Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускі бокс. Як рыхтуюцца спартоўцы, якія маюць пляны і якія праблемы


Алег Дашкевіч, Менск Беларускі бокс мае немалое прадстаўніцтва ў Афінах – на алімпійскі рынг выйшлі шэсьць спартоўцаў зь Беларусі. Ад часу чэмпіёна Сэулу Вячаслава Яноўскага такіх рэальных шанцаў на мэдаль у боксе Беларусь ня мела. І вось – значны крок наперад. Асабліва калі ўзяць пад увагу, што ліцэнзіі на ўдзел у спаборніцтвах здабылі прадстаўнікі дзьвюх найпрэстыжнейшых цяжкіх вагавых катэгорыяў. Такое дасягненьне даволі нечаканае: бокс ніколі ня меў статусу спорту-фаварыта, як, да прыкладу, хакей ці футбол.

Да апошняга часу беларуская школа боксу дасягненьнямі аб’ектыўна саступала баксэрскім школам суседніх дзяржаваў. Асноўная прычына – тое, што дужа цяжка было прабіцца ў склад зборнай СССР. Каб трапіць на Алімпіяду ці чэмпіянат сьвету, трэба было выступаць на парадак лепш, чым супернік, іначай Масква аддавала перавагу сваім. Толькі калі Беларусь стала выступаць асобнай камандай, мэдалёвы запас беларускіх баксэраў пачаў больш-менш рэгулярна папаўняцца. Дый аўтарытэт краіны ў гэтым відзе двубояў значна падрос: некалькі гадоў таму краіне даверылі правесьці чэмпіянат Эўропы, дзе паўцяж Сяргей Ляховіч стаў срэбным прызэрам. Што да Алімпійскіх гульняў, то ў Сыднэі выступаў адно сярэдневагавік Сяргей Быкоўскі – ён да мэдаля не дабраўся. Што ж адбылося зь беларускім боксам за апошні час, што дазволіла так шырока прысутнічаць на рынгах Афінаў?

Старшыня Беларускай фэдэрацыі боксу Аляксандар Грыгараў:

(Грыгараў:) “Мы пачалі ствараць каманду задоўга да Алімпійскіх гульняў. На працягу пяці гадоў працавалі на Гульні 2004 году. Мы далі сябе праявіць кожнаму таленавітаму баксэру, усталявалі вельмі добрыя сувязі з францускай фэдэрацыяй боксу, вельмі добрыя кантакты склаліся з украінскімі, літоўскімі, расейскімі атлетамі... Мы ўвесь час працавалі для пашырэньня сувязяў як з блізкім, так і з далёкім замежжам, каб падрыхтаваць сваіх спартоўцаў да сустрэчаў з самымі рознымі супернікамі”.

Баксэры сваім прыкладам даказалі плюсы інтэграцыі ў сусьветную супольнасьць: каб быць канкурэнтаздольным, трэба пераймаць досьвед найлепшых. Да таго ж, паводле сп. Грыгарава, фэдэрацыі боксу ўдалося ў супрацы з французамі зарабіць каля шасьцідзесяці тысяч даляраў, якія ўклалі ў падрыхтоўку да Афінаў.

Журналіст спартовай газэты “Прессбол” Сяргей Аляхновіч заўважае: беларускі бокс сваім посьпехам можа быць абавязаны толькі тым людзям, якія сумленна выконваюць свае прафэсійныя абавязкі.

(Аляхновіч:) “Бокс выбіўся сваім мазалём, бо гэты від спорту ды іншыя віды адзінаборстваў не карыстаюцца вялікай павагай у нашай дзяржавы. Людзі самі зрабілі тое, што яны зрабілі. Гэта ў першую чаргу заслуга фэдэрацыі й тых трэнэраў, што працуюць са спартоўцамі”.

Можна толькі здагадвацца, як прыкра таму самаму Сяргею Быкоўскаму, якога няўважлівасьць беларускага чынавенства пазбавіла магчымасьці пазмагацца за мэдаль. Ён прыехаў у Афіны, але на рынг ня выйшаў. Усё банальна: яму папросту не зрабілі алімпійскай акрэдытацыі. Чаму адзінаборствы ня маюць належнай падтрымкі з боку дзяржавы, тэма асобнай гаворкі. Тым часам адзінаборствамі ў Беларусі цікавяцца й хочуць займацца многія. Адным толькі боксам цяпер займаецца каля сямі тысяч чалавек.

Вось як тлумачаць сваё захапленьне боксам юныя атлеты.

(Першы атлет:) “Галоўным матывам было тое, што я хацеў у жыцьці нечага дабіцца, каб маім нашчадакм было ня сорамна за мяне, каб паказаць ім добры прыклад. Бокс памагае ня толькі абараніць сябе, але й прымаць рашэньні за долю сэкунды”.

(Другі атлет:) “Каб менш траціць часу на паходы ў кампутарны клюб, каб навучыцца пастаяць за сябе. Цяпер значна лепш адчуваю сябе сярод аднагодкаў”.

Вытворца рыштунку для двубояў Алег Радзюк ня мае праблем са збытам сваёй прадукцыі – яна стабільна карыстаецца попытам. Але невыносныя падаткі шкодзяць спонсарскім памкненьням.

(Радзюк:) “Гэта спорт наш, таму што бокс і разьвіваецца ў такіх краінах, дзе жыцьцё ня надта. Па маю прадукцыю прыходзяць розныя людзі, зусім розныя. Тут сустракаюцца людзі самых розных прафэсіяў і слаёў. Калі б на тую суму, на якую ты як спонсар падарыў клюбу рыштунак, вызвалялі ад падаткаў, было б лепш усім, і клюбу, і дзяржаве. Але ж у нас як? Чым больш ты цягнеш, тым больш на цябе грузяць”.

Тэму працягвае трэнэр баксэраў Анатоль Ліс.

(Ліс:) “Праблемы з наборам няма, народ хоча вучыцца адзінаборстваў, каб упэўнена пачувацца ў жыцьці. Праблема ў іншым: прабіць спартовую залю для навучаньня дзяцей дзе-небудзь у мікрараёне папросту немагчыма. Абяцаюць, водзяць за нос, а ўрэшце памяшканьне альбо аддаюць пад што іншае, альбо яно так і застаецца нядзейным. Напрыклад, я ў сваім Сухараве больш за восем год дабіваўся, так нічога й ня выйшла”.

Але бываюць і іншыя гісторыі. Ужо колькі гадоў гэты від спорту прапісаўся ў менскім клюбе “Рэактар”, дзе баксэрскія баі – як аматарскія, так і прафэсіянальныя – неадымная частка клюбнай праграмы, якая падабаецца наведнікам. Гаворыць дырэктар клюбу Аляксей Аляксеевіч.

(Аляксеевіч:) “Клюб “Рэактар” ад пачатку задумваўся як бокс-клюб. Некалі ў нас быў стацыянарны рынг, пасьля мы зрабілі разборны. Мы працавалі з прафэсійнымі баксэрскімі клюбамі, цяпер працуем з Нацыянальным алімпійскім камітэтам. Для клюбу гэта імідж, гэта рэкляма. Прыемна чуць, што людзі, тытулаваныя цяпер, некалі выступалі ў “Рэактары”. Адзін-два разы ў месяц, як у нас праводзяцца баі, людзі самі звоняць, пытаюцца, калі ў вас бокс. Людзі любяць відовішча, тым болей спорт, тым болей бокс”.

Прафэсійны бокс існуе ў Беларусі параўнальна нядаўна, гадоў дзесяць. Прафэсійная асацыяцыя заключыла джэнтэльмэнскае пагадненьне з калегамі- аматарамі – паабяцала не пераманьваць баксэраў у прафэсіяналы. Ганарары профі невялікія, усяго пяцьдзясят даляраў за раўнд. Хоць такіх знакамітых спартоўцаў, як украінцы браты Клічко, беларусы ня маюць, але й сярод нашых ёсьць выдатныя баксэры, дый амбіцыі ў іх не малыя. Гаворыць старшыня Беларускай асацыяцыі прафэсійнага боксу Эдуард Дубоўскі:

(Дубоўскі:) “Нашая асноўная задача – падрыхтаваць чалавека роўню Клічко або Майка Тайсана. Цяпер у нас многа дастойных баксэраў, а Сяргея Ляховіча (за 21 бой адна параза) мы зьбіраемся прывезьці ў Менск і тут арганізаваць бой за тытул чэмпіёна сьвету паводле вэрсіі Ўсясьветнай баксэрскай рады”.

Цяпер шмат гавораць аб прафэсійных пэрспэктывах двух нашых цяжкавагавікоў – Віктара Зуева й Аляксандра Апанасёнка. Трэнэры разглядалі і аднаго, і другога як асноўных прэтэндэнтаў на алімпійскія мэдалі Афінаў, асабліва Зуева, які зь ніводнага чэмпіянату без узнагарод не вяртаўся. Журналіст Сяргей Аляхновіч, зрэшты, як і трэнэры зборнай, лічыць, што хлопцы пакуль што застануцца ў складзе нацыянальнай каманды.

(Аляхновіч:) “Пасьля гэтай Алімпіяды, мусіць, не. У прафэсіяналы ідуць людзі больш сталыя, якім за дваццаць пяць. Таму думаю, што й наступны алімпійскі цыкль яны будуць баксаваць як аматары”.

Паводле ацэнак спэцыялістаў, цяжам па сілах заваяваць на самым высокім у іхным жыцьці рынгу алімпійскі мэдаль. Што да іншых удзельнікаў беларускай каманды, то свой першы бой выйграў сярэдневагавік Бярнадзкі і ў двух баяг перамог паўцяж Арыпгаджыеў. Апошні ў анкеце ўдзельніка Алімпіяды назваў сваім крэда змаганьне. Хоча стаць алімпійскім чэпімёнам. Ён пакуль што не жанаты. Магчыма, алімпійская ўзнагарода скарэктуе яго жыцьцёвую пазыцыю. Посьпех у Афінах дадасьць імпэту ня толькі самім баксэрам, але й шматлікім прыхільнікам боксу ў краіне.
XS
SM
MD
LG