Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня піце кампоту, калі ў ім аса


Падрыхтавала Юлія Шарова, Менск Агляд беларускіх газэт

Сёньняшнія беларускія газэты, як ня дзіўна, багатыя на матэрыялы пра розныя здарэньні. “Камсамольская праўда ў Беларусі” зьмяшчае артыкул “Пэдафіл з суседняга двара”. Дарослы мужчына, што жыве ў сталічным мікрараёне Сухарава, ледзьве ня збэсьціў васьмігадовага хлопчыка. Маці хлопчыка падала заяву ў міліцыю, аднак пэдафіла чамусьці адпусьцілі й складу злачынства ў ягоных дзеяньнях не знайшлі. Гэты чалавек жыве па суседзтве са сваёй патэнцыйнай ахвярай, і бацькі цяпер хаваюць ад яго хлопчыка недзе за горадам, бо лічаць, што жыцьцю й здароўю дзіця пагражае небясьпека.

“Віцебскі кур’ер” піша сёньня пра іншага злачынцу, які ўсё ж трапіў за краты: опэрупаўнаважанага раённага аддзелу міліцыі злавілі на спробе атрыманьня хабару. Сума аказалася даволі сьмешнай, усяго 420 даляраў, аднак няўдалага хабарніка прысудзілі на два гады зьняволеньня.

“Колькі каштуе падзеньне з паліцы?” – матэрыял пад такім загалоўкам друкуе сёньняшні “Віцебскі кур’ер”. Калі позьняй ноччу ад рэзкага тармажэньня цягніка пасажыр зьлятае з другой паліцы і набівае ў найлепшым выпадку толькі гузакі, ён часьцей за ўсё ціха лаецца… і зноў лезе на паліцу. Аднак мала хто ведае, што за некаторыя сур’ёзныя траўмы, атрыманыя ў міжгароднім цягніку ці аўтобусе, належыць ня толькі маральная кампэнсацыя, але й грашовая. Для гэтага жыцьцё пасажыра й страхуецца – страхоўка ўлучаецца ў кошт квітка. Падрабязнасьці – у сёньняшнім нумары “Віцебскага кур’ера”.

Сёньняшняя “Рэгіянальная газэта” расказвае пра трагічнае здарэньне пад Маладзечнам. На ўласным лецішчы, што непадалёк ад санаторыя “Плёсы”, ад укусу асы загінула 76-гадовая жыхарка гораду Марыя І. Вось як газэта пераказвае здарэньне: “Жыхарка Маладзечна прыехала на дачу, дзе выпіла кампоту. У напоі аказалася аса. Жамярына ўджаліла жанчыну ў горле. Праз 30-40 хвілін пацярпелая зьвярнулася да суседкі, сказала, што ёй блага. Муж суседкі на машыне адвёз жанчыну ў санаторый, дзе быў мэдпункт. Выйшаўшы з машыны, Марыя прайшла некалькі мэтраў і ўпала. Мэдсёстры санаторыя выклікалі “хуткую дапамогу“ й паспрабавалі дапамагчы самі. Лекары з гораду прыехалі праз 18 хвілінаў пасьля выкліку. Дажалю, на момант іхнага прыезду жанчына была ўжо мёртвая. Мэдыкам засталося толькі канстатаваць сьмерць. Мяркуюць, што ад шоку”.
XS
SM
MD
LG