Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія назвы вуліцаў падабаюцца магілёўцам?


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Найбольш вядомае перайменаваньне вуліцаў у Магілёве, якое адбылося апошнімі гадамі з ініцыятывы ўладаў, — зьяўленьне вуліцы імя Мікалуцкага, старшыні абласнога камітэту дзяржкантроля, ахвяры гучнага забойства.

Зусім нядаўна ў Магілёве зьявіліся вуліцы імя героя абароны Магілёва Бакуніна і горада-пабраціма Клайпэды, ураджэнцаў Магілёўшчыны пісьменьніка Чыгрынава і кінарэжысэра Турава. Між тым, вяртаньня вуліцам гістарычных назваў так і не адбылося, і цэнтральная пешаходная вуліца ў Магілёве засталася Ленінскай, хоць там і зьявілася шыльда пра тое, што яна называлася да саветаў Вялікай Садовай.

На вуліцах зь якімі назвамі хацелі бы жыць магілёўцы — пра гэта я распытвала мінакоў на вуліцах абласнога цэнтру:

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, на вуліцы зь якой назвай вы хацелі бы жыць?”

(Спадар: ) “На вуліцы з назвай Віленская. Я і жыву побач зь ёй, проста яна цяпер завецца імя Лазарэнкі, але я яшчэ памятаю, калі мае бацькі й бабуля казалі: “Віленская, на Віленскай...” Памятаю і люблю гэтую вуліцу”.

(Спадар: ) “Нешта простае. Садовая, Лясная — бліжэй да прыроды”.

(Спадар: ) “Сьветлая, Летняя, Лёгкая. Весялей бы жылося. Раней на вуліцы Леніна, можа, больш любілі, а цяпер хочацца чаго-небудзь больш сьветлага і новага”.

(Спадар: ) “Калі шчыра, асаблівых жаданьняў няма. Якая розьніца, як называецца?”

(Спадарыня: ) “На вуліцы зь якой назвай? Я пра гэта і ня думала. Абсалютна абыякава. Галоўнае — дзе яна, а не якая назва”.

(Спадар: ) “Мне падабаецца больш жыць на вуліцах з тымі назвамі, якія проста нясуць у сабе нейкі эстэтычны сэнс, не пераўтвараюцца ў вуліцы нейкіх ідалаў”.

(Спадарыня: ) “Ня ведаю, гэта гісторыя. Як ня памятаць сваёй гісторыі? Якая б яна ні была — дрэнная альбо добрая, ці ня праўда?”

(Спадар: ) “У нас усё жыцьцё нешта мяняюць. А ці будуць далей мяняць, хто яго ведае. А ў прынцыпе, ня трэба. Трэба памятаць, што з намі было калісьці”.

(Спадарыня: ) “Канечне, гэта добра — Дзімітрава, Міронава. Усё гэта мы памятаем, але лепей рабіць нейкія памятныя мясьціны. А вуліцы павінны называцца так, каб людзі, калі яны прыходзяць на сваю вуліцу, неяк адпачывалі. Там, дзе ты жывеш”.

(Спадарыня: ) “Сёньня столькі ўсяго, столькі палітыкі, няхай будзе больш прыгожага — у мяне вось такое меркаваньне”.

(Спадар: ) “Абсалютна няма розьніцы. Толькі б гэта добра гучала. Любыя прыстойныя словы. Каб не ламаць потым коп’яў, я бы даваў нэўтральныя назвы, не зьвязаныя зь людзьмі, якіх могуць альбо зьняславіць альбо ўзьнесьці куды-небудзь”.

(Спадар: ) “Ёсьць, напэўна, і цяпер спартоўцы з Алімпійскіх гульняў…”

(Карэспандэнтка: ) “Калі заваююць мэдалі…”

(Спадар: ) “Нічога, чацьвертае месца для магілёўца таксама нядрэнна, штангіста. Ну, ёсьць дастойныя людзі — калі іх прозьвішчамі назавуць вуліцы, нядрэнна будзе”.

(Спадар: ) “Толькі не Лукашэнкі. Дрэнна да яго стаўлюся”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG