Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дэпутат Менскага райсавету ад партыі БНФ Юрась Зянковіч аштрафаваны


Севярын Квяткоўскі, Менск

Судовы працэс у справе дэпутата Менскага раённага савету ад партыі БНФ Юрася Зянковіча распачаўся 17 жніўня. Міліцыя Савецкага раёну ў Менску вінаваціць Юрася Зянковіча ў непадпарадкаваньні супрацоўніку ДАІ. Інцыдэнт здарыўся ўвечары 21 ліпеня ля плошчы Бангалор, дзе апазыцыя ладзіла канцэрт-акцыю да дзесяцігодзьдзя кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі.

Сутнасьць абвінавачваньня ў тым, што Юрась Зянковіч адмовіўся адкрыць свой мікрааўтобус без адпаведнай санкцыі. Паводле сьведкаў, міліцыянты называлі розныя падставы затрыманьня - у падазрэньні ў фальшывасьці дэпутацкага пасьведчаньня, у несапраўднасьці яго нумарнога знаку на аўтамабілі.

У Савецкім райаддзеле міліцыі ў дэпутата гвалтам адабралі ключ ад машыны, зь якой канфіскавалі ўлёткі кааліцыі "Пяцёрка+". 17-га жніўня міліцыя вярнула Юрасю Зянковічу дэпутацкае пасьведчаньне. А ў судзе супрацоўнік дарожнай міліцыі зьмяніў паказаньне, маўляў, ён бачыў, як зь мікрааўтобуса дэпутата выпала адна з улётак, таму падставы для прагляду аўтамабіля былі законныя. З падобным сьведчаньнем дэпутат не пагадзіўся.

Судзьдзя Натальля Скугарева прысудзіла Юрасю Зянковічу штраф 5 базавых велічыняў.
XS
SM
MD
LG