Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20 жніўня Цэнтрвыбаркам разгледзіць апошнія скаргі на адмову рэгістраваць ініцыятыўныя групы кандыдатаў у дэпутаты


Уладзімер Глод, Менск Сёньня Цэнтральная выбарчая камісія разгледзіць апошнія 13 скаргаў на адмову акруговых камісіяў у рэгістрацыі ініцыятыўных групаў кандыдатаў у дэпутаты. Сярод тых, чые скаргі будуць абмяркоўваць сёньня, народная артыстка Беларусі, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР Зінаіда Бандарэнка, дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі 13 скліканьня Валеры Шчукін, прадстаўнік кааліцыі “Маладая Беларусь” Зьміцер Дашкевіч ды іншыя. Чыя справа з гэтых 13-ці выклікае найбольшы рэзананс?

Найбольш цікавай і нечаканай выглядае заява Валерыя Шчукіна. Яе спрабавалі разгледзець яшчэ на мінулым паседжаньні, якое адбылося ва аўторак, але потым перанесьлі на сёньня. Справа ў тым, што ў ініцыятыўнай групе Валерыя Шчукіна ёсьць адна асоба з расейскім грамадзянствам. І менавіта гэта стала падставай для акруговай камісіі адмовіць спадару Шчукіну ў рэгістрацыі ягонай ініцыятыўнай групы. Вось як распавядае пра гэта Валеры Шчукін:

(Шчукін: ) “Згодна з артыкулам 58 Выбарчага кодэксу грамадзяне Расеі, якія на стала жывуць у Беларусі, надзеленыя выбарчым правам. Яны могуць абіраць дэпутатаў абласнога й гарадзкога саветаў, яны могуць быць абраныя дэпутатамі абласнога й гарадзкога саветаў. І меркаваць, што дэпутат гарадзкога савета ня мае выбарчага права, такое мне ў галаву не прыходзіла”.

Сытуацыя з Валерыем Шчукіным усё ж выключная. А якія найбольш характэрныя памылкі дапускаюць кандыдаты ў дэпутаты, што перашкаджае ім зарэгістраваць свае ініцыятыўныя групы?

Перадусім – гэта тое, што некаторыя сябры ініцыятыўных груп пісьмова сьведчаць пра тое, што яны не давалі асабістай згоды ўключаць іх у склад груп. У сваю чаргу, кандыдаты ў дэпутаты сьведчаць, што гэтыя людзі раней давалі згоду. Але пасьля таго як на іх ажыцьцяўляўся ціск з боку ўладаў, яны адмаўляліся ад папярэдніх дамоўленасьцяў.

Але Цэнтрвыбаркам па сутнасьці адмаўляецца разглядаць такія сытуацыі. Вось што кажа пра гэта старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына падчас яе размовы з кандыдатам у дэпутаты па Капыльскай выбарчай акрузе Віктарам Дашкевічам:

(Ярмошына: ) “Мы гэтым не займаемся. Гэта справа пракуратуры.”

(Дашкевіч: ) “Але ж ёсьць парушэньні...”

(Ярмошына: ) “Мы ж ня ведаем, ёсьць парушэньні ці не. Гэта толькі з Вашых словаў. Гэта нічым не падмацавана. Справа ў тым, што старшыня гаворыць нам абсалютна супрацьлеглае. Цалкам верагодна, што яна прадставіла непраўдзівыя зьвесткі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG