Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Барысаўскім раёне дбаюць найперш пра тое, каб забясьпечыць вадой гаспадарку, а потым ужо людзей


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускіх газэт

“Камсамольская праўда ў Беларусі” зьвяртаецца сёньня да алімпійскай тэматыкі. Карэспандэнт газэты дазваніўся ўчора да намесьніца міністра спорту й турызму Галіны Забур’янавай – яна лічыць, што правалам на сёлетняй алімпіядзе можна лічыць толькі выступ плыўчыхі Алены Попчанкі. Ва ўсялякім выпадку, спадарыня Забур’янава пра нерэальнасьць пляну на 25 мэдалёў не гаворыць. Зь ейных словаў, беларускія спартоўцы настроеныя на барацьбу й выкладуцца на ўсе сто адсоткаў. Інтэрвію з Галінай Забур’янавай можна прачытаць у сёньняшняй “Камсамолцы”.

Залатога бясхмарнага дзяцінства не існуе – гэта толькі літаратурнае клішэ. У дзяцей могуць быць свае, часам пакутлівыя праблемы, што атручваюць усё астатняе жыцьцё. Калі ў дарослых хопіць увагі, розуму й жаданьня, то шматлікіх няшчасьцяў у будучыні можна пазьбегнуць. Газэта публікуе адказы на пытаньні доктара-псыхатэрапэўта Ніны Сямёнавай у часе традыцыйнай “наўпростай лініі” “Камсамолкі”.

Сёньняшні “Курьер из Борисова” прысьвячае адзін з галоўных артыкулаў перадвыбарчай кампаніі. На 12 жніўня акружная камісія па Барысаўскай выбарчай акрузе №77 зарэгістравала пяць ініцыятыўных групаў, якія мусяць займацца зборам подпісаў за кандыдатаў, але ж потым у прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты пачаліся праблемы.

Сярод іншых матэрыялаў, якія можна прачытаць у сьвежым “Курьере из Борисова” – артыкул “Наш раён – не пустэльня”. Для Барысаўскага раёну праблема водазабесьпячэньня вёсак ужо працяглы час застаецца найбольш важнай. Так, у вёсцы Корсакавічы цягам двух месяцаў вада з кранаў ня ішла наагул, яе прывозілі раз на дзень у цэбры, зь якой пояць быдла. Але нядаўна ў рэдакцыю газэты пачалі тэлефанаваць жыхары іншых вёсак – там таксама праблемы з вадой. Кіраўнікі тамтэйшых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў дбаюць найперш пра тое, каб забясьпечыць вадой гаспадарку, а потым ужо людзей. Пра гэта можна прачытаць у сёньняшнім “Курьере из Борисова”.

Ці вернуць людзям “згарэлыя” банкаўскія ўклады – адказ на такое пытаньне шукаюць карэспандэнты “Вячэрняга Бабруйска”. Шмат хто з бабруйчанаў верыць у тое, што грошы, некалі разьмешчаныя ў савецкіх ашчадных банках, вярнуць можна. І газэта высьвятляе, наколькі такая вера абгрунтаваная.

Таксама бабруйская “Вячорка” друкуе артыкул “Вежа па начох сьпявае й скача”. “Вежай” паспаліты люд называе мясцовы сьледчы ізалятар, дык вось гэтая ўстанова на начох літаральна скача й сьпявае. І сьпявае, верагодна, настолькі гучна, што жыхары бліжэйшых дамоў нават зьвярнуліся са скаргай да кіраўніка краіны, каб ён спыніў беспарадкі. Пра што ж сьпявае “вежа”, можна прачытаць у “Вячэрнім Бабруйску”.
XS
SM
MD
LG