Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства адукацыі й БДУ не стрымалі сваіх абяцаньняў, што далі студэнтам ЭГУ


Галіна Абакунчык, Менск Адміністрацыя Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту распачала прымаць заявы студэнтаў Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, зачыненага на загад Міністэрства адукацыі. Аднак студэнты адмаўляюцца падпісваць дамовы аб пераходзе ў БДУ, бо аплата навучаньня ў Белдзяржунівэрсытэце вышэй, чым у ЭГУ.

Падчас закрыцьця ЭГУ рэктар Васіль Стражаў і міністар Аляксандар Радзькоў паабяцалі бацькам і студэнтам, што памер аплаты ў Белдзяржунівэрсытэце застанецца на ўзроўні Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Аднак калі студэнты прыйшлі падпісваць адпаведныя дакумэнты, ім прапанавалі зусім іншыя ўмовы. Гаворыць студэнтка Аліса Сыракваша:

(Сыракваша: ) “У БДУ мне паведамілі, што кошт навучаньня ў БДУ будзе без аніякіх зьніжак і патлумачылі гэта загадам рэктара. Маўляў, нешта яны там пералічылі й цяпер прымушаюць плаціць болей — невядома за што”.

Дамовы пра перавод у Белдзяржунівэрсытэт студэнты ЭГУ мусілі падпісваць ад учорашняга дня і завершыць справу пераводу да 25 жніўня. Кіраўніцтва ЭГУ спадзяецца, што здолее ўлагодзіць гэтае пытаньне, аднак зьдзіўленае тым, што спадары Стражаў і Радзькоў не выконваюць сваіх жа абяцаньняў. Гаворыць дэкан Рыгор Мінянкоў:

(Мінянкоў: ) “Рэктар Стражаў афіцыйна заявіў пра тое, што студэнты будуць залічаныя з аплатай па факультэцкім тарыфе. І міністар Радзькоў у сваім інтэрвію сьцьвярджаў тое ж. Унівэрсытэцкі тарыф — гэта 800 умоўных адзінак за год. Але яны чамусьці зьмянілі сваё рашэньне й сталі выстаўляць студэнтам поўны тарыф — гэта 1200 умоўных адзінак. Я сказаў студэнтам пакуль не падпісваць ніякіх дамоваў. І я думаю, што тут ужо і студэнты й бацькі таксама павінныя паднімаць шум”.

Пракамэнтаваць праблему ў справе пераводу студэнтаў ЭГУ ў Белдзяржунівэрсытэце не знайшлося ахвотных. А вось што сказала кіраўніца ўправы Міністэрства адукацыі Галіна Хацішава:

(Хацішава: ) “БДУ было прапанавана, каб яны разгледзелі пытаньне прыёму студэнтаў, захаваўшы ранейшую аплату. Але прымусіць БДУ гэта зрабіць мы ня маем права. Яны — галоўны ВНУ ў нацыянальнай сыстэме адукацыі, таму й аплата там вышэйшая”.

Падчас сёньняшняга візыту ў Міністэрства адукацыі група бацькоў студэнтаў ЭГУ запатрабавала выканаць абяцаньні міністра, але чыноўнікі візытэрам адмовіліся чымсьці дапамагчы.
XS
SM
MD
LG