Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Эўрапейскія вучоныя распрацавалі вакцыну ад алергіі, а вучоныя з ЗША і Японіі знайшлі ў чалавечым арганізьме натуральны антыбётык, які засьцерагае ад раку.


Кастусь Бандарук, Прага Новая перадача сэрыі "Навіны сучаснай мэдыцыны"

Міжнародная дасьледніцкая група, у склад якой увайшлі вучоныя з Аўстрыі, Швэцыі і Францыі на чале з доктарам Рудольфам Валентам, распрацавала ўнікальную вакцыну, якая абараняе чалавека ад алергічных рэакцыяў. Алергія - гэта празьмерная рэакцыя арганізму на на розныя чыньнікі і субстанцыі, якія знаходзяцца ў нашым атачэньні, або якія мы спажываем ці ўдыхаем.

Да найбольш пашыраных відаў алергіі належыць: алергія на яд насякомых, на хатні пыл, каровіна малако, на шэрсьць жывёлы, на сонца і на некаторыя прадукты харчаваньня. Найбольш тыповая рэакцыя арганізму - гэта раздражненьне носа і катар, сып і сьвярбеньне скуры, зачырваненьне вачэй і сьлезацёк, пухліна гартані і астмавая задышка. Праблему з алергіяй маюць 25% жыхароў разьвітых краінаў.

Асноўным кампанэнтам вакцыны, распрацаванай вучонымі, зьяўляюцца генэтычна мадыфікаваныя алергены расьлінаў, той самы пылок, удыханьне якога выклікае алергічныя рэакцыі. У прынцыпе, сам па сабе мэтад імунізацыі арганізму алергенамі ня новы. Імунатэрапія палягае ў пастаўленьні арганізму невялікіх, але паступова ўсё большых дозаў алергену, той субстанцыі, якая выклікала алергію, каб арганізм выпрацоўваў антыцелы і сам паступова справіўся зь ёю.

Апрача таго шырока ўжываюцца супрацьзапальныя лекі і прэпараты, якія пашыраюць бронхі. Бадай асноўным мэтадам лячэньня зьяўляееца гэтак званая “прычынная тэрапія”. Гэта значыць, што алергію выклікае каровіна малако, трэба ад яго адмовіцца, а калі арганізм рэагуе на шэрсьць хамяка, трэба яго пазбыцца з хаты.

Аднак дагэтуль існуючыя супрацьалергены маюць зашмат пабочных эфэктаў і ўжываюцца толькі ў канкрэтных відах алергіі. Новая вакцына больш унівэрсальная. Прэпарат эфэктыўны практычна пры ўсіх відах алергіі, пачынаючы з банальнай сеннай ліхарадкі і заканчвааючы алергічнай формай бранхітнай астмы. З дапамогай геннаінжынэрных тэхналёгіяў удалося нагэтулькі панізіць эфэктыўнасьць яе кампанэнтаў, што новы прэпарат можна скарыстоўваць як для прафіляктыкі алергічных рэакцыяў наагул, так і для лячэньня канкрэтных формаў алергіі.

“На дадзены момант мы пасьпяхова распрацавалі генэтычныя мадыфікацыі найбольш пашыраных расьлінных алергенаў, адказных за пераважную большасьць выпадкаў розных алергіяў,” - сказаў у інтэрвію BBC доктар Рудольф Валента.“У бліжэйшы час мы плянуем стварыць некалькі комплексных прэпаратаў, прызначаных для прафіляктыкі і лячэньня канкрэтных групаў алергічных рэакцыяў. Хутчэй за ўсё, новыя вакцыны будуць нашмат болей эфэктыўныя, чым аднакомплексныя сродкі або вакцыны з выпадковым наборам дзейных кампанэнтаў,” - паведаміў д-р Валента.

А цяпер да іншай тэмы. Амэрыканскія і японскія вучоныя прыйшлі да высновы, што чалавечы страўнік вырабляе натуральны антыбіётык. Гэта глікапратэін – бялок, спалучаны з цукрамі пад назвай О-гліканс, які засьцерагае ад раку страўніка. Вынікі дасьледаваньня навукоўцы з Інстытуту Бэрнхама ў Каліфорніі і Ўнівэрсытэту Шынсу ў Японіі апублікавалі ў найноўшым нумары часопісу Science.

Ужо ў 1983 годзе аўстралійскія вучоныя Ўэррэн і Маршал выявілі ў сьлізістай абалонцы страўніка бактэрыю, якая атрымала назоў Helicobacter pylori. Гэта, бадай, найболей пашыраная з усіх вядомых бактэрыяў. У разьвітых краінах Амэрыкі і Заходняй Эўропы ёю інфікаваная амаль палова дарослага насельнітва. Інфэкцыя адбываецца пераважна ў дзяцінстве і тлумачыцца найперш нізкім узроўнем гігіены.

Да 5-га ўзросту 50% усіх дзяцей зьяўляюцца носьбітамі Helicobacter. Бактэрыя пасяляецца ў абалонцы страўніка і можа пратрываць там дзесяткі гадоў, не падаючы ніякіх сымтомаў інфэкцыі. Аднак бактэрыя выдзяляе шэраг шкодных таксынаў, якія прыводзяць да пашкоджаньня імуннай сыстэмы. Тым ня менш, толькі ў 10 % інфікаваных даходзіць да сур’ёзных зьменаў, у тым ліку да язвы страўніка і раку.

Рак страўніка разьвіваецца яшчэ ў меншай колькасьці інфікаваных, усяго ў 1% насельніцтва сьвету. Цяпер навукоўцы пераканаліся, што прычынай імунітэту зьяўляецца менавіта той натуральны антыбіётык, які вырабляецца сьлізістай абалонкай страўніка.

“Цяпер мы ведаем, чаму Helicobacter знаходзіцца толькі на паверхні сьлізістай абалонкі, ” - кажа кіраўнік групы навукоўцаў з Інстытуту Бэрнхама ў Каліфорніі Мінору Фукуда. “Глыбей яго няма, бо пад ўзьдзеяньнем О-глікансу бактэрыі губляюць сваю форму, здольнасьць руху і, нарэшце, распадаюцца,” - патлумачыў ён. Глікапратэін сапраўды дзейнічае як антыбіётык. Ён перашкаджае ў пабудове клетак бактэрыяў. Паводле гэтага мэханізму дзейнічаюць дагэтуль ўжываныя лекі.

Вучоныя ўжо працуюць над тым, як павялічыць колькасьць гэтага натуральнага чалавечага антыбіётыку. З дапамогай генэтычнай інжынэрыі яны, у прыватнасьці, хочуць так зьмяніць каровы, каб тыя давалі малако з гатовым антыбіётыкам.
XS
SM
MD
LG