Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі навуковец Марк Эдмундсан прыйшоў ды высновы, што чытаць можа быць рызыкоўна


Тацяна Поклад, Вільня “Навошта чытаць?” – кніга з такой назвай з’явіцца у наступным месяцы. Яе аўтар, прафэсар з Унівэрсытэту Вірджынія Марк Эдмундсан, падае вынікі свайго дасьледаваньня і гаворыць, як бы ні было гэта нечакана, пра нэгатыўныя бакі чытаньня. Ён папярэджвае, чым чалавек рызыкуе, калі чытае.

Навукоўца распавядае зусім не пра агульнавядомыя рэчы кшталту таго, што для фізычнага здароўя больш карысна не праседжваць гадзінамі над кнігамі, а пазаймацца якой-небудзь актыўнай дзейнасьцю.

Цяпер Амэрыка, як выглядае, заклапочаная, як прывабіць людзей да чытаньня. Чытаньне, сапраўды, дае амаль неабсяжныя магчымасьці для разьвіцьця і самаўдасканальваньня. Кнігі могуць прыносіць шмат добрага. Аднак варта заўсёды мець на ўвазе, што чытаньне злучанае з пэўнай небясьпекай.

Прафэсар Эдмундсан кажа, што найлепшы спосаб успрымаць чытаньне як другі найвялікшы шанец у сваім жыцьці. Такі падыход выяўляе і карысьць, і небясьпеку кнігаў.

Кожны чалавек вырастае і сталее адзін раз: ён праходзіць праз працэс сацыялізацыі, прыстасоўваецца да жыцьця ў грамадзтве. Мы засвойваем, што слушна і што – не, што добра і што дрэнна ад нашых бацькоў, потым – ад нашых настаўнікаў, ад сьвятароў. Мы кіруемся тым, што прынята называць здаровым сэнсам – тым, што засвойваецца шляхам спробаў і памылак, празь перажываньні, гора і ўцеху. Фактычна, добра сацыялізаваны чалавек – гэта нешта накшталт твора мастацтва.

Аднак для многіх людзей, звыклыя працэсы сацыялізацыі не спрацоўваюць. Засвоеныя ад аўтарытэтаў каштоўнасьці не надаюцца для іх асабістага жыцьця. І менавіта гэтыя людзі часьцяком захапляюцца чытаньнем. Яны робяцца апантанымі чытаньнем. Яны чытаюць ня дзеля інфармацыі і ня дзеля асалоды на нейкі час перанесьціся ў прыгажэйшы сьвет. Не, яны чытаюць, каб перарабіць сябе.

Гэтае памкненьне можа быць сьвядомае альбо несьвядомае. Такія людзі чытаюць, каб ізноў прыстасавацца да грамадзтва – сацыялізавацца ізноў, але на гэты раз ня ў сьвет сваёй вёскі альбо гораду, але ў іншы сьвет з іншымі каштоўнасьцямі. Такія людзі імкнуцца зьмяніць альбо зьнішчыць вынікі уплываў іх бацькоў альбо настаўнікаў. Яны імкнуцца засвоіць іншыя каштоўнасьці, якія, як ім здаецца больш вартасныя альбо больш надаюцца для іх натуры. Небясьпека ў тым, што у выніку звычайна адбываецца адваротнае – такія людзі ўсё далей губляюць сябе у рэальным жыцьці, робяцца больш бездапаможнымі.

Ёсьць і іншыя небясьпекі. Вядома, словы маюць вялікую моц. Да прыкладу, празь дзесяць гадоў чалавек часьцяком не прыгадае, якую нагу зламаў – левую ці правую, але што да словаў, якія пакрыўдзілі, зачапілі да глыбіні душы – іх памятаюць і празь дзесяцігодзьдзі. Словы, якія ўразілі, узьдзейнічаюць настолькі глыбока, што сьлед ад іх застаецца на ўсё жыцьцё – і гэтак мала яшчэ вядома пра тое, наколькі такі уплыў можа пашкодзіць.

Амэрыканскі паэт Робэрт Фрост казаў, што вершы могуць мець моц і узьдзеяньне, гэткае ж як абраза альбо сапраўдны напад. Пры гэтым перад кнігай – перад магчымым узьдзеяньнем слова напісанага – мы паўстаем звычайна значна менш абароненымі, чым перад жывымі людзьмі. Паводле прафэсара Эдмундсана, відавочна, што моц чытаньня – моц словаў – не заўсёды моц добрая, альбо – не для ўсіх добрая.
XS
SM
MD
LG