Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны з Алімпійскіх Гульняў у Афінах – 18 жніўня


Ул. інф. Беларускі баксёр Віктар Зуеў пасьпяхова пераадолеў першы бар’ер, выступаючы ў катэгорыі да 91-го кіляграма. Ён перамог італьянца Даніэля Бэцці зь лікам 7-2. 22 жніўня ў адной чацьвёртай фіналу ён сустрэнецца з амэрыканцам Дэвідам Варгасам.

Беларус Андрэй Казак выйшаў у фінал алімпійскіх спаборніцтваў у стральбе па рухомай мішэні на 10 мэтраў. У кваліфікацыйным раўндзе турніру Казак набраў 292 ачкі й апынуўся на 7 месцы. Ён выступіць у фінале, які адбудзецца 19 жніўня. Яшчэ адзін беларускі стралок Андрэй Васільеў заняў 10 месца і ня здолеў прайсьці праз кваліфікацыйнае. Няўдалым было выступленьне таксама беларусак у стральбе са спартовага пісталету. У кваліфікацыйным спаборніцтве Юлія Аліпава заняла 23 месца, а Вікторыя Чайка – 24-е.

Чарговую няўдачу пацярпеў беларускі дзюдаіст у катэгорыі да 90 кіляграмаў Сяргей Кухарэнка. Ён прайграў японцу Херошы Ізумі. Зь сямі дзюдаістаў, якія прадстаўляюць Беларусь у Афінах, засталося толькі двое. Шанцы на мэдаль маюць яшчэ бронзавы прызёр чэмпіянату сьвету ў катэгорыі да 100 кіляграмаў Ігар Макараў і Юры Рыбакоў, які на чэмпіянаце Эўропы ў 2002 годзе заваяваў сярэбраны мэдаль.

Беларусам на Алімпіядзе пакуль удалося пазьбегнуць сур’ёзных траўмаў. Як паведаміла кіраўніца мэдычнай службы беларускай каманды Ларыса Байчарова, алімпійцы выяўляюць вялікую сілу волі. “Кожны беларускі спартовец знаходзіцца пад наглядам з боку мэдыкаў, і кожнае адхіленьне ў іх фізычным стане адразу фіксуецца”, падкрэсьліла Байчарова.

Два галоўныя грэцкія бегуны Костас Кэнтэрыс і Катэрына Тану адмовіліся ад удзелу ад алімпійскіх спаборніцтвах. На мінулым тыдні яны адмовіліся ад кантролю на допінг, калі трапілі ў шпіталь пасьля невялікай аварыі на матацыкле. Кэнтэрыс паведаміў, што ён адмаўляецца да спаборніцтва з “пачуцьця адказнасьці”. Ягоны трэнэр абвінаваціў спартоўца ў тым, што ён не паведаміў пра інцыдэнт і пра кантроль на допінг. Кэнтэрыс і Тану разглядаліся ў якасьці фаварытаў у бегу на 200 мэтраў.
XS
SM
MD
LG