Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму да выбараў у Савет рэспублікі малая цікавасьць?


Алесь Дашчынскі, Менск Стартуе яшчэ адна палітычная кампанія – выбары членаў Савета рэспублікі. Адпаведны прэзыдэнцкі ўказ падпісаны, хаця ён яшчэ не паступіў у Цэнтрвыбаркам. Прэзыдыюмы раённых і гарадзкіх саветаў, а таксама мясцовыя выканкамы правядуць вылучэньне кандыдатур з 20 верасьня па 19 кастрычніка. А потым на сходах дэпутацкага корпуса кожнай вобласьці сэнатары будуць абірацца, як плянуецца, з 25 кастрычніка па 13 лістапада.

Не пазьней за 18 лістапада сьпісы абраных павінен зацьвердзіць Цэнтрвыбаркам. Кожная з абласьцей і Менск павінны абраць па 8 сэнатараў і яшчэ 8 прызначыць прэзыдэнт. Выступы кандыдатаў, агітацыя, галасаваньне і падсумаваньне вынікаў гэтых выбараў у кожнай вобласьці пройдзе на агульных паседжаньнях дэпутацкага корпуса раённых і гарадзкіх саветаў. Паводле сакратара Цэнтрвыбаркаму Мікалая Лазавіка,

(Лазавік: ) “Кандыдатаў можа быць неабмежаваная колькасьць”.

Але ці ёсьць шансы ў людзей, апазыцыйна настроеных да ўладаў, патрапіць у “верхнюю” палату? Вось меркаваньне экспэрта ў справе выбараў Сяргея Альфера:

(Альфер: ) “Паколькі склад саветаў быў вельмі сэлектыўна адабраны ўладамі падчас выбарчай кампаніі мінулага года ў мясцовыя саветы, то спадзявацца, што гэтыя людзі могуць вылучыць і прагаласаваць за таго чалавека, які адносіцца хоць якімсьці чынам да апазыцыі, немагчыма. Яны вельмі паслухмяныя і вельмі слухаюцца ўладаў. Такім чынам, магчымасьці, каб хоць адзін прадстаўнік апазыцыі быў у складзе Савета рэспублікі на сёньняшні дзень няма”.

Нездарма Савет рэспублікі параўноўваюць з “могілкамі, дзе ў ва ўсіх адно меркаваньне”. Магчыма, гэтым можна патлумачыць і стаўленьне да выбараў у “верхнюю” палату? Чыста функцыянальна абедзьве палаты фактычна нічым не розьняцца, бо знаходзяцца пад кантролем выканаўчай улады.

Сэнатар са стажам Мікалай Чаргінец быў прызначаны ў Савет рэспублікі прэзыдэнтам і мяркуе патрапіць сюды яшчэ на адзін тэрмін. Чым жа ён тлумачыць нізкую цікавасьць грамадзян да выбараў у “верхнюю” палату?

(Чаргінец: ) “Лёгка тлумачыцца. У сэнат выбары будуць пазьней. Потым, у палату большы ажыятаж, таму што там насельніцтва ідзе галасаваць. Гэта большая колькасьць выбарнікаў. А тут сэнатараў будуць абіраць недзе па паўтысячы дэпутатаў ад кожнай вобласьці”.

Іншае меркаваньне мае сацыёляг, дырэктар Інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Алег Манаеў.

(Манаеў: ) “Рэальны мэханізм фармаваньня Савета рэспублікі такі, што народ да гэтага не мае ніякіх адносінаў. Большая частка людзей упэўненая, што гэты орган фармуецца самой сыстэмай улады, перш за ўсё выканаўчай, а калі гэта так, то што тут торгацца, якія тут перамены могуць быць. Тут нічога ня будзе, усё ясна. Сьпісы будуць складзеныя ўладамі, выканаўчай “вэртыкальлю”, хутчэй за ўсё адміністрацыяй прэзыдэнта. Гэтыя людзі туды і пройдуць. Вось чым тлумачыцца адсутнасьць цікавасьці”.
XS
SM
MD
LG