Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары-2004: ці будуць бізнэсоўцы ў новым парлямэнце?


Валер Каліноўскі, Менск Частка бізнэсоўцаў, якія былі ў Палаце прадстаўнікоў мінулага скліканьня, не гатовыя весьці кампанію за сваё пераабраньне. Тыя ж прадпрымальнікі, што спрабуюць свае сілы ў палітычнай барацьбе, адчуваюць ціск уладаў.

Адным з найбольш уплывовых бізнэсоўцаў у дзейным складзе Палаты прадстаўнікоў быў уладальнік буйной кампаніі “Лада ОМС” Аляксей Ваганаў. Ён нават узначальваў парлямэнцкую камісію ў справе грашова-крэдытнай палітыкі й банкаўскай дзейнасьці. На гэты момант спадар Ваганаў ня ўдзельнічае ў выбарчай кампаніі, заяву аб стварэньні сваёй ініцыятыўнай групы ён не падаваў. Спадар Ваганаў кажа, што яму нібыта яшчэ ёсьць час падумаць, аднак фактычна рашэньне ён ужо прыняў:

(Ваганаў: ) “Ну, я для сябе вырашыў. Для прэсы я пакуль нічога ня вырашыў, для сваіх выбаршчыкаў”.

Пад пытаньнем і ўдзел у цяперашняй кампаніі Аляксандра Александровіча з “Ітэры”, Мікалая Скутава, які быў генэральным дырэктарам “БелРосУкрнафты”, Уладзімера Дзялендзіка ды іншых. Чым гэта выклікана? Вось меркаваньне дэпутата і прадпрымальніка Сяргея Скрабца:

(Скрабец: ) “Прэзыдэнт сказаў, што ён бізнэсоўцаў ня пусьціць у парлямэнт. Паводле ягоных словаў, ён вельмі нацярпеўся ад бізнэсоўцаў у гэтым скліканьні. Прозьвішчаў ён не назваў, але сказаў, што маўляў, хопіць іх у парлямэнт пускаць, у трэцім скліканьні іх не павінна быць. Ягоныя словы выконваюцца, бо тых людзей, бізнэс якіх ня зьнішчаны, папярэджваюць, што калі яны заявяць, што хочуць балятавацца, то разбураць іх бізнэс. Ну і вельмі добры прыклад — гэта я, мой бізнэс”.

Сяргей Скрабец спасылаўся на выказваньні Аляксандра Лукашэнкі падчас апошняга ягонага пасланьня парлямэнту. Сам спадар Скрабец цяпер называе сябе былым бізнэсоўцам, бо ягоная фірма “Беларусь-Бабаеўскае” разбураная: арыштаваныя рахункі, канфіскаваная маёмасьць і дакумэнты, частка супрацоўнікаў была арыштаваная, але цяпер адпушчаная. Спадар Скрабец удзельнічае ў выбарчай кампаніі, але кажа, што пад ціскам уладаў ягоную ініцыятыўную групу ў лідзкай акрузе пакінулі каля дзясятка чалавек.

Іншы патэнцыйны кандыдат у дэпутаты лепельскі бізнэсовец Алег Тычына таксама адчуў ціск мясцовых уладаў, калі заявіў пра свой удзел у выбарах, у тым ліку і цяжкасьці ў бізнэсе. Напрыклад, доўга ня мог зарэгістраваць купленай жонкай крамы:

(Тычына: ) “Як толькі купілі краму, пайшлі па ліцэнзію — нам заяўляюць: у вас няма землеадводу. Месяц біліся з гэтым, урэшце я дамогся, што нам гэты землеадвод не патрэбен. Тады нам кажуць, што ў нас нядобраўпарадкаваная зямля ля крамы. За два дні мы яе добраўпарадкавалі, пасадзілі кветкі, зрабілі трохкутныя клюмбы. Прыяжджае намесьнік старшыні райвыканкаму і кажа: “А чаму ў вас клюмбы трохкутныя, яны паўсюль круглыя, і кветкі ў вас не павінны быць пасаджаныя, у вас па праекце газон, дзе павінна быць трава”. Ну, я раздаў людзям трыста каліваў кветак, зраблі клюмбы круглымі, пасеялі траву. Прыяжджаюць прымаць і зноў кажуць: у вас за крамай хакейная пляцоўка. Калі пафарбуеце, дамо ліцэнзію. Я пафарбаваў гэты плот”.

Урэшце спадар Тычына зь Лепелю атрымаў ліцэнзію, але ад яго і сябраў ініцыятыўнай групы ўлады не адчапіліся, кажа ён. Гэта зьвязана толькі з тым, што ён пайшоў на выбары і стварае канкурэнцыю кандыдату ад улады Раману Ўнучку, кажа Алег Тычына:

(Тычына: ) “А чаму тады ў мяне тэлефон праслухоўваецца? А чаму за мною машына лепельскага КГБ езьдзіць? Я еду ў Новалукомль подпісы зьбіраць, і яны едуць на невялікай адлегласьці”.

Акрамя яго, з прадпрымальніцкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” ў выбарчай кампаніі ўдзельнічаюць яшчэ тры бізнэсоўцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG