Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самагубства і самагубцы ва ўяўленьнях беларусаў


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Новая перадача сэрыі “Беларуская Атлянтыда”. Удзельнічае этнакультуроляг Тацяна Валодзіна.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Што можа быць больш каштоўным за жыцьцё? Нічога, і асабліва востра гэтую каштоўнасьць адчувае чалавек перад страхам сьмерці. Гэты страх – самы моцны, усёпаглынальны, архетыпічны, уласьцівы ўсяму жывому. А здараецца, чалавек сьвядома абірае сьмерць – пераступае праз гэты страх і ставіць кропку. Становіцца самагубцам. Знайсьці апраўданьні такім учынкам цяжка, часьцей немагчыма. У той жа час статыстыка няўмольна цьвердзіць: колькасьць суіцыдаў расьце. На зьмену традыцыйнай пятлі прыходзяць парэзаныя вены, атруты лекамі, колы мэтро. А якое гора – хаваць блізкага чалавека, які да таго ж сам захацеў адысьці. Здаецца, так было заўсёды...”

(Тацяна Валодзіна: ) “Між тым, у традыцыі самагубца, загубак, вісельнік ці тапелец – прадстаўнік катэгорыі “нячыстых”, небясьпечных мерцьвякоў. Ён супрацьпастаўлены продкам, дзядам, і здольны прынесьці жывым людзям рэальную шкоду. Паколькі жыцьцё бачылася як дар, дадзены Богам, чалавек, які самахоць яго спыніў, выступаў супраць сакральнай волі й збліжаўся тым самым зь нячыстай сілай. Самагубца заставаўся па-за межамі як жывых, сваіх, так і памерлых сваякоў, заставаўся адзін”.

(Ракіцкі: ) “Натуральна, разважаючы пра колішняе стаўленьне да самагубства, культурны статус загубка, варта пачаць з матывацыяў. Сёньня кажуць, прычынаю суіцыду ёсьць безвыходная сытуацыя. Тупік. Ці ня гэтак жа меркавалі й старадаўнія беларусы? Што, на іх думку, штурхала чалавека на такі крок?”

(Валодзіна: ) “Верылі, што чалавек ня сам пазбаўляе сябе жыцьця, а даводзіць яго да самагубства ці нават непасрэдна забівае сам чорт, вадзянік, дамавік. Мэлянхалічны настрой перад самагубствам, душэўны разлад успрымаўся як д’ябальскае апанаваньне. Пра такіх у народзе казалі: чорту баран. Існуе шмат аповедаў пра настойлівае, нават назолістае падбухторваньне да пятлі чортам, які проста ў рукі суне тую вяроўку. Натуральна, прычынаю часта станавіўся канфлікт асобы з атачэньнем. І з самім сабою, вядома. Прыкладам, дзяўчына, што нарадзіла дзіця, у адчаі губіць яго і ня бачыць іншага выйсьця, як і сябе засіліць:

“Ёсьць такая расамаха, якую людзі ўяўляюць у выглядзе жанчыны з распушчанымі косамі. У нас людзі кажуць, што расамахай робіцца жанчына, як яна зьнішчыць сваё дзіця ды й сама ўтопіцца. Бачылі раз, як тая расамаха ўсхапілася сама, схапіла аберучкі дзіця ды шабулдых у бабравіну, толькі шчурачкі пашлі. Потым я такі-прысьцярог яе да ўскінуў на шыю свой хрэст. Яна падзякавала да й зьнікла, бо Бог дараваў ёй грахі да зьняў пакуту”.

(Ракіцкі: ) “Як вядома, чорт забіраў душу ў чалавека праз дамову, калі той аддаваў яе ў абмен. Але самагубца такіх дамоваў як бы не падпісвае”.

(Валодзіна: ) “Тым ня менш, лічылася, што душа самагубцы аўтаматычна пераходзіць у валоданьне нячыстай сілы. Казалі, што душу тапельніцы тут жа падхоплівае чорт сабе за жонку, а зь целам бавіцца вадзяны цар. Калі вецер круціць па полі сьнег ды заносіць дарогу, кажуць, што гэта чорт на вісельніцы жэніцца ці ведзьму замуж аддаюць шатаны. Становяцца самагубцы служкамі да чорнай работы. Існавала такое павер’е, што на самагубцах на тым сьвеце нячыстая сіла езьдзіць як на конях альбо возіць ваду”.

(Ракіцкі: ) “А можа, таму мы і кажам сёньня, калі хтось крыўдуе і ня йдзе на прымірэньне – на крыўдлівых ваду возяць?”

(Валодзіна: ) “Цалкам верагодна, бо мова часта захоўвае такія архаічныя погляды. Праўда, лепш памірыцца, чымся кідацца ў пятлю ды вазіць на тым сьвеце ваду. Дарэчы, да такога ганебнага існаваньня на тым сьвеце падводзіла ўжо само пахаваньне, значна адрознае ад пахаваньня чалавека пасьля натуральнай сьмерці”.

(Ракіцкі: ) “Сёньня ж розьніцы ў пахаваньні, бадай, не адчуваецца. Іншая рэч – ім адмаўляецца ў царкоўным адпяваньні. А як адбывалася гэта раней?”

(Валодзіна: ) “Існавала строгая традыцыя не хаваць такіх нябожчыкаў на агульных могілках. Замацавана гэта і ў царкоўных уставах. Хавалі такіх нябогаў па-за магільнай агароджай, на пэўнай адлегласьці, альбо нават недалёка ад месца суіцыду. Калі хтось павесіўся ў лесе, то і хавалі яго пад тым жа дрэвам, альбо тапельцаў – на беразе ракі. Верылі, што дзе б такога чалавека ні пахавалі, ён усё адно будзе вяртацца на месца сваёй пагібелі. Забаранялі іх нават абмываць альбо пераапранаць, хавалі ў тым жа выглядзе, як і знайшлі”.

(Ракіцкі: ) “Выглядае даволі бесчалавечна, бо гэтыя людзі не атрымлівалі належнага іншым, правільным нябожчыкам, апошняга прытулку. Нават магільнага курганку…”

(Валодзіна: ) “Здаралася, адмаўлялі нават у гэтым:

“Екраз за грэбелькай колісь тут завесіўся адзін чалавек. Его там і закапалі немаль пры самой дарозе. Ешчэ й цепер е куча, капец. На его накідалі лому, бо хто йдзе тут, то што-кольвек кіне на капец. Кажуць, што тагды вісельнік не будзе пужаць”.

Як бачым, на такую магілу накідвалі горы сучча, камянёў, нават зямлі. Усё гэта як бы перапыняла візыты такіх нябожчыкаў. А пасьмяротнае хаджэньне прыпісвалася менавіта ім, прычым хаджэньне заваднае. Фактычна, гэта ўжо становіцца ўсё адно як чорт, хаця бы пры жыцьці быў і добрым чалавекам”.

(Ракіцкі: ) “Дарэчы, так апісаў сустрэчу зь вісельнікам адзін з інфармантаў А.Сержпутоўскага:

“Як ось адтуль выскачыць вісельнік і просто на нас і садзіць. От ужэ саўсім блізко. Галава целепаетца, язык высунуў, бы лапату, вочы наверх павылазілі, от бы ў Берка лудатаго. Седзім мы, чуць жывы, толькі за аглабіна трымаемся, каб з воза не скінутца. А кабылка прэ, аж з ее пена валіць. Але кабылка прабегла ганоў двое па роўнуй дарозе, а там пашлі кулдобіны да брадкі. Падскакваюць драбінкі ўверх. Азірномся мы — вісельнік прэ за намі з усіх ног”.

(Ракіцкі: ) “І ўсё ж, чаму самагубца ўспрымаецца ў народнай традыцыі настолькі адмоўна, і нават тады, калі гэта не малады ўжо чалавек? Бо, бывае, і малады памрэ, але стаўленьне да яго не такое катэгарычнае. Адкуль гэтае непрыманьне?”

(Валодзіна: ) “Як верылі, кожнаму чалавеку суджана пражыць нейкі адрэзак часу. І Бог, доля разьмяркоўваюць на гэтым адрэзку ўсе ўчынкі. Калі жыцьцё перапыняецца сілаю, з асабістае ініцыятывы, прадвызначаная загадзя і вышэй праграма застаецца нявыкананай. Таму свой, Богам пакладзены век, самагубцы будуць дажываць ужо за магілаю. І “жыць” там будуць столькі, колькі жылі бы на зямлі, калі б іхняя сьмерць была натуральнаю. Знаходзяцца самагубцы ня там, дзе ўсе іншыя продкі, гэтак званыя дзяды, а бліжэй да людзей: часьцей за ўсё на месцы сваёй, імі ж абранай сьмерці, альбо ля магілы. І пасьля сьмерці яны захоўваюць свой нораў, свой характар і свае запатрабаваньні”.

(Ракіцкі: ) “Самагубства кагосьці зь сямейнікаў – страшэннае гора для сваякоў. Няма як апісаць пакуты маці, чыё дзіця разам перакрэсьліла і сваё жыцьцё, і бацькоўскія радасьці. Ці гора пакінутай мужам-самагубцам жонкі. Іначай і быць ня можа…”

(Валодзіна: ) “Безумоўна, цяжка кантраляваць эмоцыі. Дый застацца без кармільца на той час было цяжэй. Між тым, надта сумаваць па мужы альбо каханку-самагубцу строга забаранялася. Верылі, гэтая туга будзе прыцягваць іх, і яны стануць наведваць сваіх жонак. Натуральна, у іх вобразе гэта стане дзеяць нячыстая сіла. Ад такіх візытаў жанчына худнела, марнела і ў выніку памірала. Магла нарадзіць пачварнае дзіцятка, якое тут жа памірала альбо падхоплівалася чортам. А пазбавіцца ад такіх візытаў было надзвычай цяжка:

“Задавіўся раз мужык, а жонка плакаць, сыйшла ўся чыста. А ён давай уночы к ёй хадзіць. Цалуюцца, мілуюцца, а сама худая, аж чорная стала. Нараілі ёй: не пусьці ў хату, а каб на парозе сеў. І сьвет каб гарэў у гаршчку, сьвечка, а другім дзіравым накрый. А сама ідзі скарэй лыжкай калаці ў дзежцы. Прыйшоў, пытае: “А што гэта ты калоціш?” А яна: “Да буду сына жаніць із дачкою”. А ён: “Няма ў сьвеце праўды, каб такое было – сына з дачкой жаніла”. А яна: “То ж няма таму праўды ў сьвеце, што я цябе пахавала, а ты ка мне ходзіш”. Як зарагатаў, ветрам так зашумела, падула, і прапаў, і больш не хадзіў”.

(Ракіцкі: ) “Такая ўвага да самой зьявы суіцыду проста ўражвае. Магчыма, ёсьць у гэтым і пэўнае дыдактычнае зерне: ня варта так рабіць, вось што тады бывае. Ці ня ў гэтым сэнс падобных аповедаў?”

(Валодзіна: ) “Яно так. Але самая постаць самагубцы можа ўлучацца ў сфэру іншых уяўленьняў. У народных поглядах яны дзіўным чынам зьвязаныя з атмасфэрнымі зьявамі. Самагубцы ўсё адно як кіруюць стыхіямі, выклікаюць пажары, буры, і асабліва засуху, суш. Таму калі доўга не было дажджу, вінавацілі ў гэтым якраз вісельнікаў ці тапельцаў. Нягледзячы на пратэсты і царкоўных, і сьвецкіх уладаў, пры засухах магілы самагубцаў раскапваліся, трупы паліваліся вадою. Як аслаблены варыянт такіх звычаяў – паліваньне самое магілы:

“На Палесьсі, як засушыць, зьбіраліся бабы ля калодзежа, многа баб, і крычалі, плакалі: Макарка ўтопіўса, Макарка ўтопіўса... Крычаць кругом, галосяць, як па пакойніку. Макарка, сыночак, да вулезь з вады, разьлей сьлёзы па сухой зямлі... А дзяўчынкі калацілі ваду ў калодзежы палкамі. Клікалі і тапельцаў па імені: Іван, Іван, дай дажджу”.

(Ракіцкі: ) “Атрымліваецца, што тапельцы і на тым сьвеце як бы смагнуць, бо не пасьпелі напіцца пры жыцьці. А што тады вісельнікі, якія ім прыпісваюцца, так бы мовіць, здольнасьці?”

(Валодзіна: ) “Асобныя таварышы імкнуліся схаваць вяроўку, на якой хтось засіліўся. Верылі, калі карчмар хацеў прывабіць наведнікаў, ён мусіў перацягнуць такой вяроўкай дарогу і закапаць яе перад парогам. А пяском з магілы вісельніка маглі скарыстацца злодзеі, абнёсшы ім хату і ссыпаўшы з заходняга боку, такім чынам, яны ўсыплялі ўсіх насельнікаў”.

(Ракіцкі: ) “Але і ў гэтых кантэкстах вельмі выразныя ідэі гвалту, прымусу. Чалавек гвалціць сваё жыцьцё – і пасьля сьмерці сее наўкола гвалт. А сам застаецца адзін, вечна, альбо зь нячыстаю сілай... Ці не падставы гэта задумацца, прыпыніцца, калі становіцца сьвет нямілы і цягнецца рука да пятлі ці атруты. Самагубства – гэта ня выйсьце, яно толькі пачатак пакутаў яшчэ больш страшных, і вечных. Так лічылі продкі сучасных беларусаў”.
XS
SM
MD
LG