Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія палітыкі ацэньваюць неадназначна пляны ЗША перасунуць на ўсход свае вайсковыя базы ў Эўропе


Алег Грузьдзіловіч, Менск Афіцыйная рэакцыя беларускага кіраўніцтва на апошнія заявы Вашынгтону пакуль не абнародаваная.

Ці бачыце вы пагрозу для бясьпекі Беларусі ў плянах ЗША перамясьціць на ўсход некаторыя вайсковыя базы, якія разьмешчаныя ў Цэнтральнай Эўропе? З такім пытаньнем я зьвярнуўся да лідэра групы “Рэспубліка” беларускага парлямэнту генэрала Валера Фралова.

(Фралоў: ) “Хацелася бы верыць абвешчанай Злучанымі Штатамі палітыцы, што яны не зьбіраюцца рабіць нейкіх нападаў. Але навошта тады гэтыя рухі, яны ж патрабуюць шмат сродкаў? Гэта ў адпаведнасьці зь нейкім плянам”.

Як былы вайсковец, генэрал Валер Фралоў не лічыць пераканаўчымі заявы амэрыканскага кіраўніцтва пра тое, што перасоўваньне вайсковых базаў на ўсход Эўропы тлумачыцца патрэбамі барацьбы зь міжнародным тэрарызмам. “У Азіі вакол канфліктных краінаў хапае магчымасьцяў для разьмяшчэньня базаў барацьбы з тэрарызмам, пры чым тут Эўропа?” — заўважае Валер Фралоў. Пры гэтым ён лічыць, што сапраўдная пагроза для Беларусі знаходзіцца зусім не за межамі краіны.

(Фралоў: ) “Самая вялікая пагроза — гэта нашыя ўнутраныя справы. Палітыка, скіраваная на тое, што мы становімся ізгоямі, ні з кім не сябруем. Вось гэта мне падаецца сапраўднай небясьпекай”.

Падазронымі назваў новыя пляны ЗША сябра беларускага парлямэнту Мікалай Чаргінец, які ачольвае камісію ў нацыянальнай бяспецы Савету рэспублікі . Мікалай Чаргінец згадвае ранейшыя абяцаньні краінаў НАТО не разьмяшчаць сваіх базаў у краінах былога Варшаўскага блёку, а тым больш побач зь межамі краінаў СНД. Паводле Мікалая Чаргінца, такія захады робяць непрадказальным далейшае становішча зь бясьпекай ва Ўсходняй Эўропе і патрабуюць рэагаваньня. Мікалай Чаргінец, які лічыцца палітыкам, набліжаным да Аляксандра Лукашэнкі, кажа пра фактычны дысбалянс сілаў у Эўропе.

(Чаргінец: ) “З уваходжаньнем былых краінаў Варшаўскай дамовы ў НАТО там стала больш на 300 тысяч войск, на сотні адзінак баявой тэхнікі. Мы за тое, каб і з гэтым пытаньнем урэшце разабрацца”.

Прадстаўнікі выканаўчай улады Беларусі пакуль ніяк не адрэагавалі на заявы з Вашынгтону пра перасоўваньне базаў на Ўсход. Маўчаць і кіраўнікі беларускага вайсковага ведамства. Толькі ў штабе ваенна-паветраных сілаў краіны мне нагадалі нядаўнюю заяву камандуючага ВПС і СПА генэрал-лейтэнанта Алега Паферава адносна магчымага разьмяшчэньня новых базаў НАТО блізу межаў Беларусі. “Гэтыя фактары беларускім кіраўніцтвам былі раней улічаныя і не патрабуюць непасрэднага рэагаваньня. Рэфармаваньне беларускага войска адбываецца паводле зацьверджанага пляну”, — заявіў Алег Пафераў 12 жніўня.

Вядомы ў Беларусі вайсковы агладальнік Аляксандар Алесін лічыць, што Беларусь даўно рэагуе на пляны ЗША разьмесьціць ва Ўсходняй Эўропе новыя вайсковыя базы. Дзеля гэтага падрыхтаваная юрыдычная база стварэньня аб’яднанай вайсковай групоўкі з Расеяй, а цяпер наладжваецца адпаведная інфраструктура.

(Алесін: ) “Нават Беларускае тэлебачаньне перадае пра тое, што шмат аэрадромаў на тэрыторыі Беларусі даводзяць да стану боегатоўнасьці, вядзецца рамонт узьлётна-пасадачных палосаў, інфраструктуры. Тое, што раней прыйшло ў заняпад, цяпер аднаўляецца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG