Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Слоніме банкамат выдаваў замест 20-тысячных купюраў 50-тысячныя


Падрыхтавала Юлія Шарова, Менск Агляд незалежных беларускіх газэт

“Рефэрэндуму – так!” – матэрыял пад такім парадаксальным загалоўкам зьмяшчае сёньняшняя “Наша ніва”. Менавіта рэфэрэндум здольны надаць другое дыханьне апазыцыі, цьвердзіць газэта. Тады яна здолее адысьці ад “лямпачак” да галоўнага палітычнага пытаньня, пазыцыя яе па якім супадае з думкай большасьці беларусаў. А ў выніку гэтага рэфэрэндум можа дапамагчы апазыцыі “выцягнуць” і перадвыбарную кампанію – ператварыць яе ў агульнанацыянальную пад лёзунгам “не трэцяму тэрміну”.

Таксама “Наша ніва” публікуе аналітычныя артыкулы, прысьвечаныя алімпійскай ды перадвыбарчай тэматыцы, вызначае тыпалёгію беларускіх дачнікаў і чарговую вандроўку па Беларусі зь Сяргеем Харэўскім.

Сёньняшні “Брестский курьер” першую паласу аддае матэрыялу пра скандал з затрыманьнем грамадзянкі Расеі на беларуска-польскай мяжы. Як вядома, настаўніца з Мажайску Натальля Гусева апынулася за кратамі на тры дні, бо беларускія памежнікі вырашылі, што ейны пашпарт падроблены. Цяпер спадарыня Гусева мае падаць у суд на беларускія ўлады й на мажайскую пашпартна-візавую службу, якая неахайна вырабіла ейны пашпарт. У артыкуле апрача падрабязнай інфармацыі ёсьць таксама фотаздымкі й фотакопія таго самага пашпарта, які беларускія памежнікі палічылі фальшывым.

Апрача таго, “Брестский курьер” расказвае пра тое, з-за каго ў Беларусі і, у прыватнасьці, у Берасьцейскай вобласьці, зрываецца агульнакраёвая праграма зернесушэньня. Чыноўнікі ад сельскай гаспадаркі вінавацяць у гэтым прадпрыемства “Брэстсельгасмаш”, якое павінна было выпусьціць адпаведнае абсталяваньне. Але ж інструкцыі ад начальства наконт таго, што трэба выпускаць і каму пастаўляць, прадпрыемства мела толькі за трыццаць дзён да пачатку жніва. Зразумела ж, паставіць тэхніку ў тэрмін прадпрыемства не пасьпела, і цяпер яго вінавацяць у невыкананьні дзяржаўна важнай задачы.

Ваўкавыскае выданьне “Местная газета” зьмяшчае артыкул “Бомж міма волі” – у ім распавядаецца гісторыя чалавека, які зьехаў на адзін дзень у камандзіроўку, а калі вярнуўся, то ягонага жытла ўжо не было. Інтэрнат, дзе ён пражыў цягам васямнаццаці год, зьнесьлі, бо ў горадзе ідзе навядзеньне парадку напярэдадні “Дажынак-2004”. Чалавек ня толькі застаўся без жытла, але страціў свае рэчы, дакумэнты й значную суму грошай. Мясцовыя ўлады абяцаюць знайсьці яму нейкае жытло, але хутчэй за ўсё яно будзе ў горшым стане, чым ранейшая кватэра ў інтэрнаце.

“Газэта Слонімская” расказвае пра тое, як мясцовае насельніцтва асвойвае новае для Беларусі дасягненьне цывілізацыі – банкаматы. Дарэчы, асвойвае даволі хутка. Зусім нядаўна адна жанчына падышла да агрэгата, каб атрымаць грошы. Націснула на патрэбныя кнопкі, але замест пажаданай сумы атрымала ўдвая большую. У адсеку, дзе павінны былі ляжаць 20-тысячныя купюры, былі 50-тысячныя. Жанчына ўзрадвалася такой удачы ды яшчэ раз уставіла картку ў банкамат, а потым яшчэ, і яшчэ… Яна ня ведала, што ўсіх, хто карыстаецца банкаматам, здымае схаваная камэра. Самы фінал гэтай гісторыі “Газэта Слонімская” не падае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG