сем вучняў малодшых клясаў у мінулым навучальным годзе езьдзілі ў суседнюю школу за сем кілямэтраў. Гавораць маці школьнікаў:

(Спадарыня: ) “Дрэнна, што зачынілі школу. Калі дзеці дабіраюцца самастойна — такія маленькія, шасьцігодкі, канечне, гэта вельмі цяжка, і бацькам, і дзецям”.

(Спадарыня: ) “Цяжка. Падумайце, 9 гадоў дзіцёнку, пастой на прыпынку. Наступае школа, і ніякага жаданьня ў дзіцёнка ісьці ў школу”.

Паводле сваякоў вучняў, яны штомесяц плацілі за карыстаньне школьным аўтобусам каля 5 тысяч рублёў. Аднак гэта ня стала гарантыяй рэгулярных рэйсаў.

(Спадарыня: ) “Дзень возіць, пяць ня возіць”.

(Спадар: ) “То бэнзыну няма, то кіроўца захварэў, то аўтобус сапсаваўся. І ўсё”.

Меркаваньне наконт закрыцьця школы залежыць і ад роўню жыцьця вяскоўцаў. Тыя, у каго ёсьць магчымасьць самастойна вазіць дзяцей у школу, задаволеныя, бо дбаюць пра якасьць ведаў, якая больш высокая ў буйных школах. Іншыя бацькі ўсхваляваныя тым, што малыя, якім няма і 10 гадоў, навучыліся езьдзіць на “папутках”, каб не чакаць школьнага аўтобусу некалькі гадзінаў.

(Спадарыня: ) “Ходзяць, туляюцца вось так во, туды-сюды. Дрэнна, вядома, што школы няма, гэта вельмі дрэнна. Гэта бяда”.

Цагляны будынак Ермалавіцкай школы не выкарыстоўваецца і стаіць закінуты. Відаць, што на яго ганку палілі кастрышчы, шыбы пабітыя.

(Спадарыня: ) “Шкада, школу такую будавалі, а цяпер разбурыць усё… Душа баліць”.

Жыхары Ермалавічаў лічаць, што леташняе закрыцьцё школы было першым крокам да выміраньня вёскі. Бо неўзабаве тут зьліквідавалі й калгас.

(Спадар: ) “Калі была бы школа, то і калгасьнікі жылі б. І дзеці ўсе былі тута. Памятаю, адзін за адным, усе дзеткі бягуць, тата-маці вядуць... А цяпер дзеткі — куды іх?”

Настаўніца Вішоўскай школы, дзе цяпер вучацца ермалавіцкія малыя, лічыць, што дзеці пакутуюць з-за эканамічных праблемаў дзяржавы, якой нявыгадна ўтрымліваць малыя школкі.

(Настаўніца: ) “Я бы за то, каб дзеці хадзілі ў сваёй мясцовасьці ў школу. Але няма каго вучыць цяпер на сяле. Няма каго!”

Ермалавіцкія сяляне не разумеюць, як можна эканоміць на дзецях, і таму ў закрыцьці школы вінавацяць улады:

(Спадарыня: ) “Відаць, усё гэта залежыць ад начальства. Начальства, значыць, дрэнна ставіцца”.

(Іншая спадарыня: ) “Бачыце — такое стаўленьне хамскае”.

(Спадар: ) “Улада. Што захацелі, то і робяць”.

(Спадарыня: ) “Ні на адны выбары больш не пайду, з прынцыпу. Нагі маёй там ня будзе. Я больш ня веру гэтай дзяржаве. Больш ня веру!”

Такое стаўленьне да ўлады і выбараў выказваюць жыхары вёскі Ермалавічы.
XS
SM
MD
LG