Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці існуе ў Беларусі нелегальны рынак зброі?


Міхал Стэльмак, Менск У Ляхавічах выкрыты падпольны цэх па вырабе зброі. Што ўяўляў сабой гэты цэх? Ці ёсьць у Беларусі нелегальны рынак зброі? Як пасьпяхова змагаецца зь ім беларуская міліцыя?

У Ляхавічах, насамрэч, зараз шмат размоваў пра нядаўна ліквідаваны тут падпольны выраб зброі. Але пры гэтым канкрэтных зьвестак пра збройны бізнэс мясцовых дзялкоў, шчыра кажучы, мала. Мясцовая раёнка, напрыклад, паведаміла пра гэта адным радком. Ляхавіцкія міліцыянты сьцьвярджаюць, што яны ня маюць ніякага дачыненьня да выкрыцьця, бо гэтым, маўляў, займаліся супрацоўнікі па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю зь Берасьця. Падобна, што яны маюць рацыю. Ва ўсялякім разе вось што паведаміў мне прадстаўнік Упраўленьня унутраных спраў Берасьцейскага аблвыканкаму Віктар Васілеўскі:

(Васілеўскі: ) “У Ляхавічах была затрымана група людзей, гэта два чалавекі, адзін зь якіх займаўся рэалізацыяй зброі і выбуховых рэчываў, а другі –майстар “залатыя рукі”, ён працаваў сьлесарам – быў умельцам па аднаўленьні зброі часоў Другой усясьветнай вайны, якую яму збывалі “чорныя капальнікі”. Апроч таго, ён умеў гэтую зброю ўдасканальваць. Чаму яны патрапілі ў поле зроку праваахоўных органаў? Таму што ў ходзе апэратыўных мерапрыемстваў было высьветлена, што гэтыя людзі гатовыя прадаць зброю. Узбуджаная крымінальная справа. Перад сьледчымі стаіць задача высьветліць, як доўга яны працавалі”.

Са словаў прадстаўніка берасьцейскай міліцыі можна зрабіць выснову, што ў Беларусі ёсьць нелегальны рынак зброі. Бо калі выкрыты яе гандляры, то, відавочна, ёсьць і яе пакупнікі. Статыстычных зьвестак наконт таго, наколькі гэты рынак вялікі, няма. Гэтак жа як няма ў Беларусі статыстыкі наконт нелегальнага рынку, скажам, падробных лекаў. Але, у сапраўднасьці, як вядома, лекі такія ёсьць і іх досыць шмат.

Што тычыцца зброі, то міліцэйскія зводкі штодзённа паведамляюць пра разбойныя напады, рабаўніцтвы, забойствы. Вялікая частка зь іх адбываецца з выкарыстаньнем зброі. У гэтых зводках фігуруюць самаробныя пісталеты, вінтоўкі, нават аўтаматы з самаробнымі прыкладамі, выбуховыя рэчывы. Беларускія “майстры-залатыя рукі” удасканальваюць канструктыўныя элемэнты зброі, напрыклад, ствалы, ставяць самаробныя глушыльнікі, нават усталёўваюць на ёй электроннае начыньне. Дарэчы, ляхавіцкія гандляры зброі, напрыклад, былі злоўленыя міліцыянтамі на продажы дробнакалібэрнай вінтоўкі з аптычным прыцэлам, за якую яны прасілі 200 даляраў.

З гэтага вынікае, што нелегальны рынак зброі ў Беларусі, насамрэч, ёсьць. Прынамсі, Міністэрства унутраных спраў, як сьцьвярджаюць яго прадстаўнікі, вядзе зь ім змаганьне. У прыватнасьці, вось што паведаміў мне на гэты конт супрацоўнік Упраўленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў гэтага міністэрства Віталь Грыцкевіч:

(Грыцкевіч: ) “Мы праводзім месячнік “Арсэнал” па здачы зброі. Канфіскуем. Такога нелегальнага рынку, кропкі нейкай, няма. Мы раскрываем злачынствы, калі нехта імкнецца вырабіць нешта, альбо “чорныя” капальнікі знаходзяць зброю, а потым намагаюцца збыць”.

(Карэспандэнт: ) “А ці шмат такіх капальнікаў альбо тых, хто незаконна вырабляе зброю?”

(Грыцкевіч: ) “Яны не ствараюць ніякага рынку. Проста яны хочуць зарабіць. Напрыклад, ёсьць у іх стрэльба ці дзьве. І іх імкнуцца камусьці прадаць. А такога арсэналу, каб чалавек мог прыйсьці выбраць і нешта купіць, такога адназначна няма”.

(Карэспандэнт: ) “А вось калі праводзіцца апэрацыя “Арсэнал”, то якую зброю здаюць людзі?”

(Грыцкевіч: ) “Розную. Ад звычайных двухстволак – напрыклад, бабуля, якая жыве ў вёсцы. Навошта бабулі стрэльба? Вось яна яе і здае. І патроны здаюць. І ўсялякага роду зброю”.
XS
SM
MD
LG