Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Балоты, якія загінулі ў выніку мэліярацыі


Ягор Маёрчык, Балоты (Кобрыньскі раён Берасьцейшчыны) Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Вёска Балоты ў Кобрыньскім раёне Берасьцейшчыны. З аднаго боку поле, з трох астатніх — лес. А гэтых самых балотаў няма — загінулі ў выніку мэліярацыі. Паселішча вядомае млынам, пабудаваным на пачатку мінулага стагодзьдзя. Стаіць ён на ўскрайку вёскі. Як раз цяпер я знаходжуся на гэтым месцы. Сьцены і дах пачарнелі ад старасьці. Лесьвіца прагніла і небясьпечна рыпіць пад нагамі. Але млын спрухнелы толькі на першы погляд — крылы ж спраўна верцяцца. Хоць збожжа на ім даўно ня мелюць.

За два дзясяткі мэтраў знаходзіцца хата Мікалая Дрота. Балотную адметнасьць пабудаваў ягоны бацька. Замест гаспадара на мае пытаньні адказвае ягоная жонка Вольга Дрот.

(Карэспандэнт: ) “Я падняўся па тых прыступках. Думаў, што можна трапіць усярэдзіну, але там усё закалочана…”

(Вольга Дрот: ) “Так. Там усё закрыта. Усё начыньне”.

(Карэспандэнт: ) “Усё абсталяваньне захавалася?”

(Вольга Дрот: ) “Захавалася. Там усё стаіць. Млын працаваў, і добры некалі млын быў. Мука была добрая!”

(Карэспандэнт: ) “Чаму цяпер ня мелеце?”

(Вольга Дрот: ) “Дзед наш стары, а сын ў Кобрыні жыве. Ніхто ня хоча з маладых людзей. Маладыя людзі цяпер ня вельмі хочуць рабіць. Ім вельмі цяжка сеяць і вырошчваць. Прасьцей зайсьці ў краму і набыць”.

(Карэспандэнт: ) “А вы даўно на пэнсіі?”

(Вольга Дрот: ) “Ужо дванаццаты год”.

(Карэспандэнт: ) “Пэнсія вялікая?”

(Вольга Дрот: ) “Вялікая! 150 тысяч. Зь мяне хапае. Трымаем дзьве каровы, сьвіньні ды індыкі”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі вам год?”

(Вольга Дрот: ) “Шэсьцьдзесят шэсьць”.

(Карэспандэнт: ) “І хапае сілаў трымаць такую гаспадарку?”

(Вольга Дрот: ) “Хапае. Калі трымаеш, мусіць хапаць”.

(Карэспандэнт: ) “А што людзі ядуць у Балотах? Што на сталах бывае?”

(Вольга Дрот: ) “Усё! Можна зварыць боршч з салодкіх буракоў”.

(Карэспандэнт: ) “Бераце буракі — і што далей?”

(Вольга Дрот: ) “Іх трэба пачысьціць і варыць. Пасьля на цёрку — і закінуць у рандолю. А туды кідай, што хочаш, каб было смачна: мяса і сала. Трэба ўсё заправіць перцам і лаўровым лістом. Гэта варым да гатоўнасьці”.

(Карэспандэнт: ) “Буракі салодкія — і боршч атрымліваецца салодкі?”

(Вольга Дрот: ) “І боршч будзе салодкі. Але калі ўкінуць туды кіслых вяршкоў, атрымаецца вельмі смачна”.

Мясцовую ўладу ў Балотах прадстаўляе Валянціна Кісьлюк. Асноўныя абавязкі старасты — сачыць да парадкам і кантраляваць выкананьне загадаў райвыканкаму ды сельсавету. Сваю грамадзкую нагрузку яна перамяжоўвае з хатнімі клопатамі ды выхаваньнем унука. Спадарыню Кісьлюк я засьпеў на падворку. У нашае размове я працягваю пачатую тэму:

(Карэспандэнт: ) “Гэты млын — такая адметнасьць! Я размаўляў з гаспадаром. Казалі, што спрабавалі яго аднавіць”.

(Валянціна Кісьлюк: ) “Хацелі. Гэта яшчэ пры калгасе было, можа, гадоў пяць ці шэсьць таму”.

(Карэспандэнт: ) “Гэтую спробу хто рабіў?”

(Валянціна Кісьлюк: ) “Калгас зь сельсаветам. Туды накіравалі людзей. Плянавалася, што гэта будзе вятрак. Аднак нічога не атрымалася”.

(Карэспандэнт: ) “А ў акрузе ёсьць майстры, хто мог бы яго наладзіць?”

(Валянціна Кісьлюк: ) “Яны ўсё старыя, а моладзь цяпер не такая”.

Дзьве сотні балотных двароў месьцяцца на некалькіх вуліцах. Заасфальтаваная зь іх толькі цэнтральная. А ўсе астатнія — лысая зямля, утрамбаваная нагамі й коламі. На адной зь такіх вуліцаў я пабачыў бабульку. Пра салідны ўзрост сьведчыць ейны вонкавы выгляд: сагнутае тулава, апухлыя пальцы рук, а твар пакрыты барознамі маршчакоў.

(Спадарыня: ) “Гэтыя пашпарты мяняюць... Калі разабрацца, мы ўжо больш ня людзі, а ўжо бы тое быдла калгаснае. Гэта значыць, што я ўжо ня буду хрышчонай Дамінікай. У кампутар завядуць, і я ўжо пайду паводле нумару — як той бычок калгасны. Маладым гэта можа і добра, а нам, старым, ад гэтага вельмі прыкра. Ёсьць такія людзі, якія пашпартоў не памянялі, і іх пакрыўдзілі, ім ня выдалі пэнсіі. Я і сама не памяняла. Хай мне ўжо і той пэнсіі не даюць! Вось мы кажам, што 150 тысяч — гэта вялікая капейка. Для старога ніякая яна не вялікая! Усё дарагое: набудзь той пральны парашок, набудзь той хлеб!”

(Карэспандэнт: ) “У Балотах шмат людзей адмовіліся ад пашпартоў?”

(Спадарыня: ) “Усё старэнькія. А ў нас пыталіся?! Ці хочам мы таго нумару? Каб нам далі волю: хто хоча мяняйце — памяняйце! А мне ж той нумар не патрэбны! І кампутар мне не патрэбны!”

(Карэспандэнт: ) “А чаму людзі на пайшлі мяняць пашпарты?”

(Спадарыня: ) “Тады сатану прымеш на сваю душу. У кампутар нас занясуць, а кампутар — гэта злы дух”.

(Карэспандэнт: ) “Людзі адмовіліся ад апшпартоў і ня могуць атрымліваць пэнсіі. А на што яны жыць будуць?”

(Спадарыня: ) “Будуць ля сваіх крэўных. Галоўнае, каб Богу было ўгодна. Для старых ужо трэба больш боскага. Мне нырку выразалі. Была на тэрапіі, і там высьветлілася, што ў мяне рак. Вось так і жыву, пакуль у Бога жаданьне на тое ёсьць”.

Балоты — паселішча праваслаўнае. Тут стаіць царква. І нават ёсьць свой бацюшка — Іван з красамоўным прозьвішчам Гром. Некалі, як і ўсе вяскоўцы, ён працаваў у калгасе, быў нават ударнікам сацыялістычнай працы. Аднак вырашыў пайсьці на службу Божую. Атрымаў адпаведную адукацыю, часьля чаго яго “разьмеркавалі” ў родную парафію. На старым месцы, але ў новай якасьці бацюшка зрабіўся ледзь ня самым аўтарытэтным у Балотах чалавекам. Нават стараста Валянціна Кісьлюк прызнаецца, што стараецца са сьвятаром сябраваць і ні ў чым яму не пярэчыць. Калі айцец Іван выходзіць са свайго жытла, першай на двор паказваецца ягоная сівая і шырокая, як дзьве рыдлёўкі, барада, а затым ужо ён сам.

Што да праблемы вакол пашпартоў з асабістымі нумарамі, афіцыйная пазыцыя праваслаўнай царквы такая: гэта не пярэчыць Бібліі і для вернікаў няма ніякай небясьпекі.

Адказы айца Івана Грома былі надта кароткія і ад таго падаліся не зусім поўнымі.

(Карэспандэнт: ) “А шмат людзей адмовілася ад пашпартоў?”

(а. Іван Гром: ) “Ня ведаю. Мяркую, што мала хто ня ўзяў”.

(Карэспандэнт: ) “Гэтыя людзі ўвесь час спасылаюцца на Біблію. Вы неяк кантактуеце з тымі, хто прыходзіць у царкву…”

(а. Іван Гром: ) “Яны ў мяне нічога не пыталіся, можна такое рабіць ці не”.

(Карэспандэнт: ) “А вы іх неяк спрабавалі пераканаць?”

(а. Іван Гром: ) “А чаго я некага пераконваць буду? Яны ўсё людзі пісьменныя, людзі чытаюць Сьвятое Пісьмо, адкрыцьцё Яна Багаслова. Некаторыя людзі незадаволеныя — такое ёсьць”.

(Карэспандэнт: ) “А вы самі пашпарт памянялі?”

(а. Іван Гром: ) “Пакуль не. Гэта маё ўласнае перакананьне, узяць яго ці не”.

(Карэспандэнт: ) “Але ад 1 ліпеня старыя пашпарты несапраўдныя”.

(а. Іван Гром: ) “Я ніколі супраць уладаў не ішоў, не іду і не пайду. Я тут самы малы і самы грэшны. І ўсё на гэтым!”

Я знаходжуся на ўскрайку Балотаў. Навокал рэшткі некалькіх збудаваньняў. Паваленыя сьцены, дзірава-празрыстыя дахі й поўная адсутнасьць шыбаў у вокнах. Такое ўражаньне, што мясцовасьць перажыла бамбаваньне. Аднак гэтая вэрсія такая будзе памылковай: кароўнікі й склады разваліліся пры дапамозе часу і людзкой нядбайнасьці. На прылеглым лугу Надзея Карэшка пасьвіць каровы.

(Надзея Карэшка: ) “Жыцьцё ў нас добрае! Калгас разваліўся — усё, яго ўжо няма. А людзі працуюць, хто дзе можа. У нас адкрылася лясьніцтва. Я туды пайшла працаваць. А бальшыня стаіць на біржы”.

(Карэспандэнт: ) “А якія ў людзей заробкі?”

(Надзея Карэшка: ) “Як на дадзены момант, я яшчэ ніколі столькі не атрымлівала, бо цяпер працую ў дзяржаўнай установе. А як быў калгас, заробак зусім мізэрны быў. Я атрымлівала 15 тысяч”.

(Карэспандэнт: ) “У 2001 годзе былі выбары прэзыдэнта. Тады Аляксандар Лукашэнка абяцаў 100 даляраў. У вас цяпер ёсьць 200 тысяч заробку?”

(Надзея Карэшка: ) “У мяне няма. Зараз 150 тысяч — нейкіх даляраў 80. Сын на трактары ў лясьніцтве працуе і там 100 даляраў атрымлівае. Усе пабралі зямлю, а ня ў кожнага ёсьць трактар. Як яе абрабіць? І зямля тая будзе зарастаць. Сама ўзяла два гектары. Пасеяла жыта, а гектар пакінула на сенакос. Налета гектар угнаіць, гэта ведаеце, колькі трэба будзе гною! Сама меней зь пяці кароваў. А ў мяне столькі ня будзе. Значыць, я поле не ўгнаю і нічога адтуль не вазьму. На асушаных палетках раней бульба радзіла, а цяпер гады халодныя, і бульба ня родзіць, няма ніякага выніку”.

Памерлая калектыўная гаспадарка раней спэцыялізавалася на мясе і малацэ. На зьмену прыйшло сельска-гаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства з тэхнічным паркам — два трактары. За плату машыны працуюць на палетках вяскоўцаў на пасяўную і ў жніво. Астатні час адміністрацыя займаецца тым, што выпісвае даведкі ў цэнтар занятасьці насельніцтва. Маўляў, вакансіяў у акрузе няма. Вяскоўцам гэтыя дакумэнты патрэбныя дзеля таго, каб зарэгістравацца на біржы працы і атрымаць грашовую кампэнсацыю.

Апошнім часам Балоты жывуць прадчуваньнем замежных гаспадароў і новай дзейнасьці зь неблагімі заробкамі. Рэшткі спадчыны калгасу выкупілі замежнікі, яны зьбіраюцца разгарнуць тут свой бізнэс. Будучыя ўладальнікі падпісалі дакумэнты і зьехалі, а ў вёсцы пакінулі свайго прадстаўніка — Аляксандара Кісьлюка. Яго ў хаце не аказалася, і тлумачыць сытуацыю прыйшлося жонцы Ірыне:

(Ірына Кісьлюк: ) “Нібыта паляк зь немцамі набылі фэрмы, купілі лесапілку. І будуць тут вырошчваць шампіньёны. А мой яшчэ казаў, што будзе фэрма для коней”.

(Карэспандэнт: ) “Але ніякае будаўніцтва яшчэ не пачыналася?”

(Ірына Кісьлюк: ) “Яшчэ не пачыналася! Няма ніякай вытворчасьці. Нібыта хутка павінны пачацца працы — будуць разьбіраць рэшткі фэрмаў. У нас жа тут усё разбурана. Горш зрабіць ужо няма як!”

(Карэспандэнт: ) “На гэтай фэрме будуць працаваць мясцовыя людзі?”

(Ірына Кісьлюк: ) “Я ня ведаю. Ён, гаспадар, пакуль што майго мужа наняў вартаўніком”.

(Карэспандэнт: ) “А самі людзі вераць, што з гэтага нешта атрымаецца? І відаць, што ад гэта будзе нейкая выгада вёсцы?”

(Ірына Кісьлюк: ) “Гэта толькі ўсё пачалося. І што з гэтага атрымаецца, ня ведаю. Усё запытваюцца пра працу. Месца працы ўсе знайсьці хочуць. Але ніхто нічога пакуль ня ведае”.

Дасьледаваныя фрагмэнты жыцьця вёскі Балоты можна падзяліць на тры выразныя часткі: учора (гэта млын), сёньня (праблема з атрыманьнем новых пашпартоў) і заўтра (гэта новыя гаспадары, спадзяваньні на працу ды заробкі).

Калі раней вясковае насельніцтва чаплялася за калгасы як за апошнюю надзею, то сёньня ў новых уладальніках і будучай вытворчасьці яны бачаць ледзь не адзіны паратунак сваіх Балотаў.
XS
SM
MD
LG