Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынік страйкаў кіроўцаў на памежным пераходзе Брузгі—Кузьніца: “зялёная карта” патаньнее


Ігар Карней, Менск Савет міністраў Беларусі разгледзеў варыянты зьніжэньня коштаў абавязковага аўтамабільнага страхаваньня паводле сыстэмы “зялёная карта”. Цяпер урадавыя прапановы павінен зацьвердзіць Аляксандар Лукашэнка. Прадстаўнікі дзяржаўных страхавых фірмаў, якія маюць манапольныя правы на продаж полісаў “зялёная карта”, прызнаюць: перагляд адбыўся толькі дзякуючы супраціву кіроўцаў.

Пасьля стыхіўных страйкаў кіроўцаў на пераходзе Брузгi—Кузьнiца, што адбыліся на мінулым тыдні, беларускія ўлады вырашылі тэрмінова перагледзець завышаныя тарыфы на “зялёную карту”. Пра гэтыя захады расказала намесьніца дырэктара страхавой кампаніі “Белнафтастрах” Вольга Перавоз:

(Перавоз: ) “Паколькі пытаньне абавязковага страхаваньня знаходзіцца ў кампэтэнцыі прэзыдэнта (хоць тарыфы зацьвярджаюцца Саветам міністраў), і зыходзячы з таго, што ўзьнікла скандальная сытуацыя на мяжы, падрыхтаваныя адпаведныя зьмены ў тарыфы па “зялёнай карце”. Тое, што зьнізяць — гэта адназначна. Адсоткаў 20, я думаю, скасуюць”.

Ад 1 жнiўня грамадзяне Беларусi, якiя выяжджаюць за мяжу, абавязаныя набываць страхавыя полiсы “зялёная карта” толькi ў дзяржаўных арганiзацыях: “Белдзяржстрах”, “Прамтрансiнвэст”, “Таск” і “Белнафтастрах”. Страхавы полiс для легкавога аўтамабiля на 15 дзён каштуе 35 эўра, для грузавога — 65 эўра. У той жа час, двухтыднёвы полiс для машыны, куплены ў польскай страхавой кампанii, каштуе 100 злотых, ці 25 эўра. І тут кіроўцы патрапілі ў зачараванае кола: кiроўцаў польскiя памежнiкi ня хочуць упускаць у Польшчу зь беларускiмi “зялёнымi картамi”, а беларускія памежнікі не прымаюць полісаў польскага ўзору. Тыдзень таму такая сытуацыя і прывяла да страйку.

Ня выключана, што новыя тарыфы будуць абвешчаныя ўжо на наступным тыдні.
XS
SM
MD
LG