Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Алімпійскія мэдалі — тым, хто мае мацнейшыя нэрвы


Уладзімер Глод, Менск За чатыры дні Алімпіяды беларуская нацыянальная каманда не здабыла ніводнага мэдаля. Адной з асноўных прычынаў адмыслоўцы называюць недахоп псыхалягічнай надзейнасьці.

Адна з асноўных тэндэнцыяў апошніх гадоў — чым вышэйшы ўзровень спаборніцтваў, тым большую ролю адыгрывае псыхалягічная ўстойлівасьць. Некаторыя экспэрты мяркуюць, што беларускія спартоўцы гэтага не ўлічылі. Вось як, напрыклад, ацэньвае афінскую Алімпіяду старшы трэнэр нацыянальнай стралковай каманды Беларусі ў рэзэрве Аляксандар Майсееў:

(Майсееў: ) “Гэта — напружаньне па-за межамі магчымага. Пад гэтыя спаборніцтвы мусіць быць адмысловы тып спартоўца. Гэтая тая праблема, якой мусіць займацца навука, нават не тэорыя, а менавіта навука. Гэта праблема з праблем. На яе яшчэ ў савецкі час зьвярталі ўвагу, менавіта арыентуючыся на гэтую псыхічную надзейнасьць. Менавіта, улічвалі псыхічную надзейнасьць, калі адбіралі спартоўцаў на алімпійскія старты”.

Дырэктар Беларускага навукова-дасьледчага інстытуту фізкультуры й спорту Барыс Царыкаў таксама ставіць псыхалёгію на першае месца:

(Царыкаў: ) “Вынікі спартоўцаў настолькі шчыльныя, што менавіта псыхалягічная падрыхтоўка, так званая кропкавая гатоўнасьць у дакладна акрэсьлены дзень, дакладна акрэсьлены час старту й вызначае фактычна выхад на пярэдні край”.

Дырэктар інстытуту гаворыць, што псыхолягі былі гатовыя працаваць з кожным беларускім алімпійцам. Яшчэ паўгоду таму стварылі адмысловы цэнтар псыхалягічнай падрыхтоўкі. Але згоду на такое супрацоўніцтва далі ня ўсе — трыццаць спартоўцаў, з тых, што паехалі ў Афіны, увогуле не палічылі гэта неабходным.

Псыхалёгія, на думку трэнэра Аляксандра Майсеева, якраз і засталася па-за ўвагай пры камплектаваньні каманды стралкоў. Так, у Афіны ў апошні момант вырашылі не пасылаць Анатоля Кліменку, якога замяніў малады Юры Шчарбацэвіч. А менавіта Анатоль Кліменка і мог вызначыцца на гэтай Алімпіядзе, лічыць трэнэр Майсееў:

(Майсееў: ) “У Кліменкі ёсьць яшчэ такая ўнікальная здольнасьць — раскрывацца менавіта ў экстрэмальных умовах. Кліменка вельмі дрэнна выступае на шараговых спаборніцтвах. У яго не хапае гэткай супэрмабілізацыі рэзэрвавых магчымасьцяў арганізму. Але калі сытуацыя экстрэмальная... Уласна кажучы, чатыры гады таму на Алімпіядзе ў Сыднэі Кліменка пасьля асноўнага старту быў другім. І толькі ў фінале ён прайграў усяго 0,3 ачка спартоўцу, які заняў трэцяе месца”.

Дырэктар інстытуту, камэнтуючы гэты факт, гаворыць, што аналітычныя групы, у склад якіх уваходзяць і псыхолягі, давалі толькі свае парады. А апошняе слова пры фармаваньні камандаў заставалася за трэнэрамі. Але яны, лічыць Барыс Царыкаў, увогуле апынуліся па-за межамі псыхалягічнай падрыхтоўкі, што было відаць нават па тэлебачаньні:

(Царыкаў: ) “На сёньняшні дзень мы можам канстатаваць: псыхалягічная падрыхтоўка больш патрэбная трэнэрам, якія знаходзяцца побач са спартоўцамі. А шчыра кажучы, і наш навукова-дасьледчы інстытут, і дырэктарат нацыянальнай каманды, і цэнтар спартовай мэдыцыны, мабыць, якраз тут недапрацавалі”.
XS
SM
MD
LG