Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Трэнэр Бацюшка і Стукалавай: “Гэтая штанга на сьлязах была пастаўлена”


Міхал Стэльмак, Менск Як мы ўжо паведамлялі, толькі на пяты дзень алімпійскіх спаборніцтваў Беларусь адкрыла лік мэдалям: іх заваявалі дзьве беларускія цяжкаатлеткі Ганна Бацюшка і Тацяна Стукалава. Ці вялікім быў унёсак спартовага начальства ў іх перамогу? Наколькі адказна чыноўнікі ставяцца да інтарэсаў алімпійцаў?

Безумоўна, Бацюшка і Стукалава зрабілі вялікі падарунак беларускім заўзятарам. Пасьля першых чатырох дзён Алімпіяды, калі Беларусі не было ў сьпісе краінаў, чые спартоўцы заваёўвалі мэдалі, настрой прадстаўнікоў айчыннай спартовай грамадзкасьці, аматараў спорту, паводле майго апытаньня, быў прыгнечаным.

Абяцаньні кіраўніцтва краіны і спартовага начальства, што беларуская каманда будзе здабываць у Афінах мэдалі як аладкі пячы – атрымліваць у сярэднім за дзень дзьве ўзнагароды – ня спраўджваюцца. На раніцу сёньняшняга дня, як вынікае з плянаў спартовага начальства, беларускія алімпійцы мусілі заваяваць ужо трэць плянавых узнагарод. Мы ўжо называлі прозьвішчы алімпійцаў, якія нібыта парушылі гэтыя пляны: учора гэты “чорны” сьпіс папоўнілі лёгкаатлеты Надзея Астапчук і Андрэй Міхневіч. Яны завяршылі свае алімпійскія выступы ў штурханьні ядра бяз бронзавых узнагародаў.

Відавочна, што на фоне катастрафічнага крушэньня алімпійскіх установак Аляксандра Лукашэнкі атрыманьне Ганнай Бацюшка “срэбра” і Тацянай Стукалавай “бронзы” спартовыя функцыянэры ўспрынялі як “палачку-выратавалачку” мэдалёвых плянаў. А між тым чыноўнікі да заваяваньня гэтых першых мэдалёў маюць хіба што ўскоснае дачыненьне. Тая ж Стукалава не фігуравала ні ў якіх плянах, а стала прызёркай Алімпіяды.

Напярэдадні ад’езду ў Афіны я меў сустрэчу з трэнэрам жаночай каманды па цяжкай атлетыцы Віктарам Шылаем, і вось што ён распавёў мне на гэты конт:

(Шылай: ) “Яна была створаная за кароткі час – літаральна за два з паловай гады. Была Ганна Бацюшка і Стукалава. Ніхто ня верыў у іх. Было мізэрнае фінансаваньне. Я ж хадзіў і прасіў: “Дайце зборы”. Даходзіла да таго, што ў рэстаране ня мелі магчымасьці харчавацца. Яны хадзілі, куплялі прадукты, і я стаяў на кухні і гатаваў ежу. Таму што я быў адзін трэнэр, у мяне не было памочніка. Я быў адзін з шасьцю чалавекамі. І на кухні ў выхадныя сьнеданьні і вячэру я гатаваў. Інакш кажучы, гэтая штанга на сьлязах была пастаўлена. Вось як было. Можна было пашырыць склад. Запрасіць моладзь. Але не атрымлівалася. Карацей кажучы, тры ліцэнзіі заваёўваліся на адным нашым энтузіязьме. На людзях і на мне. Дзякуй спартоўцам, што яны паверылі ў мяне”.

Алімпійскім мэдалісткам Ганьне Бацюшка і Тацяне Стукалавай пасьля іх вяртаньня ў Менск, трэба меркаваць, будуць выплачаныя прэміяльныя. А вось што чакае спартоўцаў, якія не выканалі мэдалёвых плянаў? Што чакае трэнэраў, іншых прадстаўнікоў беларускай алімпійскай дэлегацыі, якія абяцалі ўзнагароды, але так і не апраўдалі спадзяваньняў кіраўніцтва краіны?

Зараз гэтая тэма досыць актыўна абмяркоўваецца у спартовых колах. Большасьць дасьведчаных асобаў лічыць, што наперадзе алімпійцаў чакаюць жорсткія “разборкі”. Мяркуецца, напрыклад, што такія “разборкі” закрануць, у прыватнасьці, спартоўцаў і кіраўнікоў такіх відаў спорту як стральба, плаваньне. Напрыклад, галоўны трэнэр беларускіх стралкоў Аляксандр Кядзяраў у інтэрв’ю выданьню “Спартовая панарама” не выключае, што пасьля вяртаньня з Афінаў яго могуць адхіліць ад пасады.

Дарэчы, зьвяртае на сябе ўвагу той факт, што калі перад ад’ездам у Грэцыю адказныя асобы ў сваіх справаздачах рапартавалі пра поўную гатоўнасьць да спаборніцтваў, то зараз яны ўжо пачынаюць абнародаваць недахопы, што нібыта перашкодзілі ўдалым выступам на Алімпійскіх гульнях.

У пацьвярджэньне таго, што пасьляалімпійскі час будзе багатым на скандалы, гаворыць заўчаснае вяртаньне з Афінаў ў Менск вядомага баксёра Сяргея Быкоўскага. Ён быў уключаны ў алімпійскую каманду Беларусі, аднак ня быў дапушчаны да ўдзелу ў спаборніцтвах, хаця меркавалася, што ён заменіць на Алімпіядзе украінскага спартоўцу. Як паведаміў мне ўчора баксёр Быкоўскі, зараз гэты факт ужо дасьледуецца на ўзроўні Адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі:

(Быкоўскі: ) “Гэта павінны былі зрабіць, калі толькі даведаліся пра траўму ўкраінскага баксёра. А гэта было вядома заўчасна. Яшчэ да Алімпійскіх гульняў, калі мы ў Алушце былі на сумесных зборах з украінскай зборнай. І пра гэта ўсе ведалі, усе кіруючыя асобы. Але яны нічога не прадпрынялі, нічога не зрабілі. Не напісалі ніякага ліста, ніякага пратэсту”.

(Карэспандэнт: ) “Сяргей, цябе разглядалі як спартоўцу, які мог заваяваць алімпійскі мэдаль...”

(Быкоўскі: ) “Я туды ехаў за мэдалём. Я быў гатовы на ўсе 100 працэнтаў. Я б адтуль прывёз мэдаль. За дзяржаву крыўдна. Быў бы я чэхам ці палякам, дык краіна б змагалася за кожнае месца. А тут раскідваюцца нашымі людзьмі. Гэта яшчэ раз падкрэсьлівае адносіны да нас, да спартоўцаў”.
XS
SM
MD
LG