Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары: зарэгістравана 555 ініцыятыўных групаў, 74 прэтэндэнтам адмоўлена ў рэгістрацыі, 6 чалавек адклікалі свае заявы


Валер Каліноўскі, Менск Сталі вядомыя канчатковыя вынікі рэгістрацыі ініцыятыўных групаў патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты. У параўнаньні зь мінулымі парлямэнцкімі выбарамі значна вырас адсотак адмоваў у рэгістрацыі. Незалежныя назіральнікі зьвязваюць гэта з адміністрацыйным ціскам уладаў. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла, што падтрымлівае пажаданьне ўладаў правесьці выбары ў адзін тур: “Я хацела б, каб яны прайшлі ў адзін тур. Уявіце, наколькі скароціцца мая праца”.

Колькасьць зарэгістраваных ініцыятыўных групаў — 555 — яшчэ можа нязначна вырасьці. 20 жніўня Цэнтарвыбаркам будзе разглядаць чарговыя дзесяць скаргаў асобаў, якім акруговыя камісіі адмовілі ў рэгістрацыі. У параўнаньні зь мінулымі парлямэнцкімі выбарамі 2000 году, якія апазыцыя байкатавала, колькасьць вылучаных ініцыятыўных групаў істотна вырасла: з 488 да 635, аднак значна большы рост адмоваў у іх рэгістрацыі. Калі ў 2000 годзе было адмоўлена 13 ініцыятыўным групам, то сёлета ажно 74.

Прычынамі гэтых адмоваў, паводле старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, сталася ўключэньне ў склад групаў грамадзянаў бязь іх згоды, непаўнагадовы ўзрост некаторых сябраў групаў, няпоўныя зьвесткі ў пададзеных дакумэнтах ды іншае. Кіраўнік кампаніі незалежнага назіраньня Мікола Астрэйка галоўнай прычынай адмоваў у рэгістрацыі ініцыятыўных групаў назваў адміністрацыйны рэсурс і ціск на сябраў групаў, ад якіх патрабавалі, каб яны адмовіліся ад удзелу ў працы на карысць кандыдатаў-апанэнтаў цяперашняй улады.

(Астрэйка: ) “Назіральнікамі “Партнэрства” зафіксавана некалькі дзясяткаў выпадкаў такога ўціску на сябраў ініцыятыўных групаў: ад пагрозаў фізычнай расправы да пагрозы звальненьня, калі супрацоўнікі мясцовых органаў улады, выбарчых камісіяў і дзяржаўных прадпрыемстваў, дзе працуюць гэтыя сябры ініцыятыўных групаў, пагражалі ім усялякімі праблемамі ў тым выпадку, калі яны не адмовяцца ад удзелу ў ініцыятыўнай групе”.

Мікола Астрэйка назваў пачатак выбарчай кампаніі “не зусім свабодным і дэмакратычным”.

(Астрэйка: ) “Прадстаўнікі розных палітычных сілаў ня мелі роўных умоваў пры вылучэньні сваіх ініцыятыўных групаў. На дэмакратычнасьць выбараў гэта ўплывае адмоўна. Ужо відаць, што некаторыя аспэкты выбарчай кампаніі праходзяць цалкам несправядліва. Адмаўляюць ва ўдзеле ў выбарчай кампаніі вялікай колькасьці грамадзянаў з надуманых прычынаў”, — сказаў Мікола Астрэйка з грамадзкай ініцыятывы “Партнэрства”.

Старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына пацьвердзіла наяўнасьць скаргаў наконт ціску на сябраў групаў з боку ўладаў:

(Ярмошына: ) “Так, у нас ёсьць восем такіх скаргаў. Усе яны перададзеныя ў органы пракуратуры. Калі ёсьць падобная скарга — гэта ўжо абвінавачаньне ў зьдзяйсьненьні альбо адміністрацыйнага альбо крымінальнага ўчынку”.

Паводле Лідзіі Ярмошынай, сам Цэнтарвыбаркам падобнымі скаргамі не займаецца. Спадарыня Ярмошына сёньня зноў зазначыла, што хацела бы, каб парлямэнцкія выбары прайшлі ў адзін тур, і пераказала сябрам акруговых камісіяў пажаданьне А.Лукашэнкі на гэты конт. Але як рэаліст яна разумее, што працэс гэты залежыць ня толькі ад ЦВК.

Лідэр БСДП “Народная грамада” Мікола Статкевіч патлумачыў, што большасьць грамадзянаў, якія пад прымусам выйшлі з ініцыятыўных групаў ці напісалі заяву пра тое, што нібыта былі ўключаныя у іх нядобраахвотна, звычайна адмаўляюцца пісаць скаргі на дзейнасьць адміністрацыяў.

(Статкевіч: ) “Калі чалавек зламаўся, ён потым ужо не пацьвердзіць ціску. Хіба што ў прыватнай гутарцы раскажа. Калі ж напіша ў пракуратуру, што яго прымусілі, то гэта значна больш праблемна будзе для яго”.

Мікола Статкевіч паведаміў, што ў ягонай партыі колькасьць адмоваў у рэгістрацыі склала 30%, а па Віцебскай і Гарадзенскай абласьцях — да паловы вылучаных групаў. Прычыны тыя ж, што і ў іншых выпадках: ціск і запалохваньне асобных сябраў групаў.

Паводле зьвестак ЦВК, найбольш ініцыятыўных групаў дзеля збору подпісаў зарэгістравалі сябры АГП — 51, ад “Народнай грамады” зарэгістравана 35 групаў, ад Партыі БНФ — 32, па 21 групе — ад ПКБ і КПБ.
XS
SM
MD
LG