Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Конкурс “Міс Беларусі-2004” мае на мэце адшукаць афіцыйны вобраз краіны


Ігар Карней, Менск Сёлетняму Нацыянальнаму конкурсу прыгажосьці нададзены высокі дзяржаўны статус. Адбор кандыдатак ладзяць асабіста кіраўнікі міністэрства культуры: міністар Леанід Гуляка курыруе Менск і сталічную вобласьць, а ягоны намесьнік Валеры Гедройц ацэньвае вартасьці берасьцейскіх прыгажуняў. Чаму мерапрыемствам, якое звычайна ў сьвеце зьяўляецца прэрагатывай людзей мастацтва, сёлета ў Беларусі займаюцца на ўрадавым ўзроўні?

Адказ, здаецца, ляжыць на паверхні: таму што фінальнае шоў будзе адбывацца ў Палацы рэспублікі, і на ім будзе прысутнічаць сам Аляксандар Лукашэнка. Іншая справа, пакуль можна толькі здагадвацца: навошта кіраўніку дзяржавы гэта спатрэбілася?

А тым часам, адборам дзяўчат дзеля ўдзелу ў конкурсе займаюцца ня толькі кіраўнікі міністэрства культуры. У часе апошняга кастынгу ў Менску у журы быў заўважаны і прадстаўнік самога Лукашэнкі – намесьнік адміністрацыі прэзыдэнта, куратар усёй ідэалягічнай вэртыкалі Алег Праляскоўскі. І гэтае высокае журы, як распавёў мне намесьнік міністра культуры Валеры Гедройц, ацэньвала ня толькі жаночыя парамэтры канкурсантак, але, зь веданьнем справы, спрабавала зразумець, ці зьяўляюцца прэтэндэнткі на беларускіх прыгажунь носьбіткамі галоўных рысаў нацыянальнага характару. І гэтакім чынам ў суладзьдзі цела і інтэлекту шукала вобраз краіны.

(Гедройц: ) “Заўсёды ўвага была міністэрства культуры да іх, і кіраўніцтва рэспублікі. Лічым, што гэта пошук ідэальнага маладога чалавека, дзяўчыны, якая б у сваім вобразе прадстаўляла б і вобраз нашай рэспублікі. Таму, напэўна, гэта вельмі важна. І апошнія крокі, якія зробленыя па добраўпарадкаваньню краіны, нашых вёсак, гарадоў, пошук чалавека, які б адпавядаў ідэалам нашым, усё гэта адно цэлае. Усё да гэтага складваецца, і конкурс прыгажосьці мае такую мэту: ня толькі правесьці сьвята здароўя, духоўнай прыгажосьці, але і адшукаць вобраз нашай краіны”.

Рэклямная кампанія конкурсу разьдзьмутая неймаверна, а значыць, выклікае самыя розныя меркаваньні. Прыкладам, эпатажны мастак Артур Клінаў, галоўны рэдактар часопіса “Партызан”, бачаньне прычынаў такой зацікаўленасьці з боку вышэйшых дзяржаўных асобаў выказаў так. (Клінаў: ) “Дзяўчыны ў Беларусі – гэта калясальны патэнцыял. І з гэтым патэнцыялам неяк жа сыстэмна трэба працаваць? Пакуль гэты патэнцыял выкарыстоўваюць іншым чынам – чорны бізнэс, продаж цела. Магчыма, дзяржава зразумела, што тут ёсьць тавар, які ў прынцыпе рэальна зьяўляецца экспартным і які можна нядрэнна прадаць… Я ня маю на ўвазе толькі за грошы прадаць. Прадаць можна і за маральныя дывідэнды. У гэтай справе могуць быць розныя формы прыбытку. На самой справе ў гэтай улады застаецца ня так шмат рэсурсаў і тавараў, якія яны яшчэ могуць прапанаваць, і таму нейкай сваёй лёгікай яны дацямілі, што гэта вось ёсьць тое, што яны яшчэ не прыватызавалі і на чым, у прынцыпе, можна зарабіць”.

Конкурсы прыгажосьці ўзьнікаюць і праводзяцца ў Беларусі дастаткова рэгулярна, але не з такою помпаю, як сёлета. Гэтым разам абвешчана, што прэтэндэнткі на карону мусяць быць ня толькі прыгожымі, але і разумнымі. Гэта я спраўджваў у намесьніка міністра культуры спадара Гедройца.

(Карэспандэнт: ) “Заяўлена было так: ня толькі прыгажосьць, ня толькі формы, але й інтэлектуальны ўзровень. Як вам здалося: зь інтэлектуальным узроўнем усё ў парадку?”

(Гедройц: ) “Вельмі складана за такі кароткі час даць адзнаку ня толькі зьнешняй прыгажосьці, але і інтэлектуальнаму ўзроўню кандыдатак. Мы імкнуліся пагутарыць зь імі, паслухаць, як яны свае думкі выказваюць, як яны бачаць гэты сьвет. І ўсё ж у гэтых адборачных турах мы болей увагі надаем зьнешнім, прыродным дадзеным. Астатняе будзе ў пэрыяд падрыхтоўкі, падчас заключных мерапрыемстваў будзем імкнуцца, каб усе гэтыя дадзеныя былі ў нашай абраньніцы”.

Дадатковыя кастынгі прэтэндэнтак на званьне “Міс Беларусі-2004” працягнутыя да канца жніўня. А таму працы ў кіраўнікоў краіны хопіць.
XS
SM
MD
LG