Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навуковыя таленты пакідаюць Эўропу дзеля Амэрыкі – чаму?


Тацяна Поклад, Вільня Паміж 1998 і 2001 гадамі чатыры навукоўцы зь Нямеччыны былі ляўрэатамі Нобэлеўскай прэміі у мэдыцыне і фізыцы. Гэта высокі паказьнік, але цікава, што за гэтым, як высьвятляецца, ня столькі посьпехі Нямеччыны ў разьвіцьці навуковых досьледаў, колькі факт непрывабнасьці сваёй краіны для навукоўцаў – усе чатыры ляўрэаты цяпер жывуць і працуюць у ЗША.

Так званая “ўцечка мазгоў” – ня толькі нямецкі фэномэн. Паводле дадзеных Эўрапейскай камісіі на 1991 – 2000 гады, болей за 70 % тых цяперашніх дактарантаў у ЗША, якія паходзяць з Эўрапейскага Зьвязу, плянавалі застацца ў Амэрыцы. Усяго цяпер працуюць у ЗША каля 100 000 дасьледчыкаў-эўрапейцаў.

Эўропа значна церпіць, губляючы свае таленты. Паводле Эўрапейскай камісіі, да заканчэньня гэтага дзесяцігодзьдзя ў Эўропе будзе яшчэ на 700 000 навукоўцаў і інжынэраў меней.

Адзін з галоўных фактараў на карысьць Амэрыкі – высокі узровень выкладаньня й досьледаў. Вядучыя ўнівэрсытэты і лябараторыі кампаніяў, якія займаюцца досьледамі, у ЗША фінансуюцца значна лепей, чым у Эўропе. Эўропа інвэстуе ў навуку на 40 % менш, чым Амэрыка, а ў прыватным сэктары гэтае разыходжаньне яшчэ большае.

Эўрапейская навука сутыкаецца з моцнай бюракратыяй – амэрыканскія ўнівэрсытэты маюць болей свабоды і, дзякуючы іх супрацоўніцтву з прамысловасьцю, больш пасьпяхова ўжываюць навуковыя адкрыцьці для эканомікі. І ніжэйшыя эўрапейскія заробкі пры вышэйшых падатках таксама спрычыняюцца да рашэньня навукоўцаў пакідаць Эўропу.

Культурная розьніца таксама мае значэньне. Амэрыканцы увогуле хутчэй прымаюць новыя тэхналёгіі, тым часам як у Эўропе звычайная першая рэакцыя – скептычная.

У сучасным сьвеце, дзе ідэі і навуковыя веды – вырашальныя для разьвіцьця, ажыўленьню эўрапейскай эканомікі спрыяла б менавіта магчымасьць затрымаць навукоўцаў у Эўропе, ды вярнуць тых, хто зьехаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG