Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бярозе распачаўся суд над юрыстам і праваабронцам Аляксандрам Шавелем


Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць Ён абвінавачваецца ў абразе пракурора Бярозаўскага раёну. Як сьцьвярджаюць мясцовыя апазыцыянэры, гэты судовы працэс мае непасрэднае дачыненьне да выбарчай кампаніі, бо спадар Шавель ёсьць сябрам адной з ініцыятыўных групаў.

Нагодай да разгляду адміністрацыйнай справы стаўся інцыдэнт, які здарыўся 18 жніўня ў калідоры Бярозаўскага раённага суду. Аляксандар Шавель у гэты дзень абараняў інтарэсы вайскоўца, якога мясцовыя ўлады спрабуюць пазбавіць службовай кватэры. У часе перапынку ў калiдоры да спадара Шавеля падышоў пракурор Бярозаўскага раёну Мячыслаў Курыловіч. Размова скончылася тым, што пракурор раптам выклікаў міліцыянтаў і загадаў скласьці пратакол, бо Аляксандар Шавель нібыта абразіў яго як службовую асобу.

Міліцыянты адвезьлі спадара Шавеля ў пастарунак, дзе пратрымалі ўсю ноч. Родным і знаёмым бярозаўскага праваабаронцы нават не дазволілі перадаць яму асабістыя рэчы.

У самым пачатку паседжаньня Аляксандар Шавель заявіў хадайніцтва пра ўдзел у працэсе адваката. Судзьдзя Вадзім Мазоль спрабаваў пераканаць спадара Шавеля, што ён можа асабіста абараняць сябе ў гэтай справе альбо запрасіць кагосьці зь бярозаўскіх юрыстаў. Урэшце судзьдзя вырашыў перанесьці разьгляд справы на 20 жніўня і дазволіў спадару Шавелю выйсьці на волю.

Сябры апазыцыйных палітычных партыяў наўпрост зьвязваюць гэты судовы працэс з выбарчай кампаніяй у Палату прадстаўнікоў. Вось што распавёў кіраўнік Берасьцейскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Юрась Губарэвіч, які мае намер вылучацца кандыдатам у дэпутаты ў Бярозаўскай выбарчай акрузе:

(Губарэвіч: ) “Шавель ёсьць сябрам маёй ініцыятыўнай групы збору подпісаў. Ёе вядомы і аўтарытэтны ў Бярозе чалавек. У яго вельмі добра атрымліваецца: самастойна сабраў некалькі соцень подпісаў. І ўлады такім чынам паспрабавалі выключыць яго зь перадвыбарчага працэсу, таму што арышт на 15 сутак — гэта тыя суткі, што засталіся да завяршэньня збору подпісаў. І адпаведна запалохаць усіх астатніх сябраў ініцыятыўнай групы”.

Варта дадаць, што ў Бярозаўскай выбарчай акрузе зарэгістраваная рэкордная для гэтага рэгіёну колькасьць ініцыятыўных групаў — дзесяць. Яшчэ некалькі асобаў ужо пасьпелі вылучыцца праз працоўныя калектывы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG