Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы лядовы палац у Менску будзе каштаваць 80 мільёнаў эўра


Ігар Карней, Менск Будаўнічая гігантаманія, уласьцівая Беларусі апошняга дзесяцігодзьдзя, у найбліжэйшы час папоўніцца яшчэ адным праектам. У дзень, калі ўвесь сьвет сачыў за адкрыцьцём Алімпіяды, адбылася сустрэча Лукашэнкі з прадстаўнікамі фінскай будаўнічай фірмы “Сканска”. Мяркуецца, што “Сканска”, якая па ўсім сьвеце будуе складаныя й дарагія аб’екты, узьвядзе ў Менску грандыёзную спартовую арэну. Дзеля чаго й за якія грошы ў краіне, дзе шмат людзей ня маюць жытла, і дзе нізкі жыцьцёвы ўзровень увогуле, будзе будавацца супэрпалац?

Паводле афіцыйных паведамленьняў, гэта будзе шматфункцыянальная арэна на 13 тысячаў гледачоў, у якой можна будзе ладзіць буйныя спартовыя спаборніцтвы кшталту чэмпіянату сьвету ў хакеі. Так што ад невялікіх лядовых палацаў дзяржава пераходзіць да будаўніцтва сапраўднай арэны.

Але і спартовыя журналісты, і спэцыялісты ў архітэктуры, і эканамісты ў якасьці сапраўднай прычыны новай ідэі Лукашэнкі называюць іншую: жаданьне ўвекавечыць сябе ў велічных архітэктурных помніках. Трэба ўзгадаць, што лідэры ўсіх аўтарытарных рэжымаў пакінулі пасьля сябе ня толькі дрэнную памяць, але і манумэнтальныя збудаваньні. У шэрагу краінаў былога сацлягеру можна знайсьці палацы, маўзалеі ці проста велічныя будынкі ЦК, якія прэтэндавалі на месца ў Кнізе рэкордаў Гінэсу, а сталі помнікамі таталітарызму.

Ці можна казаць, што такі абагульнены помнік узводзіць сабе зараз і Аляксандар Лукашэнка? Вось што кажа вядомы беларускі архітэктар Лявонцій Зданевіч.

(Зданевіч: ) “Безумоўна, можна. У гэтым шэрагу можна назваць тую ж самую тэлевежу, якую праектуюць і будуць будаваць. Асабліва – бібліятэку, якая ў функцыянальным сэнсе не вытрымлівае ніякай крытыкі. Сэнсу лягічнага, калі кнігасховішча падымаецца ўверх, няма ніякага. Тое ж і з тэлевізійнай вежай: у тэхналягічным сэнсе гэта ня сёньняшні ўзровень. Зь іншага боку, усім вядома, у якім стане знаходзяцца двары на пэрыфэрыі Менску, дзе лямпачка ні адна не гарыць. І што робіцца ў цэнтры. Праблема відавочная”.

(Карэспандэнт: ) “Можна казаць, што вядзецца гэткае фасаднае будаўніцтва?”

(Зданевіч: ) “Я спадзяваўся, што гэта хутка скончыцца, бо былі “разборкі” наконт так званага добраўпарадкаваньня праспэкту. Думаў, што нейкія высновы зробленыя, але ж працягваецца гэтая палітыка”.

У сярэдзіне 90-х паводле загаду Лукашэнкі дабудавалі Палац рэспублікі й чыгуначны вакзал, затым – крыты футбольны манэж. Нарэшце надышоў час і гіганцкай будоўлі ўжо цалкам паводле ягонай ідэі – Нацыянальнай бібліятэкі. Наўздагон Савет міністраў зацьвердзіў праект будаўніцтва 420-мэтровай тэлевежы – трэцяй паводле вышыні ў сьвеце. Да 2007 году ў Беларусі зьявіцца хакейная арэна. Невядома, ці адбудзецца там усясьветны хакейны чэмпіянат, а вось, калі да таго часу Лукашэнка дабудзе прэзыдэнтам, то з вэтэранамі любой хакейнай дзяржавы згуляе. І вось яшчэ адно меркаваньне архітэктара Лявонція Зданевіча:

(Зданевіч: ) “Што тычыцца спартовых збудаваньняў, то гэта накірунак на высокія паказчыкі ў прафэсійным спорце. Але ж вынікі пачатку Алімпіяды паказваюць, што такая палітыка не заўсёды дае вынік, на які спадзяюцца. Усё ж масавы спорт больш шанцаў мае даць вынікі, як было за савецкім часам і што зараз паказвае Кітай. Праблема ў іншым ужо”.

Лукашэнка не стамляецца паўтараць, што Беларусь патрабуе жыльлёвага будаўніцтва, і ўвесь час разам са сваімі чыноўнікамі нібыта шукае фінансавых рэзэрваў дзеля гэтага. А вось на гіганцкія праекты, якія сабе дазволіць ня могуць нават ня бедныя краіны, грошай хапае. У якую капейчыну гэта абыдзецца беларусам?

Плянаваны кошт хакейнай арэны – 80 мільёнаў эўра, што болей за 100 мільёнаў даляраў. Напэўна, калі б гаворка ішла толькі пра гэты праект, 80 мільёнаў маглі б і не ўразіць. Але калі да іх дадаць яшчэ 120 мільёнаў даляраў, у якія, як мяркуецца, абыдзецца будаўніцтва тэлевежы; 90 мільёнаў даляраў, ужо ўкладзеных у будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі (а ўвогуле плянуецца, што бібліятэка будзе каштаваць беларускаму народу каля 200 мільёнаў даляраў); плюс – будаўніцтвы розных спартовых аб’ектаў… Паўмільярду набягае элемэнтарна. Зь якіх фондаў аплочваюцца шматмільённыя рахункі – дзяржаўная таямніца.
XS
SM
MD
LG