Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можа быць у Беларусі сярэдні заробак 250 даляраў?


Ігар Карней, Менск У часе нарады, на якой абмяркоўваўся прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцьця на 2005 год, Аляксандар Лукашэнка абвесьціў, што ўзровень сярэдняга заробку ў Беларусі мусіць дасягнуць 250 даляраў. Камэнтуючы гэтыя пляны, эканамісты й аналітыкі кажуць, што тэхнічна зрабіць падобнае можна. Але дзеля гэтага давядзецца пайсьці на непапулярныя меры. Якія?

Ці здольная беларуская эканоміка забясьпечыць скачок сярэдняга заробку ў краіне да 250 даляраў? Кіраўнік Саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў, эканаміст Георгі Бадзей лічыць: тэхнічна закласьці ў бюджэт можна любы заробак. Іншая справа, што дзеля гэтага запатрабуецца?

(Бадзей: ) “Зрабіць усю мэдыцыну і адукацыю платнай, камунальныя паслугі стоадсоткава ўскласьці на насельніцтва; скараціць колькасьць занятых (але — павялічыўшы беспрацоўе). Гэтым, сапраўды, можна павялічыць заработную плату адсоткаў на 30. Таму ўсё залежыць ад таго, якімі шляхамі й зь якіх крыніцаў гэта зьбіраюцца рабіць. Мы ўжо ідзем шляхам зьніжэньня грамадзкіх фондаў спажываньня: адукацыя ўсё больш і больш платная, мэдыцынскія паслугі амаль паўсюдна платныя. Нават даведку атрымаць у выканкаме, і за тое трэба плаціць. Хоць мы адлічваем падаткі дзеля таго, каб забясьпечыць дзяржаўным органам нармалёвую працу. Нам і цяпер не ўдакладняюць: коштам якіх крыніцаў гэта будзе дасягацца? А ставіць задачу падвысіць заробак да 250 даляраў — гэта ўжо пытаньне тэхнікі”.

Цяпер сярэдні заробак у Беларусі вагаецца ў межах 150–180 даляраў. Гэта не азначае, што такія грошы мае настаўнік ці лекар. Некаторыя катэгорыі (чыноўнікі розных ведамстваў, кіраўнікі прадпрыемстваў, міліцыянты) атрымліваюць у сярэднім 800 тысяч–1 мільён рублёў на месяц. Вяскоўцы ў найлепшым выпадку маюць 100 тысяч рублёў. Дарэчы, менавіта сельскім жыхарам падвышэньня заробкаў калі й можна чакаць, то ў апошнюю чаргу. Паводле адмыслоўца ў сельскай гаспадарцы акадэміка Івана Нікітчанкі, запазычанасьці калгасаў і саўгасаў дзяржаве складаюць 1 мільярд даляраў. А без пагашэньня даўгоў нічога ў сыстэме выплатаў ня зьменіцца.

(Нікітчанка: ) “Вёска цалкам стратная, запазычанасьці калгасаў і саўгасаў — болей за два трыльёны рублёў. Калі раскласьці на душу насельніцтва, атрымаецца каля 1 тысячы даляраў даўгоў на кожнага чалавека”.

(Карэспандэнт: ) “Іншымі словамі, неабходна расплаціцца па тых пазыках, а ўжо потым казаць пра нейкі дабрабыт?”

(Нікітчанка: ) “Натуральна. Абяцанка Лукашэнкі каштуе прыкладна столькі ж, колькі каштавала абяцанка Хрушчова, што ў 1980 годзе будзем жыць пры камунізьме. Гэта папулісцкае выказваньне да парлямэнцкіх выбараў, а потым — ён жа зьбіраецца яшчэ паспытаць шчасьця на трэці тэрмін! Калі нічога ня зьменіцца, калі ня будзе рэформаў, то, можа, гадоў дваццаць трэба чакаць зьменаў, а мо і болей. Але жаданьня праводзіць рэформы няма”.

Многія незалежныя эканамісты ня бачаць падставаў для рэзкага падвышэньня заработнай платы працаўнікоў дзяржаўнага сэктару. Калі толькі зноў не зьвярнуцца да непапулярных мераў.
XS
SM
MD
LG