Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея дасьць Беларусі 150 мільёнаў даляраў крэдыту на газ


Юры Сьвірко, Менск У чацьвер урад Расеі ўхваліў прапанову даць Беларусі на пяць гадоў крэдыт 175 мільёнаў даляраў, зь якіх 150 мільёнаў пойдуць на кампэнсацыю падвышаных сёлета цэнаў на расейскі газ. Гэтае рашэньне было прынятае пасьля падпісаньня прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным закону, паводле якога Беларусь пакуль застаецца адзіным выняткам у газавым гандлі Расеі.

У сераду маскоўскія крыніцы паведамілі, што падпісаны прэзыдэнтам Пуіцным закон аб пераходзе Расеі на выплату ўскосных падаткаў паводле краіны прызначэньня ня будзе датычыць Беларусі. Радыё Свабода перадало, што для Беларусі захаваецца цяперашні прынцып спагнаньня падатку на даданую вартасьць з нафты й газу паводле краіны паходжаньня, то бок падатак застанецца ў бюджэце Расеі. Аднак прэсавая сакратарка Аляксандра Лукашэнкі, паведамляючы пра ягоную тэлефонную размову з Уладзімерам Пуціным, зазначыла, што Пуцін паінфармаваў Лукашэнку аб падпісаньні закону, і дадала: “Згодна з гэтым дакумэнтам, Расея цалкам перавяла сыстэму выплаты падатку на даданую вартасьць на “прынцып краіны паходжаньня” безь якіх-небудзь выняткаў і абмежаваньняў”. Прэсавая сакратарка Натальля Пяткевіч адзначыла таксама, што скасаваньне выняткаў што да выплаты гэтага падатку будзе спрыяць разьвіцьцю таваразвароту паміж Беларусьсю й Расеяй.

На наступны дзень расейскі ўрад выдаткаваў Беларусі на падтрыманьне гэтага таваразвароту крэдыт 25 мільёнаў даляраў. Яшчэ 150 мільёнаў Менск возьме ў крэдыт, каб разьлічыцца сёлета за той самы газ, які нібыта будзе пастаўляцца ў Беларусь без спагнаньня падатку ў Расеі.

Дык ці скасавала Расея падатак на даданую вартасьць для нафты й газу, якія яна прадае ў Беларусь? У беларускім Міністэрстве падаткаў і збораў, дзе ведалі пра заяву Натальлі Пяткевіч, пагадзіліся адказаць на гэтае пытаньне толькі ананімна:

(Супрацоўніца: ) “Сёньня ўсе пачулі й ня ведаем… Нашы ўсе супрацоўнікі ўчора паехалі ў Маскву, на распрацоўку пагадненьня. Для нас гэта навіна. Мы плянавалі, мы павінны распрацаваць пагадненьне, мы павінны прыйсьці да гэтага, але з 1 студзеня 2005 году”.

На чарговым брыфінгу ў Міністэрстве замежных справаў я спытаўся ў яго прэсавага сакратара Андрэя Савіных, калі ж пачне дзейнічаць для Беларусі падпісаны Ўладзімерам Пуціным закон. Адразу адказаць ён ня быў гатовы, але пазьней, пасьля кансультацыяў, паведаміў:

(Савіных: ) “Мы яшчэ па сваіх каналах, праз амбасаду, нічога не атрымалі. Як патлумачылі ў Міністэрстве фінансаў Беларусі, пакуль прыняты ў Расеі закон датычыцца толькі іншых краінаў Садружнасьці. Для Беларусі спагнаньне ПДВ падчас паставак нафты й газу з Расеі будзе скасаванае толькі пасьля падпісаньня міжурадавага пагадненьня аб ускосных падатках”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG