Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня беларуская зборная заваявала першыя алімпійскія мэдалі. Срэбраны мэдаль здабыла штангістка ў вагавай катэгорыі да 63- кіляграмаў Ганна Бацюшка. Бронзавы – Тацяна Стукалава...


Ул. інф. Навіны Алімпіяды. 5-ты дзень спаборніцтваў.

Сёньня беларуская зборная заваявала першыя алімпійскія мэдалі. Срэбраны мэдаль здабыла штангістка ў вагавай катэгорыі да 63- кіляграмаў Ганна Бацюшка (фота агенцыі Reuters).

Яна ўстанавіла ўсясьветны рэкорд ў рыўку і падняла 115 кіляграмаў. У штуршку Бацюшка падняла 127 з паловаю кіляграмаў, і агульная сума склала 242 з паловаю кіляграмы.

Ганна нарадзілася ў Пінску ў 1981 годзе. На мнулагоднім чэмпіянаце сьвету ў Ванкувэры Бацюшка была бронзавай прызёркай.

Трэцяй у гэтай вагавай катэгорыі стала віцяблянка Тацяна Стукалава.

Перамагла ўкраінка Натальля Скакун.

Беларуска Кацярына Карстэн выступіць у фінале акадэмічнай грэблі на лодцы-адзіночцы ў Афінах. Кацярына Карстэн заняла першае месца ў сваёй паўфінальнай групе.

Беларускі баксэр Віктар Зуеў пасьпяхова пераадолеў першы бар’ер, выступаючы ў катэгорыі да 91-го кіляграма. Ён перамог італьянца Даніэля Бэцці 7-2. 22 жніўня ў адной чацьвертай фіналу ён сустрэнецца з амэрыканцам Дэвінам Варгасам.

Беларус Андрэй Казак выйшаў у фінал алімпійскіх спаборніцтваў у стральбе па рухомай мішэні на 10 мэтраў. У кваліфікацыйным раўндзе турніру Казак набраў 292 ачкі і апынуўся на 7 месцы. Ён выступіць у фінале, які адбудзецца 19 жніўня.

Беларуская плыўчыха Алена Попчанка выйшла ў фінал на дыстанцыі 100 метраў вольным стылем. Сёньня ў паўфінале спартсмэнка заняла 6-е месца з вынікам 54,97 секунды. Ганна Шчэрба фінішавала на 13-й пазіцыі (55,67). У кваліфікацыі А.Попчанка была 10-й (55,49), Г.Шчэрба - 15-й (56,01).

Беларускія тэнісісты Вікторыя Паўловіч і Максім Мірны пакідаюць Афіны. Вікторыя Паўловіч у чацьвертым раундзе у настольным тэнісу прайграла Тамары Борош з Харватыі зь лікам 2:4. Максім Мірны сёньня сутракаўся у адзіночным разрадзе з амэрыканцам Мардзі Фішам, першы сэт беларускі тэнісыст прайграў, другі – выйграў, але трэцьці, вырашальны, сэт прайграў зь лікам 1:6.

Яшчэ адзін беларускі стралок Андрэй Васільеў заняў 10 месца і ня здолеў прайсьці праз кваліфікацыю. Няўдалым было выступленьне таксама беларусак у стральбе са спартовага пісталету. У кваліфікацыйным спаборніцтве Юлія Аліпава заняла 23 месца, а Вікторыя Чайка 24-е.

Не апраўдалі спадзяваньняў беларускія штурхальнікі ядра. У жаночым фінале Надзея Астапчук і Натальля Хараненка занялі пятае і шостае месца. Крыху пазьней у фінале мужчынаў 5-е і 6-е занялі Андрэй Міхневіч і Юры Бялоў.

Чарговую няўдачу пацярпеў беларускі дзюдаіст у катэгорыі да 90 кіляграмаў Сяргей Кухарэнка. Ён прайграў японцу Херошы Ізумі. Зь сямі дзюдаістаў, якія прадстаўляюць Беларусь у Афінах, засталося толькі двое. Шанцы на мэдаль маюць яшчэ бронзавы прызёр чэмпіянату сьвету ў катэгорыі да 100 кіляграмаў Ігар Макараў і Юры Рыбакоў, які на чэмпіянаце Эўропы ў 2002 годзе заваяваў срэбраны мэдаль.
XS
SM
MD
LG