Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Суды адмаўляюцца разглядаць спрэчкі аб утварэньні акруговых выбарчых камісіяў


Уладзімер Глод, Менск 19 жніўня Менскі гарадзкі суд абвесьціў, што такія справы па-за межамі ягонай кампэтэнцыі.

Спроба прадстаўнікоў Аб’яднанай грамадзянскай партыі ўпершыню ў практыцы выбараў у Беларусі праз суд аспрэчыць працэс фармаваньня акруговых выбарчых камісіяў пакуль не прыносіць плёну. Гарадзкі суд, як і на мінулым тыдні суд Маскоўскага раёну сталіцы, палічыў, што гэтая справа — па-за ягонай кампэтэнцыяй. Таму Ўладзімер Раманоўскі, якога не ўключылі ў склад камісіі 110-й Партызанскай выбарчай акругі й які падаваў пазоў на дзеяньні гарадзкіх уладаў, будзе скардзіцца далей — у Вярхоўны суд. Такім жа шляхам ідуць яшчэ 9 сябраў АГП.

І хаця спадар Раманоўскі ня мае вялікіх спадзяваньняў на перамогу, ён лічыць, што такі працэс неабходны:

(Раманоўскі: ) “У нашых дзеяньнях ёсьць сэнс. Перадусім, калі гэта адзінкавы выпадак, то можна сьпісаць на тое, што ён сапраўды адзінкавы. Калі ж такое адбываецца па ўсёй краіне, ад такіх цаглінак мы пераходзім да ацэнкі якасьці правасудзьдзя ва ўсёй дзяржаве. Любое парушэньне выбарчага заканадаўства, відавочна, робіцца дзеля таго, каб сфальшаваць вынікі выбараў. Па-другое, мы бачым, што да такога палітычнага дзеяньня, якім зьяўляюцца выбары, фактычна не дапускаюцца палітычныя партыі. І гэта ёсьць найярчэйшай дэманстрацыяй таго, што палітычныя партыі сьвядома выключаюцца з палітычнага жыцьця”.
XS
SM
MD
LG