Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баксёр Сяргей Быкоўскі: “Спартовыя чыноўнікі пазбавілі мяне алімпійскага мэдаля”


Міхал Стэльмак, Менск Першыя два мэдалі, атрыманыя беларускімі алімпійцамі ў Афінах, не зьмянілі агульнай тэндэнцыі. Несуцяшальныя прагнозы наконт выступаў астатніх беларускіх спартоўцаў у Афінах, як лічаць назіральнікі, набліжаюць гучныя скандалы.

Ганна Бацюшка першай зь беларускіх спартоўцаў выканала ўласны мэдалёвы плян на Алімпіядзе. Пасьля шматлікіх няўдачаў ейнае “срэбра” вывела заўзятараў з працяглай дэпрэсіі. Асаблівую радасьць з прычыны гэтай алімпійскай узнагароды зьведалі землякі Ганны — жыхары Пінску. Распавядае дырэктар мясцовай дзіцячай спартовай школы Рыгор Петранкоў:

(Петранкоў: ) “Усе тут былі ў такім шоку. Крычалі, радаваліся і плакалі, усё было ў нас. Асабліва калі яна ўсталявала ўсясьветны рэкорд. Тады скакалі, абдымаліся. Эмоцыі захлыналі”.

(Карэспандэнт: ) “Як іншыя пінчукі ўспрынялі перамогу Бацюшкі?”

(Петранкоў: ) “Сёньня я атрымаў шмат віншаваньняў, каля сотні тэлефанаваньняў. Палешукі вельмі задаволеныя. Радасьці вельмі шмат”.

(Карэспандэнт: ) “На вашу думку, Ганна — таленавітая спартоўка?”

(Петранкоў: ) “Бяз таленту на Алімпіядзе рабіць няма чаго. Гэта прыроджаны талент”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі яна ў вас займалася?”

(Петранкоў: ) “Яна ў нас займалася дзевяць ці дзесяць гадоў. Мы яе ўжо перадавалі майстрам спорту”.

(Карэспандэнт: ) “А што вы думаеце пра выступ беларускай зборнай у Афінах?”

(Петранкоў: ) “Такога правальнага выступу яшчэ ніколі не было. Ужо колькі відаў спорту прайшло, і там, дзе ў нас плянаваліся мэдалі, іх няма”, — лічыць Рыгор Петранкоў, кіраўнік дзіцячай спартовай школы зь Пінску.

Адметна, што спартовыя чыноўнікі да заваяваньня гэтых першых мэдалёў маюць толькі ўскоснае дачыненьне. Тая ж Стукалава не фігуравала ні ў якіх плянах, а стала прызэрам Алімпіяды. Распавядае трэнэр жаночай каманды па цяжкай атлетыцы Віктар Шылай:

(Шылай: ) “Яна была створаная літаральна за два з паловай году. Была Ганна Бацюшка і Стукалава. Ніхто ня верыў у іх. Было мізэрнае фінансаваньне. Даходзіла да таго, што яны хадзілі, куплялі прадукты, і я стаяў на кухні й гатаваў ежу. Таму што я быў адзіны трэнэр, у мяне не было памочніка. Я быў адзін з шасьцю чалавекамі. Інакш кажучы, гэтая штанга на сьлязах была пастаўлена. Вось як было”.

Алімпійскім мэдалісткам Ганьне Бацюшцы і Тацяне Стукалавай пасьля іх вяртаньня ў Менск, трэба меркаваць, будуць выплачаныя абяцаныя прэміяльныя. А вось што чакае спартоўцаў, якія не выканалі мэдалёвых плянаў? Што чакае трэнэраў, іншых прадстаўнікоў беларускай алімпійскай дэлегацыі, якія абяцалі ўзнагароды? Большасьць дасьведчаных асобаў лічыць, што алімпійцаў чакаюць непрыемныя моманты. Мяркуецца, напрыклад, што жорсткія высновы могуць быць зробленыя, у прыватнасьці, у дачыненьні да спартоўцаў і кіраўнікоў такіх відаў спорту як стральба і плаваньне.

Скандалам можа завершыцца і заўчаснае вяртаньне з Афінаў у Менск вядомага баксэра Сяргея Быкоўскага. Ён быў уключаны ў алімпійскую каманду Беларусі, аднак ня быў дапушчаны да ўдзелу ў спаборніцтвах. Хаця меркавалася, што Быкоўскі заменіць на Алімпіядзе ўкраінскага спартоўца:

(Быкоўскі: ) “Гэта павінны былі зрабіць, калі толькі даведаліся пра траўму ўкраінскага баксэра. А гэта было вядома заўчасна. Яшчэ да Алімпійскіх гульняў. І пра гэта ўсе ведалі, ўсе кіроўныя асобы. Але яны нічога не зрабілі. Не напісалі ніякага ліста ў ЕАБА, у АІБА, што ёсьць такая сытуацыя”.

(Карэспандэнт: ) “Сяргей, цябе разглядалі як спартоўцу, які мог заваяваць алімпійскі мэдаль…”

(Быкоўскі: ) “Я туды ехаў па мэдаль. Я быў гатовы на ўсе 100 працэнтаў. За дзяржаву крыўдна. Быў бы я чэхам ці палякам, дык краіна бы змагалася за кожнае месца. А тут раскідваюцца нашымі людзьмі. Гэта яшчэ раз падкрэсьлівае стаўленьне нашых чыноўнікаў да нас, да спартоўцаў”.

Паводле апошніх зьвестак, цяпер прыкры выпадак са спартоўцам дасьледуецца на ўзроўні адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.
XS
SM
MD
LG